Дзмітрый Крук пра заходнія санкцыі: «Гэта стварае шэраг нязручнасцяў для расейскай эканомікі»


Краіны Захаду ў адказ на прызнанне незалежнасці «ДНР» і «ЛНР» увялі чарговыя санкцыі супраць Расеі. Пра тое, ці адаб’юцца яны на эканоміках Расеі і залежнай ад яе Беларусі ў эфіры праграмы «Студыя Белсат» распавёў эканаміст Дзмітрый Крук.

Дзмітрый Крук узгадвае, што яшчэ да прызнання Расеяй незалежнасці «ДНР» і «ЛНР», агучваліся самыя розныя варыянты санкцыяў за такі крок Масквы. І тое, цяпер прынялі, на думку эксперта, уяўляе сабой нейкі сярэдні варыянт паміж магчымымі.

«Гэта не нешта разбуральнае, ці як ужывалі эпітэты «адскія санкцыі», не, гэта далёка не тое. Але гэта істотна, тое, што мы бачым, ужо адбіваецца на расейскім, як мінімум, валютным рынку і стварае шэраг нязручнасцяў для расейскай эканомікі».

У якасці прыкладу Дзмітрый Крук прыводзіць курс расейскага рубля, які хоць і не абваліўся так жа рэзка, як гэта было ў 2014 годзе, аднак усё адно значна патаннеў, хаця меў сур’ёзныя перадумовы для росту.

«Гэта ў значнай меры істотнае падзенне, проста да яго рынак ужо быў падрыхтаваны і, што яшчэ больш важна, калі б не было гэтага геапалітычнага чынніку, цяпер расейскі рубель меў бы перадумовы ўзмацняцца. Хутчэй прыйшлося б казаць аб узроўнях дакладна ніжэйшых за 75».

Новыя заходнія санкцыі ў адносінах Расеі ўскосна закранулі і Беларусь. Пад ударам аказаўся «Банк БелВЭБ», якія з’яўляецца дачкой расейскага «ВЭБ.РФ». Эканаміст мяркуе, што пакуль сітуацыя для нашай краіны не выглядае крытычнай, але яна можа значна пагоршыцца, калі канфлікт ва Украіне будзе развівацца.

«Калі далей будзе эскалацыя адбывацца, то асноўныя пагрозы для Беларусі я бачу ў рэчышчы двухбаковых стасункаў з Украінай. Тут не сакрэт, што есць узаемная залежнасць па нафтапрадуктах, і гандаль з Украінай, калі сітуацыя адаб’ецца на гэтых рэчах, гэта істотны выклік, і тады можа ўжо ісці гаворка пра наступствы значна больш істотныя, чым мы маем сёння».

Поўную размову з эканамістам Дзмітрыем Крукам можна паглядзець тут.

Аб’ектыў
Адказ на прызнанне ЛНР і ДНР – санкцыі Захаду і «разуменне» Лукашэнкі
2022.02.22 22:31

ВК belsat.eu

Стужка навінаў