«Мы бачым, як Лукашэнка прыніжаецца перад Пуціным». Сенатар ЗША Джын Шагін – у студыі «Белсату»


Сенатар ЗША Джын Шагін у студыі «Белсату» пракаментавала падзеі апошніх дзён, у прыватнасці прызнанне Расеяй «ДНР» і «ЛНР», а таксама надыходзячы «рэферэндум» у Беларусі.

З Джын Шагін размаўляў Вітаўт Сіўчык.

Джинн Шейхин, сенатор США, студия «Белсата»
Сенатар ЗША Джын Шагін у студыі «Белсату».
Фота: ВО / Белсат

– Дзякуй, што прыйшлі сёння да нас і прысвяцілі нам час. Мы ведаем, што Крэмль вырашыў прызнаць частку тэрыторыі Украіны незалежнымі дзяржавамі. Якой будзе рэакцыя Злучаных Штатаў на такія паводзіны?

– Неадкладнай рэакцыяй Злучаных Штатаў і большасці нашых саюзнікаў на Захадзе было асуджэнне дзеянняў Пуціна і Расеі. Мы адразу ж заявілі, што ніякі бізнэс не павінен весціся ў гэтых дзвюх аддзеленых абласцях. Таксама мы працуем з нашымі саюзнікамі над дадатковымі санкцыямі. Я была вельмі задаволеная, калі канцлер Нямеччыны абвясціў пра спыненне сертыфікацыі “Паўночнага патоку – 2”, які з’яўляецца пагрозай энернабяспецы ў Еўропе. Таму, я думаю, мы пабачым сур’ёзныя санкцыі, калі Пуцін працягне свой наступ на Украіну. Гэта цягнецца ўжо восем гадоў, тысячы ўкраінцаў былі забітыя. І усе: Захад, Еўропа, Польшча, Літва, краіны Балтыі, НАТО – павінны выступіць супраць таго, што адбываецца.

– Ці можна чакаць, што ў сувязі з паводзінамі Пуціна будуць задзейнічаныя наймацнейшыя санкцыі ў гісторыі, т.зв “маці ўсіх санкцый”? Альбо для такога моцнага адказу яшчэ няма нагоды?

– Я думаю, адказ будзе ўсё мацнейшым. Мы сочым за тым, што Пуцін будзе рабіць далей. Некаторыя аналітыкі сцвярджаюць, што гэта толькі пачатак далейшага ўварвання ва Украіну.

– Як вы думаеце, чаму Крэмль вырашыў пайсці на гэты крок менавіта цяпер? Можа, таму, што адчувае, што наступствы ягоных учынкаў будуць вельмі малыя?

– Калі ён сапраўды так думае, то ён пралічыўся. І гэта вельмі іранічна, бо мы бачым, што ягоныя словы моцна разыходзяцца з дзеяннямі. Пуцін кажа, што НАТО – гэта агрэсар, хоць мы ведаем, што гэта абарончы саюз. Пуцін кажа, што Украіна атакавала сепаратыстаў у аддзеленых абласцях, хоць мы ведаем, што гэта ягоных рук справа. І таму медыя, такія як гэтае, вельмі важныя – бо ад Пуціна і Расеі зыходзіць дэзінфармацыя. Ён намагаецца ілгаць – свайму ўласнаму народу, народу Беларусі, народу Украіны – пра тое, што насамрэч адбываецца. І нам важна казаць праўду, асвятляць рэальныя факты.

Джинн Шейхин, сенатор США, студия «Белсата»
Фота: ВО / Белсат

– Пуцін сказаў, што гістарычная Расея — гэта ўся тэрыторыя СССР. Гэта апраўданыя асцярогі ў суседніх з Расеяй краін, асабліва ў тых, хто не з’яўляецца часткай НАТО. Як і хто можа спыніць гэтую хвалю агрэсіі з боку Масквы?

– Вось чаму нам і нашым саюзнікам – ЕС, НАТО – вельмі важна выступаць супраць таго, што робіць Пуцін. Мы бачылі, што ён зрабіў у Грузіі ў 2008 – увайшоў і адабраў дзве вобласці, якія дагэтуль кантралююцца Расіяй, і людзі там не маюць свабод і магчымасцяў. Наступны крок – у 2014, ён забраў Крым і ўвайшоў на Данбас. Цяпер ён кажа, што збіраецца забраць Луганск і Данецк. І хто ведае, на чым ён спыніцца? Як усе дыктатары, ён разумее толькі мову моцы, і гэта адэкватны адказ на ягоныя дзеянні. Мы таксама бачым, што Пуцін робіць у Беларусі – перакідваючы туды 30 000 вайскоўцаў, кажучы пра размяшчэнне на яе тэрыторыі ядзернай зброі. І гэты рэферэндум – ён заяўляе, што беларускі народ зможа на ім прагаласаваць, але мы ведаем, што гэтае галасаванне не будзе справядлівым і свабодным. Мы ведаем, што выбары ў Беларусі ладзяцца так, каб перамог Лукашэнка, а не народ.

– Ці можна казаць пра Беларусь сёння, пры рэжыме Лукашэнкі, як пра незалежную дзяржаву? Ці мы проста расейскі спадарожнік?

– На вялікі жаль, яна зрабілася расейскім спадарожнікам. Мы бачым, як Лукашэнка прыніжаецца перад Пуціным у надзеі на чарговыя падачкі. Мы ведаем, што ён наўрад ці быў бы сёння пры ўладзе, калі б выбары 2020 года былі свабоднымі і справядлівымі. Пуцін выратаваў яго тады. Цяпер ён уводзіць войскі, і калі напачатку Лукашэнка казаў, што запытаецца ў Пуціна, ці яны пакінуць краіну, то цяпер гаворка пра гэта не ідзе, войскі застаюцца. Таму абсалютна відавочна, што Лукашэнка – марыянетка, і Уладзімір Пуцін цягне за ягоныя нітачкі.

– ЗША неаднаразова заяўлялі, што падтрымліваюць незалежнасць Беларусі. Як цяпер Вашынгтон можа дапамагчы беларускай грамадзянскай супольнасьці адстаяць незалежнасць нашай краіны?

– Мы павінны рабіць шмат чаго. Нам патрэбна працягваць падрымку тых, хто выказваецца супраць Лукашэнкі і таго, што адбываецца ў Беларусі. Гэта адна з прычын, па якіх я тут. Сёння, напрыклад, я сустракалася з некаторымі лідэрамі апазіцыі. На канферэнцыі па бяспецы ў Мюнхене была вялікая дэлегацыя з Кангрэсу ЗША, і там мы сустрэліся са Святланай Ціханоўскай. Мы размаўлялі з ёй пра тое, што можна зрабіць, каб падтрымаць высілкі апазіцыі. Таксама мы падтрымліваем высілкі па распаўсюдзе інфармацыі, у тым ліку тыя, што робіць ваш тэлеканал. І мы павінны працягваць гэта рабіць, каб быць пэўнымі, што людзі ў Беларусі маюць доступ да інфармацыі, што яны могуць самі выбіраць сваю будучыню. Менавіта так працуюць дэмакратыі: мы хочам, каб людзі маглі самі рабіць свой выбар.

– Некаторыя крытыкі санкцыйнай палітыкі лічаць, што санкцыі толькі ўзмацняюць залежнасць Лукашэнкі ад Расеі. Маўляў, Захад павінен размаўляць з дыктатарам, каб Беларусь заставалася незалежнай. Мы ведаем, што такім відам шантажу карыстаюцца міністры ўрада Лукашэнкі. Што вы можаце адказаць?

– Мы ведаем, што карупцыя – гэта вялізная праблема ў Беларусі, што Лукашэнка і яго атачэнне вельмі скарумпаваныя. І санкцыі вельмі важныя, бо гэта адзіны спосаб аказання ціску на ўрад. Яны не працуюць адразу ж, патрэбен нейкі час. Мы мацней, калі мы працуем разам, і таму ЗША намагаюцца працаваць з нашымі саюзнікамі ў Еўропе, з Польшчай, з НАТА, каб працягваць гэты ціск на Лукашэнку.

Джинн Шейхин, сенатор США, студия «Белсата»
Фота: ВО / Белсат

– Як вы ацэньваеце санкцыі, якія ўжо былі ўведзеныя супраць рэжыму Лукашэнкі? Ці лічыце вы іх эфектыўнымі?

– Паўтаруся, што санкцыям патрэбны час, каб пачаць працаваць. Нам трэба разглядзець магчымасці іх пашырэння, а таксама магчымасці ўвядзення адрасных, персанальных санкцый. Я была асабіста звязаная з увядзеннем санкцыяй Магніцкага, што былі скіраваныя на асобаў, адказных за пераслед юрыста, які намагаўся звярнуць увагу свету на тое, што адбываецца ў расійскім урадзе – і за гэта яго пасадзілі за краты, катавалі і забілі. І людзі, якія робяць такое, павінны ведаць, што за гэта прыйдзецца заплаціць. Калі мы адклічам візы тых лукашэнкаўскіх чыноўнікаў, якія хочуць ці паехаць на Захад, ці адправіць туды вучыцца дзяцей, ці купіць вілу, скажам, у Лондане – калі мы зробім усё гэта немагчымым, гэта створыць ціск, які прымусіць іх змяніць спосаб дзеяння.

belsat.eu

Стужка навінаў