Арышты, прафілактычныя гутаркі, вайсковыя зборы і бацькоўскія сходы. Як улады рыхтуюцца да Дня Волі


Даведка

25 сакавіка беларусы адзначаюць 103-я ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Грамадзянская супольнасць рыхтуецца да акцыяў. У сваю чаргу ўлады робяць усё, каб запалохаць людзей і не даць ім сабрацца.

Сёлета ўлады не даюць дазволу на акцыі, прымеркаваныя да Дня Волі. У шэрагу рэгіёнаў: Менску, Пінску, Магілёве – заяўнікі атрымалі адмовы. У Магілёве ініцыятара святкавання выклікалі ў пракуратуру.

Заяўку на мітынг у Магілёве накіроўваў Раман Давыдаў. У выніку актывіста выклікалі ў пракуратуру, дзе пыталіся, навошта гэты мітынг: на ім жа можа здарыцца нешта накшталт боек, забойстваў, згвалтаванняў?

Запалохванне рабочых

У Мазыры ранкам 23 сакавіка сілавікі прыйшлі да тых працаўнікоў мясцовага НПЗ, якія вылучаюцца актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Візіты міліцыянтаў завяршыліся затрыманнямі, ператрусамі ды выманнем камп’ютараў, у некаторых забралі нават смартфоны дзяцей.

Вядома, што ў дачыненні затрыманых склалі адміністратыўныя пратаколы, але за якое правапарушэнне – не паведамляюць.

Аб’ектыў
Дзень Волі можа адбыцца без масавых імпрэзаў
2021.03.22 22:24

Узяліся таксама і за рабочых МТЗ. Завадчанаў, якіх раней судзілі паводле «народнага артыкулу» 23.34, выклікаюць на прафілактычную размову. «Гутарыць» з працоўнымі будзе ідэолаг, працаўнік КДБ і нават следчы!

Працаўнікі МТЗ паведамляюць, што суботу 27 сакавіка на заводзе зрабілі працоўнаю. Рабочым забаранілі на 25–27 сакавіка пісаць заявы на адпачынак за свой кошт.

У школах раптоўна збіраюць бацькоў на сходы

У шмат якіх школах Беларусі 25 сакавіка настаўнікі ладзяць бацькоўскія сходы. Адметна, што раней, праз каронавірус, ад правядзення сходаў адмаўляліся.

Запалохванне перад Днём Волі. Сакавік 2021. Фота ад чытачоў Белсату
запалохванне, Дзень Волі, сакавік, 2021
Запалохванне перад Днём Волі. Сакавік 2021. Фота ад чытачоў Белсату
запалохванне, Дзень Волі, сакавік, 2021

Студэнтаў зачыняюць у інтэрнатах

Кіраўніцтва ВНУ на 25–26 сакавіка абвесціла суботнікі ды педсаветы.

Студэнты БДУ паведамляюць, што сёння некаторых навучэнцаў запрашаюць на сустрэчу з пракурорам з Маскоўскага раёну Менску. На сустрэчы пракурор нібыта будзе распавядаць пра змены ў КаАП. Вядома, што выклікаюць пераважна тых, хто мае заўвагі за акцыі ва ўніверсітэце, або тых, каго раней судзілі паводле адміністратыўных артыкулаў.

«Намеснік дэкана ў выхаваўчай працы Бакун Ганна Станіславаўна выклікае мяне і яшчэ некалькі знаёмых заўтра на геафак а 15:00 на размову з пракурорам Маскоўскага раёну». Вядома, што з юрфаку «запрашаюць» накіраваць на «правільны шлях» 5 студэнтаў. Паступаюць такія звесткі і ад студэнтаў іншых факультэтаў.

Паведамленні пра сустрэчу распаўсюджваюцца старастамі ды куратарамі групаў. Фармулюецца гэта як «запрашэнне», а значыць, мерапрыемства неабавязковае. Падкрэсліваем, што гэтыя прафілактычныя гутаркі не абавязковыя і перарываюць навучальны працэс. Вы маеце поўнае права не прысутнічаць на такіх мерапрыемствах.

Hавiны
Забарона на святкаванне Дня Волі і спроба кантраляваць інтэрнэт. Галоўныя падзеі ў малюнках
2021.03.22 15:06

Тэлеграм-канал «Студэнцкая думка» апублікаваў загад кіраўніцтва ВНУ, паводле якога студэнтаў БНТУ да 22.03 азнаёмяць з арт. 24.23 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»). «Знаёміць» з артыкулам будуць у прымусовым парадку. Тых, хто адмовіцца паставіць свой подпіс, занясуць у спіс, які трапіць да прарэктара Захарэвіча. І гэта нягледзячы на тое, што студэнты не абавязаныя падпісваць такога кшталту дакументы.

Фота: Tэлеграм-канал «Студэнцкая думка»

Таксама з 19.03 да 29.03 у БНТУ з’явяцца студэнты-дружыннікі. Яны будуць кантраляваць уваходы ў карпусы і інтэрнаты ўтрох.

Тэлеграм-канал «Отчислено» паведамляе, што цягам двух тыдняў дапускаць у некаторыя корпусы ВНУ будуць толькі тых, хто атрымае на гэта пісьмовы дазвол асабіста ад прарэктара.

Фота: Тэлеграм-канал «Отчислено»

Раптоўныя вайсковыя зборы

Улады краіны абʼявілі раптоўныя вайсковыя зборы і збіраюць мужчынаў ад 25 да 50 гадоў.

Паводле тэлеграм-каналу «Баранавічы Свабодныя», у Баранавічах тэрмінова забіраюць у партызаны малодшы камандзірскі склад. Мужчынам міліцыянты разносяць позвы з патрабаваннем прыбыць цягам нават гадзіны. Шмат каму раней тэлефанавалі з ваенкамату. Вядома, што ў панядзелак сабралі два аўтобусы баранавіцкіх мужчынаў. Два аўтобусы прыгналі да ваенкамату і 23 сакавіка.

Вайсковыя зборы. Фото: mil.by

Тэлеграм-канал @belhalat_by паведамляе, што праз вайсковыя зборы выдаваць лісты непрацаздольнасці мужчынам ва ўзросце 25–50 гадоў будуць толькі праз лекарска-кансультацыйныя камісіі. А ў Менскім гарадскім клінічным псіхіятрычным дыспансеры мужчынаў ад 25 да 50 забаронена нават шпіталізаваць.

«Калі вельмі трэба, каб хто трэба да 25 сакавіка апынуўся на вайсковых зборах», – пішуць стваральнікі каналу.

Арышты і выклікі ў РАУС

Паліну Шарэнду-Панасюк выклікалі на прафілактычную размову ў міліцыю, але жанчына прыйсці на яе не зможа… бо больш за 2,5 месяца застаецца пад вартай.

«Міліцыянт патэлефанаваў маці Паліны на нумар, якім мая жонка даўно не карысталася. Гэты нумар ведалі толькі ў садку, куды ходзіць наш сын. Мне стала вядома, што міліцыянты ходзяць па садках і школах і бяруць нумары з бацькоўскіх чатаў», – распавёў «Белсату» Андрэй Шарэнда, муж Паліны.

Міліцыянты абтэлефаноўваюць берасцейцаў і выклікаюць іх на прафілактычныя гутаркі ў РАУСы.

Сям’я Шарэндаў. Фота з сямейнага архіву

Адметна, што па ўсёй краіне ўчастковыя наведваюць асобаў, якіх раней судзілі паводле арт. 23.34, і прапаноўваюць паехаць у РУУС на прафілактычную размову.

«Прэвентыўная размова, бо да вас ёсць пытанні». Здзівіліся, калі я запатрабаваў позву, сказалі, што шмат хто добраахвотна едзе. Сказалі, што дашлюць мне поштаю», – напісаў чытач «Белсату».

У Віцебску міліцыянты прыязджаюць дадому і на працу да тых, хто быў заўважаны на акцыях пратэсту, і ўручаюць асабіста позвы на апытанне ў РАУСе, але не паведамляюць, у якой справе. Цікава тое, што ўсе мусяць зʼявіцца 25 сакавіка а 10:00. Таксама міліцыянты ўручылі позву настаўніцы беларускай мовы Таццяне Вішнеўскай. Яна збіраецца правесці лекцыю па гісторыі Беларусі ў РАУСе.

Раней у пракуратуру выклікалі рэдактараў берасцейскіх сайтаў. Рэдактар парталу «Виртуальный Брест» Андрэй Кухарчык распавёў, што падпісаў паперу, што не будзе заклікаць да ўдзелу ў акцыях пратэсту і не будзе браць удзелу ў іх сам. Кухарчык паведаміў «Белсату», што падпісаў гэтую паперу, бо заклікаць да пратэстаў не намерваўся.

Андрэй Кухарчык
Фота: racyja.com

У пракуратуру 19 сакавіка выклікалі і галоўнага рэдактара выдання «Брестская газета» Віктара Марчука.

Перабоі з інтэрнэтам і рассылкі ў сеціве

На працягу апошніх некалькі дзён беларусы заўважылі праблемы з доступам у інтэрнэт, на асобныя сайты і сэрвісы. Адметна, што інтэрнэт працуе без перабояў пры выкарыстанні VPN.

Напярэдадні рэдакцыя інтэрнэт-выдання «Onliner» мусіла апраўдвацца, бо не рассылала папярэджання пра ўзмацненне адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях.

У сваю чаргу Святлана Ціханоўская апублікавала відэазварот да Дня Волі, у якім заклікала беларусаў узяць будучыню краіны ў свае і рукі ды «выйсці гэтаю вясной».

Hавiны
Улады адмовілі арганізатарам Дня Волі з прычыны каронавіруса
2021.03.22 13:52

СК belsat.eu

Стужка навінаў