«Лепш долары адтуль забраць». Як заходнія санкцыі супраць Крамля ўдарылі па Менску


Эскалацыя напружанасці вакол Украіны разам з прызнаннем Крамлём незалежнасці «ЛНР» і «ДНР», а таксама ўведзенымі ў адказ за гэта заходнімі (і не толькі) санкцыямі адчувальна ўдарыла па расейскай эканоміцы. Закранула яна і Беларусь. Наколькі моцна? Пра гэта «Белсату» на ўмовах ананімнасці распавёў беларускі эканаміст.

Новый мост на Немиге в Минске
Фота: Белсат

Умеркаванае падзенне

Эксперт адзначыў, што ў сітуацыі з расейскай эканомікай «самым відавочным наступствам апошніх падзеяў вакол Украіны стала прыкметнае падзенне фондавага рынку – каля 20 %».

«У Беларусі фондавага рынку няма, падаць, дзякуй Богу, няма чаму», – адзначыў з іроніяй эканаміст.

Знізіўся і курс расейскага рубля, дасягаючы прыкладна 80,5 расейскіх рублёў за долар, што было максімумам з восені 2020 года. Паводле эксперта, «для расейскага рубля гэта прыкметнае падзенне».

А вось патанненне беларускага рубля, сказаў ён, не было такім значным, «калі правільна на беларускі рубель глядзець». Так, курсы долара і еўра значна выраслі, але сумарна кошт валютнага кошыка – долара, еўра і расейскага рубля – вырас усяго толькі на 0,36 %.

«Гэта значыць, было падзенне беларускага рубля, але ўмеркаванае», – заявіў эканаміст.

На фоне ж некаторага аднаўлення пазіцыяў расейскага рубля 23 лютага, курсы долара і еўра ў Беларусі знізіліся, а курс расейскага рубля – вырас. І хоць у выніку кошык валютаў усё ж вырас у цане, але зноў нязначна – на 0,26 %.

Hавiны
Раніца ў Беларусі пачалася з імклівага росту курсаў долара і еўра
2022.02.22 10:51

«Калі гэта будзе працягвацца кожны дзень, то будзе сур’ёзная дэвальвацыя. Але калі гэта адбываецца дзень-два, то гэта досыць сціплая рэакцыя беларускага рубля. Таму пакуль яшчэ складана казаць пра нейкія наступствы для беларускай эканомікі агулам», – падкрэсліў суразмоўца.

На ягоную думку, нават валютны рынак, нягледзячы на ваганні асобных валютаў, рэзкага пагаршэння сітуацыі пакуль не заўважае.

«СберБанк» наступны?

Сярод першых ахвяраў заходніх санкцыяў у дачыненні Расеі з боку беларускага аказаўся і «Банк БелВЭБ» – беларуская дачка расейскага «ВЭБ.РФ», якая трапіла пад рэстрыкцыі разам з матчынай кампаніяй. Аднак, лічыць эканаміст, «закранула не Беларусь, а адзін расейскі банк у Беларусі».

Банк БелВЭБ.
Фота: Белсат

«У кліентаў банку могуць узнікнуць праблемы з валютнымі плацяжамі, і тое не адразу, таму што ўсталяваны тэрмін спынення аперацыяў да 24 сакавіка», – заявіў суразмоўца «Белсату».

Пры гэтым, на ягоную думку, грамадзянам і прадпрыемствам, якія захоўваюць долары ў гэтым банку, «напэўна, лепш іх адтуль забраць». Але плацяжы і аперацыі ў беларускіх або расейскіх рублях не пацярпяць, мяркуе суразмоўца.

Hавiны
«Банкі-імпатэнты». Беларускія банкі губляюць магчымасць валютных трансакцый
2021.09.13 14:38

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у аналагічнай сітуацыі з санкцыямі могуць апынуцца яшчэ як мінімум «СберБанк» і «Банк ВТБ Беларусь» – «не самыя буйныя, але больш чым сярэднія банкі паводле беларускіх мерак». Аднак, на думку эканаміста, рублёвыя аперацыі гэта не закране, бо існы дызайн санкцыяў «не азначае неадкладнага банкруцтва расейскіх банкаў і немагчымасці плацяжоў».

«Ніякіх праблемаў не заўважыць»

Прычыны ж таго, што санкцыі «не сталіся вельмі балючымі», эксперт бачыць у тым, што краіны, якія ўводзяць іх, «хочуць сабе пакінуць поле для манеўру ў будучыні».

«Калі ўвесці максімальна жорсткія санкцыі, ад якіх банкі і фінансавая сістэма Расеі проста кладуцца, гэта, вядома, будзе выглядаць эфектна. Але пасля ўжо ніякіх санкцыйных рычагоў не застанецца», – мяркуе эканаміст.

Таму, мяркуе ён, Расеі будуць «адсякаць хвост часткамі».

У цэлым жа банкаўская сістэма Беларусі, нягледзячы на еўрапейскія і амерыканскія санкцыі супраць банкаў, працягвае функцыянаваць.

Абноўлена
Яшчэ два беларускія банкі патрапілі пад санкцыі Еўразвязу
2022.02.21 17:35

«Банкі працуюць, праводзяць плацяжы, дэпазіты аддаюць. Пакуль ніякіх сігналаў аб тым, што хтосьці не змог зрабіць плацеж у беларускіх рублях або камусьці не вярнулі дэпазіт у любой валюце, няма. Гэта [санкцыі. – Рэд. Belsat.eu] узмацняе напружанасць, задае магчымасць патэнцыйных праблемаў у будучыні, але цяпер які-небудзь чалавек, які наогул не сочыць за палітыкай і не чытае навінаў, ніякіх праблемаў пры абслугоўванні ў беларускім банку не заўважыць», – мяркуе эканаміст.

Сітуацыя вакол Украіны тым часам працягвае награвацца. 23 лютага Расея пачала эвакуацыю сваіх дыпламатаў, абмяркоўваецца і ўвядзенне замест іх рэгулярных войскаў, што ўжо суправаджаецца чарговым ростам курсу долара ў РФ. Калі ж халодная вайна перарасце ў гарачую, то не выключаная імавернасць новага абвалу на расейскай біржы і новых санкцыяў з боку заходніх краін і іх саюзнікаў.

Пры гэтым у ЕЗ заклікаюць і да новых санкцыяў у дачыненні ўладаў Беларусі, якія дазволілі размясціцца на сваёй тэрыторыі расейскім войскам. Калі ж апошнія з Беларусі нападуць на Украіну, ці Менск услед за Масквой прызнае «ЛНР» і «ДНР», то санкцыі ўжо дакладна закрануць Беларусь не толькі ўскосна.

Hавiны
Шосты пакет у распрацоўцы. Еўразвяз прыгразіў Менску санкцыямі за агрэсію супраць Украіны
2022.02.21 21:17

ПС/ММ belsat.eu

Стужка навінаў