«Мне падабаецца ідэя пра праваабаронцаў як абаронцаў айчыны». Вольга Шпарага пра мілітарызм і сэнс 23 лютага


Ці патрэбны нам адмысловы вайсковы дзень і каго віншаваць з Днём абаронца айчыны – пра гэта мы пагутарылі з філосафкай, удзельніцай фем-групы Каардынацыйнай рады, даследніцай в «Wissenschaftskolleg zu Berlin» Вольгай Шпарагай.

Вольга Шпарага.
Фота: Белсат

Цяпер у Нямеччыне сфармаваўся новы ўрад, які абвесціў фемінісцкі кірунак замежнай палітыкі. Раней такое ж рашэнне прыняў і ўрад Швецыі.

«Нямеччына заявіла, што будзе прапаноўваць і абараняць фемінісцкую замежную палітыку. Яна прадугледжвае новае разуменне таго, што такое сярод іншага і абарона айчыны. У цяперашнім свеце прыярытэтамі сталі мір і мэта яго дасягнення. І ў кантэксце забеспячэння міру ўзнікаюць пытанні кшталту такіх, калі аўтарытарныя дзяржавы могуць развязваць вайну – і мы маем прыкладаць усе намаганні для таго, каб перадухіліць канфлікт і вырашыць яго мірным чынам. Выкарыстоўваць усе дамоўленасці, каб абараніць краіны, што трапілі пад ціск агрэсараў, як цяпер адбываецца ва Украіне», – перакананая філосафка.

У цэнтры такой палітыкі – не дзяржавы, а людзі, правы чалавека, дыскрымінаваныя групы, жанчыны і дзеці.

«Ад ваенных канфліктаў цярпяць жанчыны і дзеці, якія вымушаныя міграваць ці застаюцца пад абстрэлам. І гэтая новая замежная палітыка Нямеччыны, і тыя тэндэнцыі, што мы сёння назіраем у іншых краінах, прадугледжвае, што мы чуем галасы ўсіх удзельнікаў і ўсіх сацыяльных групаў, а не толькі палітыкаў найвышэйшага ўзроўню», – падкрэсліла Шпарага.

Аналітыка
Чаму «абаронцы Айчыны» не ўсталі на бок беларускага пратэсту ў 2020 годзе?
2022.02.23 13:01

Яна адзначыла, што цяпер у Нямеччыне галоўнай тэмай стала пагроза вайны з боку Расеі на тэрыторыі Украіны: «Апошнія тыдні ў медыях шмат абмяркоўвалася, што ў нямецкім грамадстве не хапае эмпатыі да ўкраінцаў. І таму ўрад робіць недастаткова, каб перадухіліць вайну ці абараніць украінцаў і ўкраінак, калі ў тым будзе неабходнасць. Таму істотна памяняць стаўленне грамадства, каб яно ўбачыла звычайных людзей ва Украіне, а не толькі спрэчкі на палітычным узроўні. Бо ў Нямеччыне гістарычна склалася эмпатыя да Расеі, расейскай культуры. А новая палітыка накіраваная на бачанне лакальных гісторыяў – і не толькі гісторыі пераможцаў. Гэта істотна, каб мянялася меркаванне людзей, а за ім памяняліся і дзеянні палітыкаў».

Як цяпер можна абараняць айчыну?

Вольга Шпарага адзначыла, што агулам у свеце назіраецца змяншэнне прыязнасці да грубага фізічнага развязання канфліктаў, хоць вялікія краіны з багатымі рэсурсамі могуць сабе дазволіць ствараць канфлікты і ладзіць медыякампаніі, калі агрэсар выдае сябе за ахвяру і яму пачынаюць спачуваць.

«Таму гэтая арыентаваная на чалавека палітыка мае развівацца», – падкрэсліла філосафка.

Варта звярнуць увагу і на тое, наколькі вырасла каштоўнасць чалавечага жыцця.

«Пандэмія паказала нам, наколькі крохкае чалавечае жыццё. І гэтае разуменне павышае каштоўнасць чалавечага жыцця. Крытыкуецца і такі погляд на свет, дзе ёсць краіны, у якіх дапускаюцца ваенныя канфлікты, і дзе не дапускаюцца. Пры глабалізацыі людзі збліжаюцца, і для іх становяцца недапушчальнымі канфлікты не толькі ў сваёй, але і ў іншай краіне.

Бо мы, як чалавечыя асобы, усе роўныя і ўсе маем права на годнае існаванне. Асабліва, калі людзі, як у Беларусі і Украіне, заяўляюць, што хочуць жыць у дэмакратычных краінах, – гэта істотны выклік для іншых дзяржаваў. Бо вайна – не толькі пагроза краіне, але і пагроза дэмакратыі», – тлумачыць нашая суразмоўца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ольга Шпарага / Facebook

Абаронцы айчыны сёння – гэта праваднікі міру, перакананая Вольга Шпарага. Паводле яе, гэта не адзін чалавек ці адна супольнасць, а супраца розных аб’яднанняў, дзе чуваць гісторыі пацярпелых і ідуць супольныя пошукі варыянтаў падтрымкі:

«Тут маюць быць людзі старэйшага ўзросту, жанчыны, мужчыны і дзеці. Дзеці за мір – гэтая тэма мае абмяркоўвацца ў школах. Мы павінны на ўсіх узроўнях умець вырашаць канфлікты мірным шляхам. Не толькі на дзяржаўным, а і на міжасабовым узроўні. Культуру міру мае прадстаўляць усё грамадства – розных узростаў, прафесіяў, гендараў. Бо разбуральныя канфлікты датычаць усіх. І гэта – калектыўны партрэт».

Удзельніца фем-групы адзначыла, што пры словазлучэнні «абаронца айчыны» яна найперш уяўляе людзей не са зброяй у руках, а ў дыялогу адзін з адным: «Я бачу такі ланцуг людзей, які быў у краінах Балтыі: Балтыйскі шлях, калі людзі сталі ў ланцуг, каб падтрымаць дэмакратычны выбар краін Балтыйскага рэгіёну. Я ўяўляю абаронцаў міру як вялікі ланцуг людзей, якія падаюць рукі адно аднаму па-над межамі. Бо мы цяпер бачым, наколькі істотная міжнародная падтрымка ва ўмовах расейскай агрэсіі».

Хто ў Беларусі абаронцы айчыны?

Вольга Шпарага назвала мілітарысцкі дыскурс, уласцівы ў тым ліку і святу 23 лютага, небяспечным:

«Што ўвогуле можна сказаць пра гэты культ зброі? Калі ёсць агрэсар – аўтарытарная дзяржава, то выкарыстанне зброі – самая крайняя мера. Маюць быць межы яе выкарыстання. А мілітарысцкі дыскурс і выкарыстанне зброі не мае пранікаць у грамадства і станавіцца звычайнай справай у развязанні канфліктаў. Таму варта ствараць вобраз абаронцаў не са зброяй, а ў пошуку розных мірных шляхоў падтрымання адно аднаго».

Нашая суразмоўца таксама задаецца пытаннем, ці варта нашаму грамадству ўвогуле мець адмысловае вайсковае свята.

«23 лютага было савецкім вайсковым святам, мілітарным. Мне падаецца, што ёсць 1 траўня – Дзень барацьбы за мір і перадухіленне канфліктаў. Таму, можа, нам варта адмовіцца ад 23 лютага ўвогуле, а больш надаваць увагі 1 траўня. Калі нам патрэбнае войска, то варта моцна падумаць, якім мы яго бачым і які вобраз ствараем», – разважае яна.

Філосафка перакананая, што сёння нельга гаварыць аб абаронцах айчыны з прывязкай да гендару.

«Мне падабаецца ідэя пра праваабаронцаў як абаронцаў айчыны. Асабліва апошнія гады. Сёння нашыя абаронцы айчыны сядзяць у турмах. Гэта людзі, якія выйшлі на вуліцы і баранілі нашую годнасць, нашае памкненне жыць у дэмакратычнай Беларусі. Мы не хацелі быць падобнымі да Лукашэнкі, мілітарнага ўвасаблення гвалту мінулага, і змагаліся мірным шляхам. Таму абаронцамі айчыны можна назваць усіх, хто кідае выклік ягонай гвалтоўнай палітыцы. Гэта шмат хто: і праваабаронцы, і медыкі – мужчыны і жанчыны, удзельнікі і ўдзельніцы маршаў і акцый, настаўнікі і настаўніцы, спартоўцы, журналісты і журналісткі. На журналістах і журналістках вялікая адказнасць. Ад іх залежыць, як яны падаюць інфармацыю, як яны агучваюць галасы розных групаў людзей. Гэта вельмі істотны ўнёсак».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя салідарнасьці з затрыманымі праваабаронцамі «Вясны» у Кіеве.
Фота: Белсат

Вольга нагадала, што на праваабарончым сайце «Вясны» ёсць адрасы людзей, якія трапілі ў няволю, абараняючы годнасць беларусаў, права «на тое, каб людзьмі звацца», і іх таксама можна павіншаваць з Днём абаронцаў айчыны.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў