Беларускі дыпламат наведаў МЗС Польшчы: «Я не магу зараз даваць ніякіх каментароў»


Польскі ж МЗС наадварот – пракаментаваў візіт беларускага дыпламата.

Каля 22:30 па варшаўскім часе Аляксандр Часноўскі, саветнік-пасланнік па гандлёва-эканамічных пытаннях Амбасады Беларусі ў Польшчы выйшаў з будынку МЗС Польшчы. Што менавіта абмяркоўвалася ў МЗС, пра што была размова, дыпламат не адказаў.

«Я не магу зараз даваць ніякіх каментароў. Дзякуй вялікі», – адказаў коратка спадар Часноўскі на пытанні журналіста «Белсату».

Каля МЗС Польшчы журналісты чакаюць выхаду саветніка-пасланніка Амбасады Беларусі ў Польшчы Аляксандра Часноўскага. 23 сакавіка, Варшава.
Фота: Белсат

Нагадаем, 23 сакавіка Анджэліка Борыс, старшыня Саюзу Палякаў у Беларусі, была затрыманая ў Горадні. У міліцыі кажуць, што яе затрымалі ў межах адміністрацыйнага працэсу. Спадарыню Борыс пакінулі за кратамі да суду. Судзіць яе будуць за правядзенне «Гарадзенскіх Казюкоў» – традыцыйнага кірмашу рамёстваў, арганізаванага Саюзам палякаў.

МЗС Польшчы на сваёй старонцы пракаментавала візіт беларускага дыпламата.

«МЗС выказвае сваю нязгоду з затрыманнем беларускімі службамі Анджэлікі Борыс, старшыні Саюзу палякаў Беларусі. Вечарам саветніка-пасланніка беларускай Амбасады выклікалі ў МЗС Польшчы. Прадстаўнік беларускай дыпламатыі атрымаў недвухсэнсоўнае паведамленне пра тое, што дзеянні беларускіх уладаў супярэчаць міжнародным абавязкам Беларусі па абароне нацыянальных меншасцяў і двухбаковым польска-беларускім абавязкам па абароне польскай меншасці. Дзейнасць Саюзу палякаў у Беларусі накіраваная на пашырэнне польскай культуры і традыцый, падтрыманне польскай адукацыі і вывучэнне польскай мовы. Арышт Анджэлікі Борыс, абранай некалькі дзён таму на новы тэрмін, раўназначны выгнанню польскасці і не толькі ўплывае на добрыя адносіны з Польшчай, але і ўплывае на традыцыйны мульцікультуралізм. Мы заклікаем як мага хутчэй вызваліць старшыню Саюзу палякаў Беларусі і пакласці канец адвольным пераследам прадстаўнікоў польскай меншасці»

ВЯ Belsat.eu

Стужка навінаў