Украіна адключыла імпарт беларускай электрычнасці. Што вядома


23 лютага ўкраінская нацыянальная энергетычная кампаніі «Укренерго» спыніла імпарт электраэнергіі з Беларусі. Пра гэта сведчаць звесткі на сайце прадпрыемства. Тлумачым, што адбываецца.

Экспарт і імпарт электраэнергіі Украінай 23 лютага. Крыніца: ua.energy

Паводле сайту «Укренерго», Украіна цалкам спыніла як экспарт, гэтак і імпарт не толькі з Беларусі, але і з усіх суседніх краін.

Раней кампанія паведамляла пра выпрабаванні ўкраінскай энергасістэмы ў адрыве ад энергасістэм Расеі, Беларусі і Еўрапейскага Звязу, які запланаваны на 24-26 лютага.

«Ізаляваная эксплуатацыя – гэта выпрабаванне, якое праводзіцца ў рамках падрыхтоўкі да сінхранізацыі Аб’яднанай энергетычнай сістэмы (ЕЭС) Украіны з кантынентальнай энергетычнай сістэмай ENTSO-E. Гэта прадугледжана Пагадненнем аб умовах будучага абʼяднання ўкраінскай і еўрапейскай энергетычных сістэм і павінна праводзіцца ў два этапы: зімой і летам», – паведамілі ва «Укренерго».

Паводле паведамлення кампаніі, часовае адключэнне энергасістэмы Украіны ад энергасістэмаў Беларусі і Расеі мусіла адбыцца менавіта 23 лютага.

«Вяртанне энергасістэмы Украіны да паралельнай працы з гэтымі энергасістэмамі запланавана на 27 лютага. З 24 па 26 лютага запланавана работа ўкраінска-малдоўскага рэгулятарнага падраздзялення ў ізаляцыі», – паведамлялі ў «Укренерго».

«Раз і назаўжды»?

Між тым 22 лютага ўкраінскі дэпутат Аляксей Ганчарэнка заявіў, што «Украіна павінна раз і назаўжды адключыцца ад энергасістэмы Расеі і Беларусі».

«Адключыце ўсе лініі электраперадачы і ніколі не вяртайцеся да адной лініі электраперадачы разам з агрэсарам. Замест 3-дзённага тэставага адключэння неабходна разарваць падключэнне да расейскай сеткі і паскорыць працу ўкраінскай энергасістэмы Еўразвязу», – заявіў ён.

Статыстыка

  • Беларусь у 2021 годзе была найбуйнейшым пастаўшчыком электраэнергіі ва Украіну. Паводле дадзеных «Укренерго», з Беларусі паступіла 69,5% імпартаванай ва Украіну электраэнергіі.
  • Усяго, у 2021 годзе абʼём імпарту электраэнергіі ва Украіну склаў 1693,6 млн кВт.гадз. Гэта 1,1% ад агульнага электраспажывання ў краіне.
  • У снежні 2021 года абʼём імпарту электраэнергіі вырас на 80,5% адносна лістападу. Яго абʼёмы перавысілі экспарт у 1,3 раза, што звязана з ростам імпарту з Беларусі (на 92,7%). У параўнанні са снежнем 2020 года імпарт у снежні 2021-га вырас у 3,4 раза за кошт паставак з Беларусі.
  • З 26 траўня па 1 лістапада 2021 года імпарту з Расеі і Беларусі не было праз абмежаванні Украінай даступнай прапускной здольнасці да 0 МВт.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў