Паслухаць Гавэла: Захад не мае часу на ваганні


Ваганні Захаду з нагоды ўступлення Украіны ў NATO – гэта адкрытая магчымасць для Пуціна, каб выстаўляць далейшыя прэтэнзіі.

Даведка

Антоній Стырчуля – журналіст у мінулым, звязаны з радыё «Салідарнасць», радыё «Свабодная Еўропа», Польскім радыё і «Радыё для цябе». Стваральнік Інфармацыйнага агенцтва Польскага радыё. У 1996–1998 гадах – прэс-сакратар прэзідэнта Аляксандра Квасьнеўскага. PR-спецыяліст і акадэмічны выкладчык.

Яшчэ ўступленне Польшчы ў NATO суправаджалася перасцярогамі польскіх і заходніх палітыкаў, што яе прыняцце ў Альянс раздражніць Расею. Лічылася, што з Расеяй неабходна весці дыялог, каб развеяць страхі, нібыта пашырэнне можа паставіць пад пагрозу яе бяспеку. Ваганні Захаду ў гэтым пытанні імперскія сілы Расеі ўспрынялі як сігнал, што гэта яе сфера інтарэсаў. Тое самае адбылося і з Украінай, якая мае ідэнтычныя памкненні. Нерашучасць Захаду Уладзімір Пуцін інтэрпрэтаваў як слабасць заходняй палітычнай эліты, і таму зрабіў рашучыя крокі, каб гэтага не адбылося.

Палякі, і перадусім тагачасны прэзыдэнт Аляксандр Квасьнеўскі, не разглядалі пашырэнне Альянсу на Польшчу, Чэхію, Славаччыну і Вугоршчыну як гарантыю ад пагрозаў з боку Расеі. Падобнага меркавання трымаўся сярод іншых і Вацлаў Гавэл, тагачасны прэзідэнт Чэхіі.

Вацлаў Гавэл.
Фота: Белсат

На працоўнай сустрэчы ў Находзе 19 сакавіка 1996 года Квасьнеўскі падаў свайму суразмоўцу аргументы на карысць уключэння гэтых чатырох краінаў у NATO:

Уступленне ў NATO – вынік пэўнай логікі, пэўнай дынамікі ў стварэнні бяспечнай Еўропы. Важную ролю ў гэтым працэсе адыгрывае Расея. У расейцаў не павінна скласціся ўражання, што гэта крок, нацэлены на іхную бяспеку, бо расейскія эліты ставяцца да NATO як да плёну халоднай вайны, а імперскае мысленне расейскай эліты застаецца дадатковай перашкодай. Вызначальны крок – весці дыялог з Расеяй у гэтым пытанні, каб развеяць іх заклапочанасць.

Гавэл прытрымліваўся той жа пазіцыі адносна пашырэння, але ён вельмі крытычна ставіўся да нерашучасці Захаду, бо лічыў, што яна вынікае з празмернай пакорнасці Расеі.

Захад не хоча адназначна казаць, што гэта магчыма, бо гэта ўсё менш падабаецца Расеі. Ён вагаецца, каб не злаваць расейскага мядзведзя. Тым больш, што ў Расеі абуджаюцца імперскія амбіцыі. Імперскія сілы ў Расеі ўспрымаюць гэтыя ваганні як сігнал аб тым, што гэта сфера іхных інтарэсаў, – наўпрост заявіў ён. – Мы павінны звярнуцца да Захаду, каб NATO нарэшце выказала сваё рашэнне. Каб заявіла пра сябе не як пра абарону ад Расеі, а як пра дэмакратычны альянс з мэтай абароны свабоды дзяржаваў-чальцоў, якія маюць пры гэтым добрыя дачыненні з Расеяй.

Так што Гавэл пайшоў у размове нават далей, чым ягоны польскі партнёр. Ён сказаў, што асновай для таго, каб не варагаваць з Расеяй, ёсць «усталяванне партнёрскіх адносінаў Расеі і NATO». Перашкодай да гэтага, паводле яго, магла стаць «цяжкасць асэнсавання расейцамі таго, што пашырэнне адпавядае і іхным інтарэсам».

Час паказаў, што перасцярогі Гаўла былі абгрунтаваныя. Расея пры Пуціну хоча аднавіць СССР і рашуча выступае супраць уступлення Украіны ў NATO – нават фактычна патрабуе гарантыі ад Захаду, што такога не адбудзецца. Прамова прэзідэнта Расеі ў панядзелак паказала, што імперскае мысленне, якога так асцерагаўся Гавэл, застаецца імператывам пуцінскага мыслення, і ён ні перад чым не спыніцца, каб яго рэалізаваць. Нават коштам уварвання ва Украіну і кровапраліцця. Адны толькі санкцыі яго не спыняць – і тым больш туманныя дэкларацыі падтрымання Украіны.

Ваганні Захаду з нагоды ўступлення Украіны ў NATO – адкрытая магчымасць для Пуціна, каб выстаўляць далейшыя прэтэнзіі, таксама ў дачыненні краінаў, якія ўваходзяць ва ўсходні фланг Альянсу. Сёння – Украіна, заўтра гэта могуць быць Літва, Латвія, Эстонія і Польшча.

Антоній Стырчуля / belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў