Чаму «абаронцы Айчыны» не ўсталі на бок беларускага пратэсту ў 2020 годзе?


«Армія перайшла на бок народу» – частая фраза ў гісторыі паспяховых рэвалюцыяў, як, напрыклад, у Румыніі ў 1989 годзе. Часам вайскоўцы самі ладзяць дзяржаўныя перавароты, якія прыводзяць краіны да дэмакратыі, як у Партугаліі ў 1974-м. Чаму так не адбылося ў Беларусі ў 2020-м?

На маршы Міру і Незалежнасці ля стэлы «Менск – горад-герой» пратэстоўцаў сустрэла агароджа, калючы дрот, а таксама шэрагі вайскоўцаў. Менск, Беларусь. 30 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Беларускіх вайскоўцаў выпраўлялі на здушэнне пратэстаў – гэта засведчылі на судзе над сведкам забойства берасцейца гэтымі самымі вайскоўцамі. Наколькі масавы характар мела выкарыстанне арміі супраць мірнага пратэсту, невядома: часта супраць пратэстоўцаў дзейнічалі байцы без апазнавальных знакаў. Напрыклад, у байцу ў форме колеру хакі, які застрэліў бяззбройнага пратэстоўца ў Менску на «Пушкінскай», расследавальнікі апазналі байца «Алмазу» – падраздзялення Міністэрства ўнутраных справаў, а не Міністэрства абароны.

Чаму армія не ўстала на абарону мірнага пратэсту, хоць вайскоўцы клянуцца быць адданымі народу і бараніць канстытуцыйны лад?

«Савецкія расейскія афіцэры»

Палітолаг Павел Усаў тлумачыць «Белсату»: гэта праблема ідэалагічнага выхавання беларускай арміі:

«Кіраўніцтва, так званы афіцэрскі склад – гэта даволі моцна, хіба найбольш русіфікаваны, саветызаваны кластар беларускага грамадства.

На працягу рэжыму Лукашэнкі там не адбывалася значных трансфармацыяў у ідэалагічным кантэксце, не адбывалася працэсаў, звязаных з унутранай нацыяналізацыяй беларускага войска, асабліва кіроўнага апарату».

У 2020 годзе (як і цяпер) кіроўны склад беларускага войска складаўся з людзей або расейскага паходжання, або з расейскай вайсковай адукацыяй. Усаў прыводзіць прыклад «савецкага расейскага афіцэра» – у 2020 годзе першага намесніка міністра абароны і кіраўніка Генеральнага штабу, а цяпер дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі Аляксандра Вальфовіча, які нарадзіўся ў расейскай Казані і пасля школы адвучыўся ў Маскоўскай вышэйшай вайсковай каманднай вучэльні. Тагачасны і дзейны міністр абароны Віктар Хрэнін нарадзіўся ў беларускім Наваградку, але хадзіў у школы ў Расеі, вучыўся ў Усурыйскай сувораўскай вучэльні і Омскай штабной каманднай вучэльні.

павел усаў, міліцыя
Калаж з фота: Павел Усаў, Facebook / Белсат

Для «расейска-савецкіх людзей», кажа Усаў, нацыянальныя прыярытэты нязначныя, ды й войска ў аўтарытарных краінах – не дэмакратычная ўстанова, а сканцэнтраваны аўтарытарызм, «іншая псіхалогія».

«Чакаць, што аўтарытарная сістэма ўнутры аўтарытарнай сістэмы падтрымала б дэмакратычныя змены, напэўна, было б не варта, – мяркуе Усаў. – Войска – апошняя структура, якая была б у гэты працэс заангажаваная».

Але былі выключэнні, адзначае Усаў. Ён згадвае справу капітана Генштабу Узброеных Сілаў Беларусі Дзяніса Урада, які «даслаў польскаму тэлеграм-каналу» сакрэтны ліст ад міністра ўнутраных справаў Івана Кубракова (дарэчы, беларуса з беларускай адукацыяй) міністру абароны Хрэніну з просьбай выкарыстаць вайскоўцаў для аховы ад «­масавых беспарадкаў», што супярэчыць Канстытуцыі. Урада пакаралі 18 гадамі пазбаўлення волі за «дзяржаўную здраду».

Хоць «былі прыклады індывідуальных гераічных учынкаў», кажа палітолаг, войска ў Беларусі найбольш кансерватыўнае, антыдэмакратычнае і антыбеларускае, таму да апошняга падтрымлівала б дыктатуру.

Hавiны
Расейскія войскі застаюцца ў Беларусі. «Прынятае рашэнне працягнуць праверку сілаў рэагавання Саюзнай дзяржавы»
2022.02.20 13:33

І так было заўсёды?

Сяргей Бульба быў адным са стваральнікаў Беларускага згуртавання вайскоўцаў у 1991 годзе, а ў 1995 годзе ўзначаліў патрыятычную арганізацыю «Белы легіён». Цяпер ён жыве ва Украіне, займаецца грамадзянскай арганізацыяй «Беларусь 2.0. Робім разам». Чаму беларускае войска не падтрымала беларускага пратэсту? Ён адказвае:

«Гэта нашая памылка, бо мы лічылі, што ўсе аднолькава ставяцца да Лукашэнкі, таму народу дастаткова прадэманстраваць сваю волю, а тыя, хто жыве на падаткі гэтага самага народу, мусіць ледзь не аўтаматычна перайсці на наш бок».

Прыхільнікі пераменаў, кажа ён, не ўлічылі, што недзе з 1996 года «ўлады прынялі рашэнне ламаць волю свайго народу». З таго часу было заведзена, што «любы выхад чалавека на дэманстрацыю мусіць скончыцца нейкім пакараннем».

Ён згадвае, як у 1990-я гады з міліцэйскім спецназам «маглі пабуцкацца падчас дэманстрацыі, а потым разам сабрацца, пасядзець піва папіць-пагаварыць – тады яны былі часткай народу». У 2000-я сілавікі зрабіліся асобнай «кастай».

Сяргей Бульба.
Фота: robim.live

«Імі займаўся добры селекцыянер, даруйце за такое слова, – кажа Сяргей Бульба пра сілавікоў агулам і вайскоўцаў у прыватнасці. – З аднаго боку, ім было дазволена ўсё, але за імі назіралі, праводзілі адмоўную селекцыю. Вайсковая контрвыведка ў нас традыцыйна належыць усходнім суседзям, і яны адмыслова сачылі за сілавымі структурамі, за афіцэрскім складам.

Першыя хвалі былі, калі проста не заключалі кантрактаў з класнымі перспектыўнымі афіцэрамі на падставе таго, што тыя былі патрыётамі, нацыяналістамі, дзяржаўнікамі. Калі зачысцілі нацыяналістаў, пачалі зачышчаць сяброў гэтых нацыяналістаў. Трэцяя хваля – калі пачалі выразаць расейцаў, якія ў нас доўга пражылі, але былі схільныя да самастойнага аналізу і прыняцця рашэнняў».

Гісторыі
Ад вайсковага прызыву да добраахвотніцтва і наадварот: як і чаму гэта рабілі розныя краіны
2022.02.04 13:00

Ці можа цяпер хоць нешта прымусіць «абаронцаў Айчыны» бараніць суайчыннікаў?

Сяргей Бульба кажа, што часта пра гэта задумваўся. Калі ў верасні – кастрычніку 2020 года былі тыя вайскоўцы, якія ў нечым сумняваліся, то пад зіму «кожны знайшоў сабе апраўданне», а ідэолагі пераканалі: Ціханоўскую «рыхтуюць для продажу Беларусі», а вайскоўцы якраз «бароняць Беларусь» ад «наркаманаў, прастытутак ці на крайні выпадак купленыя заходнімі агентамі».

Ён заяўляе, што мае выхаванцаў «Белага легіёну» ў шматлікіх сілавых структурах, таму бачыць «зрэз» сілавых структураў: у старэйшага афіцэра за рэдкім выняткам «цалкам Расея ў галаве, маячыць расейская пенсія», а прабеларускі пласт ёсць у асноўным у малодшым афіцэрстве «недзе да падпалкоўніка», бо яны гадаваліся ў незалежнай Беларусі – ім «СССР не настолькі, даруйце, свярбіць».

«Спадзяванні, што калісьці нешта спрацуе – магчыма… магчыма… – разважае Сяргей Бульба. – Але павінны з’явіцца сапраўдныя лідары, якіх і яны адчуюць лідарам. Не проста каб піяршчыкі прызначылі кагосьці лідарам, а SMM-шчыкі закінулі, што гэта лідар, а каб яны інтуітыўна адчулі, што гэта лідар».

Ён дадае, што з павагай ставіцца да палітолага Арцёма Шрайбмана, але не пагаджаецца з ягонымі заклікамі не хвалявацца пра тое, што Лукашэнка здасць краіну. Сяргей Бульба мяркуе, што Лукашэнка з Пуціным даўно дамовіліся і проста расцягваюць працэс у часе, каб не было выразнага моманту «заўтра акупацыя» – каб не «выбухнулі» вайскоўцы.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў