227-ы дзень пратэстаў. Новыя палітвязні, затрыманне Борыс і арышт Зінгмана


Belsat.eu падводзіць вынікі 23 сакавіка – 227-га дня супрацьстаяння грамадства і ўладаў.

Затрыманне Анджэлікі Борыс

У Горадні 23 сакавіка затрымалі старшыню Саюзу палякаў Анджэліку Борыс. Сілавікі забралі Борыс з яе кватэры і звезлі ў Ленінскі РАУС.

Кіраўніца СПБ Анжаліка Борыс

Афіцыйны прадстаўнік УУС Гарадзенскага аблвыканкама Ігар Белазёраў заявіў, што супраць яе распачаты адміністратыўны працэс:

«Нагодай для пачатку адміністратыўнага працэсу паслужылі пэўныя дзеянні, учыненыя некалькі дзён таму. Яны ўтрымліваюць прыкметы адміністратыўнага правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 24.23 КаАП РБ «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў».

Увечары стала вядома, што Борыс застанецца за кратамі да суду. Судзіць яе будуць за правядзення «Гарадзенскіх Казюкоў» – традыцыйнага кірмашу рамёстваў, арганізаванага Саюзам палякаў.

Затрыманне Борыс адбылося на фоне дыпламатычнага скандалу паміж Варшавай і Менскай і істотнага пагаршэння двухбаковых стасункаў. Раней сілавікі затрымалі ў межах крымінальнай справы аднаго з сузаснавальнікаў «Польскай школы» Аляксандра Н. і дырэктарку школы Ганну Панішаву.

Новыя палітвязні

Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітвязнямі яшчэ 10 чалавек:

  • Уладзімір Малахоўскі – (асуджаны на тры з паловай гады пазбаўлення волі па арт. 364 КК);
  • Іван Ракіць – (асуджаны на два з паловай гады пазбаўлення волі па арт. 363 КК);
  • Мікіта Кочур – (асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі па арт. 363 КК);
  • Андрэй Расулаў – (асуджаны на тры гады пазбаўлення волі па арт. 363, ч.1 арт. 342 КК);
  • Сяргей Бекарэвіч – (асуджаны на два з паловай гады пазбаўлення волі па арт. 364, ч.1 арт. 342 КК);
  • Віктар Шмігельскі – (асуджаная на два з паловай гады пазбаўлення волі па арт. 364, ч.1 арт. 342 КК);
  • Ілля Патрушаў – (асуджаны на два з паловай гады пазбаўлення волі па арт. 364, ч.1 арт. 342 КК);
  • Андрэй Шаўчук –(асуджаны на два з паловай гады пазбаўлення волі па арт. 364, ч.1 арт. 342 КК)
  • Уладзіслаў Усцін –(асуджаны на тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу па арт. 364 КК, накіраваны для адбыцця пакарання);
  • Вадзім Луковіч –(асуджаны на два гады пазбаўлення волі па арт. 218, 364, ч.1 арт. 342 КК).

Цяпер у Беларусі афіцыйна прызнаныя палітвязнямі 298 чалавек.

23 сакавіка таксама стала вядома пра новыя выпадкі палітычнага пераследу. Прэс-служба МУС апублікавала інфармацыю пра новую крымінальную справу ў дачыненні двух працаўнікоў «Белтэлекому», а таксама пра затрыманне 34-гадовага жыхара Віцебску за стыкер з бел-чырвона-белым сцягам, які ён наляпіў на міліцэйскі аўтамабіль. У кватэры мужчыны ГУБАЗіК правёў ператрус, падчас якога нібыта былі знойдзеныя дымавыя шашкі, піратэхніку, самаробныя рагачы, пратэставую сімволіку і муляжы гранат. На якой падставе праводзіўся ператрус у кватэры мужчыны і які закон ён парушыў, наляпіўшы стыкер, – не паведамляецца.

Hавiны
У ГУБАЗіКу распавялі пра новыя палітычныя арышты і крымінальныя справы
2021.03.23 19:52

Не спыняецца палітычны пераслед і ў адміністратыўным парадку. Жыхар Валожына атрымаў 15 содняў арышту за чырвоную паласу на гаражы – міліцыя і суд палічылі гэта несанкцыянаваным пікетам. Пасля суда да мужчыны дадому прыхалі камунальнікі і зафарбавалі чырвоную палоску на гаражы ў шэры колер.

Hавiны
Жыхар Валожына атрымаў 15 содняў арышту за чырвоную паласу на гаражы
2021.03.23 16:02

Арышт Зінгмана

Шэйман і Зінгман у Харарэ, верасень 2018 года. Фота – @ZBCNewsonline

У Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга быў затрыманы Аляксандр Зінгман – набліжаны да Віктара Шэймана бізнесовец, які займаецца пастаўкамі беларускай прамысловай тэхнікі ў Афрыку. Паводле неафіцыйных звестак, Зінгман таксама датычны да гандлю зброяй, хаця самі бізнесовец усё адмаўляе.

Аляксандр Зінгман быў арыштаваны кангалезскай паліцыяй у горадзе Любумбашы (Lubumbashi) у сераду, 17 сакавіка, пасля сустрэчы з былым прэзідэнтам ДРК Жазэфам Кабілёй (Joseph Kabila Kabange). Па інфармацыі мясцовых СМІ, бізнесовец нібыта праводзіў перамовы аб продажы зброі экс-прэзідэнту, стасункі якога з дзейнай уладай вельмі напружаныя.

Аляксандр Зінгман – гэта ключавая асоба ў дачыненнях Беларусі і Зімбамбвэ. Менавіта гэты чалавек рэгулярна з’яўляецца на фотаздымках з беларускімі дэлегацыямі ў Харарэ і з афрыканскімі партнёрамі – у Беларусі. У зімбабвійскіх медыях яго называюць то «выбітным беларускім бізнесоўцам», то «дарадцам» Віктара Шэймана. Але ў інфапрасторы Беларусі пра бізнесоўца Зінгмана не было згадак, пакуль у студзені 2019 года той не зрабіўся ганаровым консулам Зімбабве ў Беларусі. Год таму «Белсат» апублікаваў вялікае расследаванне, прысвечанае Зінгману і стасункам Беларусі з Зімбабвэ.

Hавiны
Прыватны самалёт, Зінгман і ААЭ. Што застаецца за кадрам стасункаў Беларусі і Зімбабвэ?
2020.03.24 15:49

Палітычныя працэсы

Суд Фрунзенскага раёну Менску пачаў разгляд крымінальнай справы супраць перакладчыцы Вольгі Калацкай, якая дала поўху прапагандысту Рыгору Азаронку. Яна сваю віну прызнала: маўляў, была ўзрушаная, не захавала фізічных межаў. Здарэнне адбылося 15 лістапада падчас маршу памяці забітага Рамана Бандарэнкі.

Пачынаецца суд над Вольгай Калацкай.
Фота: АВ / Белсат

На судзе Азаронак падкрэсліў, што не мае прэтэнзіяў да абвінавачанай. Маўляў, ён не пакрыўджаны. Да таго супрацоўнік СТВ хадайнічаў аб спыненні крымінальнага пераследу Вольгі Калацкай. Аднак памочніца пракурора Валерыя Таратынка запрасіла пакаранне для Вольгі Калацкай у выглядзе абмежавання волі на 2 гады, без накіравання ў месцы абмежавання волі («хатняя хімія»).

У Берасці 23 сакавіка распачаўся разгляд крымінальнай справы супраць 14 пінскіх палітвязняў. Іх усіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» у ноч з 9 на 10 жніўня ў Пінску (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса).

На лаве падсудных – пінчукі ад 19 да 44 гадоў: муж і жонка, два сябра, актывіст Руху «За Свабоду», таксіст, у якога дагэтуль траўмы пасля збіцця сілавікамі. Пацярпелымі па справе выступаюць 109 міліцыянтаў, большасці якіх прычыненыя шкоды, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя. Некаторым пацярпелым па матэрыялах справы – «спрабавалі ўжыць гвалт». Усе, акрамя палітзняволеных Данііла Богната і Ігара Салаўяў, прызналі віну часткова. Данііл і Ігар віну не прызналі цалкам.

У судзе Фрунзенскага раёна Менска працягнуўся разгляд крымінальнай справы палітычнага зняволенага, дызайнера Дзмітрыя Кубарава, якога вінавацяць у арганізацыі «масавых беспарадкаў» (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса). Памочніца пракурора Аліна Касьянчык запрасіла для яго сем гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Прысуд па гэтай справе будзе агучаны заўтра.

Аб’ектыў
Два гады за дзве поўхі Азаронку?
2021.03.23 22:08

У судзе Першамайскага раёну Менску працягнуўся разгляд крымінальнай справы Віктара Сядова. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках у жніўні. Пракурор Зубко запытаў для Сядова 3 гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Прадстаўнік Дзярждэпартаменту пагутарыў з Макеем

Дарадца Дзярждэпартамэнту ЗША Дэрэк Шале 22 сакавіка пагутарыў з міністрам замежных справаў Уладзімірам Макеем пра сітуацыю ў Беларусі і цяперашні стан двухбаковых адносінаў паміж ЗША і Беларуссю.

У размове Шале звярнуў увагу міністра на неабходнасць неадкладнага вызвалення ўсіх без выключэння палітычных зняволеных у Беларусі, асабліва адзначыўшы тэрміновасць справы кансультанта радыё «Свабода» Ігара Лосіка.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту заявіў пра рашучае падтрыманне Злучанымі Штатамі прапаноў сапраўднага дыялогу з лідарамі пратэставага руху, вынікам якога мае быць правядзенне ў гэтым годзе свабодных і справядлівых выбараў пад міжнародным назіраннем.

Аб’ектыў
Захад патрабуе вызвалення палітвязняў, чыноўнікі Лукашэнкі шукаюць гітлераўцаў
2021.03.23 22:06

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў