«Посттраўматычны сіндром захоўваецца». Яраслаў Кот пра працу ў БДУ і перспектывы навукоўцаў за мяжою


Масавыя звальненні ва ўстановах культуры і адукацыі пачаліся напрыканцы 2021 года. Людзей рэпрэсавалі спісамі: і тых, хто толькі пачынае свой шлях у навуцы альбо юрыспрудэнцыі, і тых, каму зусім не шмат заставалася да пенсіі. І гэта ў першай і цягам дзесяцігоддзяў галоўнай і найбуйнейшай установе краіны – Беларускім дзяржаўным універсітэце.

Даведка

У сваім звароце на афіцыйным сайце гэтай ВНУ цяперашні рэктар Андрэй Кароль, прызначаны ўказам Лукашэнкі ў 2017 годзе, зазначае: «Наш універсітэт – унікальны. Тут сабраны аўтарытэтны і найлепшы прафесарска-выкладчыцкі склад, дзякуючы чаму ўніверсітэт займае першыя радкі ў папулярных міжнародных рэйтынгах сярод Беларусі і ўваходзіць у 2 % найлепшых універсітэтаў свету. Але самае галоўнае – БДУ пацвярджае сваю місію: быць гарантам поспеху!»

З гэтай установы былі звольненыя кандыдаты і дактары юрыдычных навук, знаныя юрысты. Год таму нацкаваныя ўзброеныя бандыты, якія называлі сябе міліцыянтамі, бязлітасна збілі выкладчыка-юрыста Яраслава Ката ў ягонай хаце, вынялі ўсю камп’ютарную тэхніку і з пагрозаю крымінальнай справы адправілі на Акрэсціна. Мужчына трапіў у чорныя спісы яшчэ з восені 2020 года, такім чынам, улады паўгода яго высочвалі. Ён адзіны, хто, нават двойчы трапіў у гэтак званыя «спісы юдаў». Пастаянна тэлефанавалі, пагражалі, ціск аказвалі. Але не зламалі.

Спадар Яраслаў сузаснавальнік Вольнага прафсаюзу БДУ і дагэтуль застаецца ягоным чальцом.

Яго збівалі нават на судзе ў Акрэсціна. Нібыта сведкі злачынства, якія абвінавачанага бачылі першы раз. Збівалі за пераканальны доказ таго, што яны хлусяць. 1 сакавіка летась дзякуючы шчаслівым абставінам Яраслаў вырваўся з кіпцюроў рэжыму і пераехаў у Польшчу. «Белсат» паразмаўляў з навукоўцам.

Былы выкладчык БДУ Яраслаў Кот. Крыніца: advisers.by

– Тое, што было год таму, цяпер згадваецца неяк?

– Усё, вядома, яшчэ засталося. Посттраўматычны сіндром захоўваецца. Мы пераехалі 1 сакавіка 2021 года, але фобія засела моцна: усё яшчэ гасцей не запрашаем, адрас не афішуем. З асабістай інфармацыяй стараемся вельмі акуратна абыходзіцца. Мая нявеста, бачыўшы на свае вочы ўвесь той жах, што адбываўся, калі ўварваліся ў нашую кватэру бандыты і мяне цягам доўгага часу жорстка збівалі, усё яшчэ пужаецца, калі хтосьці пройдзе па лесвіцы альбо пагрукаецца да нас. Ці нейкі чалавек доўга ходзіць пад акном. Усё яшчэ апасаецца праваахоўных органаў, нягледзячы на тое, што яны тут вельмі зычлівыя і дапамагаюць. Так і жытло абіралі – каб пад вакном было цяжэй хадзіць [усміхаецца].

Палякі – людзі добразычлівыя і вельмі ветлівыя, часта ідуць насустрач. Калі пераехалі амаль год таму, у прыярытэце было наладжваць быт. А праца з псіхолагам, медыцына адышлі на другі план – за выключэннем момантаў, якія былі абсалютна неабходныя. Неяк зусім рэзка мы сарваліся з месца, і абсалютна з нуля трэба было ўсё пачынаць. Дзякую Богу, пры дапамозе палякаў, а таксама калег з-за мяжы, якія мяне раней ведалі, цяпер маю стабільную працу, кантракты. Яшчэ я супрацоўнічаю з Офісам Святланы Ціханоўскай, шмат іншых актыўнасцяў маю. І гэта дазваляе не часта вяртацца ў мінулае. За кароткі час выпрацоўваюцца некаторыя рэфлексы, эмацыйныя такія яскравыя адбіткі, якія вельмі цяжка пераламаць, пераадолець у асэнсаванай рэакцыі. І ў многіх беларусаў так. Я чуў, ведаю – сустракаюся з людзьмі. На жаль, цэлая нацыя ў нас з траўматычнымі сіндромамі.

– А чаму выбралі Польшчу, а не больш блізкую Літву, ці Украіну?

– Ва Украіне ў мяне сваякі. Там мяне таксама ведаюць і калегі, я там суарганізатар буйных індустрыяльных канферэнцыяў. Але ў Польшчы сапраўды індустрыя моцная. Я, калі быў на Акрэсціна, то мая нявеста трымала сувязь з маімі польскімі калегамі, партнёрамі з кампаніяў, дзе мяне ведаюць, і яны неяк так арганізаваліся, арандавалі мне кватэру і проста перавезлі. Яны добра ведалі, што са мной адбылося, і Лізавеце, калі былі яшчэ ў Менску, даводзілася сілай утрымліваць іх ад нейкіх гучных дзеянняў, бо баялася, што калі яны падымуць большы шум, то гэта будзе небяспечна для мяне. Яна паставіла сабе задачу, каб я адтуль выйшаў, каб я выжыў там, і яна баялася, што калі падымецца вялізная шуміха вакол мяне, то мяне там сапраўды і заб’юць. Бо яна бачыла, як мяне затрымлівалі: збівалі, тапталіся – для яе гэта вельмі хваравітыя ўспаміны. І я ўзяў на сябе місію распавядаць усім пра той жах, які ўчыніў рэжым на маёй радзіме, усім калегам з індустрыі, якіх я тут спаткаў, распрацоўнікам гульняў, юрыстам, ва ўніверсітэтах, дзе я працую, і гэтак далей.

– А што такое юрыдычная этыка, адмыслоўцам у якой вы ёсць?

– Маім навуковым кіраўніком быў знакаміты крыміналіст Андрэй Васільевіч Дулаў. Ён распрацаваў прадмет, які і называецца юрыдычнай этыкай. Гэта акурат пра мараль, годнасць, сумленне, справядлівасць. Асноўныя этычныя катэгорыі для юрыстаў. Таму што яны найважнейшыя. І як рэалізоўваць сваю дзейнасць юрыстам, каб яна была максімальна эфектыўная і максімальна карысная для грамадства. Як не нашкодзіць. Акрамя таго, я яшчэ ўкараніў тэму «этычная псіхалогія» ў той прадмет. Там даюцца адказы на тое, чаму, якія сацыяльныя працэсы завязаныя. Бо права – гэта даччыны кірунак, то бок, права – гэта кадыфікаваная мараль. І таму гэты прадмет быў вельмі важны. На яго забыліся.

А ўвогуле этыка – шмат у чым універсальная як навука, і таму ўсе жорсткія рэжымы яе імкнуцца знішчыць. Вось камуністы, калі прыйшлі да ўлады, этыку прыбралі проста адразу, яе не было доўгія гады, і пачала яна паволі вяртацца з далечыні, праз шырму марксізму-ленінізму толькі пасля вайны. Гэтую дысцыпліну замянілі ідэалогіяй і падмянялі тэрмін, напрыклад, «справядлівасць» на «сацыялістычная справядлівасць». Але першапачатковыя тэрміны аб’ектыўныя, ім больш за дзве з паловаю тысячы гадоў, і яны завязаныя на заканамернасцях грамадства. Вось юрыдычную этыку скасавалі і ў нас. Я з 2004 года вывучаў канстытуцыйнае права розных краінаў з іх праблемамі і дасягненнямі рэалізацыі свабоды. Вядома, гэтую дысертацыю зарубалі з года ў год.

– І пры чарговым рэктару БДУ не стаў больш перспектыўны?

– Адназначна! Я ў другім пакаленні выкладчык юрфаку. Увесь юрыдычны факультэт як сям’я жыў, пры тым, што на юрфаку раней было менш за ўсё тых, хто падтрымаў перамены па ўсіх факультэтах. І не дзіўна: у нас жа там Васілевіч, Чупрыс, Камянкоў. Гэтыя ніколі супраць сістэмы не пойдуць. Але тыя, хто больш за ўсё падтрымаў, – людзі з дынастыі выкладчыкаў. Ды старой фармацыі адмыслоўцаў амаль не засталося. Цяпер новае пакаленне набіраюць, і ў іх нічога святога, ніякіх прынцыпаў, яны працуюць як наёмнікі проста. У нас намеснікі дэканаў былі ўсе вельмі маладога ўзросту. Некаторым нават і трыццаці гадоў не было, але яны актыўна і агрэсіўна паводзілі сябе. Дзякуй Богу, былі і годныя. Але яшчэ перад выбарамі нам прызначылі дэкана, якая ніколі не вучылася на юрфаку, і нават не доктар навук. Такое здарылася ўпершыню ў гісторыі! Гэта тое ж самае, што рэктарам стаў той, чыя нага раней ніколі не ступала ў БДУ. Адчуваеце, якая вялізная абраза! Як наўмысная! І ў нас намеснікі дэканаў таксама былі прызначаныя тыя, якія ніколі не вучыліся ў БДУ. Яшчэ пару маладых яны ўзялі нам дэканамі, якія збольшага працуюць як тэхнічны персанал.

– Як вам удалося выехаць пад такім наглядам?

– Мне пры ператрусе падкінулі самаробны паляўнічы патрон. Але з завядзеннем крымінальнай справы не спяшаліся. І склалі на мяне два адміністратыўныя пратаколы. Справа прытрымалася ў РУУС і не прыйшла своечасова ў суд, куды павінная была быць дастаўленая ў апошні дзень майго тэрміну на Акрэсціна. То бок, другі адміністратыўны пратакол не дайшоў. Гэта разарвала ланцужок, і мне ўдалося выйсці. Бо быў бы другі тэрмін 15 содняў – і далей абавязкова дайшло б да крымінальнай справы. Мне проста нейкім дзівам пашанцавала.

– А як дапамагчы тым выкладчыкам, навукоўцам, якія з’ехалі з Беларусі і вымушаныя шукаць сабе тут занятак?

– Гэта вельмі актуальнае пытанне, і мы займаемся ім апошнія некалькі месяцаў. Шмат цікавых людзей выехала, і нашая задача – працаваць ужо цяпер на будучае Беларусі, каб пачаць рыхтаваць суддзяў загадзя, каб яны стажаваліся ў розных краінах, каб прыехалі ўжо з досведам, каб можна было адразу ўсіх замяніць. Таму што суддзяў і пракурораў трэба мяняць у Беларусі абсалютна ўсіх!

Безумоўна, шмат залежыць ад таго, у якой галіне адмысловец гэты практыкуе, якія ў яго ёсць публікацыі і якія мовы ён ведае. Раней навуковец павінен быў абавязкова ведаць дзве замежныя мовы. А цяпер адну, так-сяк. Атрымаць стыпендыі можна. І студэнтам таксама. Я, напрыклад, толькі ў Офісе Святланы Ціханоўскай пабачыў выпадкова сярод іншых рэгаліяў запрашэнне на стыпендыю ВКЛ, у Віленскім універсітэце. І ніводнай заяўкі яшчэ не падалі. Стыпендыяў вельмі шмат, але пра іх не ведаюць. Трэба даведвацца, трэба пытацца. Мы запрашаем звяртацца да вольных прафсаюзаў, альбо ў страйкамы, дзе яны засталіся. Напрыклад, у наш прафсаюз БДУ, і мы будзем шукаць. Ёсць пры Офісе Ціханоўскай адмыслоўца, што адказвае за навуку, – Таццяна Шчытцова, доктар філасофскіх навук, прафесар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту. Той жа ЕГУ хоць і не гумавы, але і там новыя спецыяльнасці адкрываюць. Некаторых выкладчыкаў туды ўдалося ўжо ўладкаваць.

Таццяна Шчытцова, прафесарка філасофіі.
Фота: Белсат

Хоць з юрыстамі – складаней за ўсё, таму што юрыспрудэнцыя – навука, якая часта прывязаная да тэрыторыі. Але ўсім іншым адмыслоўцам можна і трэба шукаць магчымасці. Лепш за ўсё звязвацца з тымі, з кім спаткаўся, супрацоўнічаў на канферэнцыях. І разам паспрабаваць даведацца, ці ёсць якія вакансіі. Бо конкурсы рэгулярна вывешваюцца. Калі-нікалі можна на нейкія гранты падацца. Ёсць акрэсленае фундатарства розных краінаў, якое яны даюць канкрэтным ВНУ, што потым бяруць вас на працу. Ёсць таксама некалькі арганізацыяў. Ёсць такая міжнародная арганізацыя «Навукоўцы ў небяспецы». Для іх трэба сабраць пакет дакументаў. У арганізацыю ўваходзіць вельмі шмат універсітэтаў з усяго свету. Можна сабраць, пакуль вы яшчэ ў Беларусі, дакументы, і мы дадзім рэкамендацыі, суправаджальныя лісты. І я магу таксама рэкамендацыйныя лісты пісаць. Можна знайсці і іншых калег. Па-першае, абярыце ўніверсітэт, у якім вы хочаце працаваць альбо вучыцца далей. Трэба шукаць – і абавязкова будзеце запатрабаваныя!

Hавiны
У Менску затрымалі дацэнтку БДУ Ганну Курэйчык і былую выкладчыцу Таццяну Сініцу
2022.02.20 11:17

АП belsat.eu

Стужка навінаў