15-дзённая галадоўка, тэрміновая эвакуацыя з Беларусі. Гісторыя прафсаюзнага лідара з Бабруйску


Палітычны пераслед 57-гадовага Сяргея Гурла, старшыні Бабруйскай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу і былога працаўніка «Белшыны», не спыняецца з лета 2020 года. З траўня 2021-га мужчына адбываў пакаранне – паўтара года «хатняй хіміі» за абразу міліцыянтаў. У пачатку 2022-га яго на 15 содняў кінулі ў ІЧУ за каментары пра Казахстан, а потым завялі яшчэ адну крымінальную справу. Сяргей зразумеў: прыйшоў час уцякаць з Беларусі. «Белсат» сустрэўся з прафсаюзным лідарам на ўзбярэжжы Чорнага мора – у Батумі.

Сяргей Гурло.
Фота: Naviny.by

Рэч у каментарах пра Казахстан

Сяргей Гурло прыехаў у Грузію ў сярэдзіне лютага. За тыдзень уладкаваўся. Цяпер думае, што рабіць далей. Зазначае, што пакуль цалкам не ўсвядоміў, што адбылося. Эмацыйны стан напалову дэпрэсіўны, бо занадта раптоўны і незапланаваны быў ад’езд. Бабруец не хацеў з’язджаць з роднага гораду, з Беларусі. Ён збіраўся адбыць тэрмін «хатняй хіміі» – да канца лістапада гэтага года. Аднак у пачатку студзеня прафсаюзны лідар чарговы раз апынуўся ў цэнтры пільнай увагі праваахоўных органаў.

«11 студзеня а 14:00 да мяне дамоў прыйшлі двое амапаўцаў ва ўніформе і трое аператыўнікаў у цывільным. Паказалі паперу з санкцыяй на ператрус, – распавядае Сяргей Гурло. – А там было пазначана, што я падазраваны паводле артыкулу 369 Крымінальнага кодэксу [«Абраза прадстаўніка ўлады». – Заўвага рэд.]. Я здзівіўся, кажу, што я ж паводле гэтага артыкулу «хімію» адбываю.

Hавiны
Прафсаюзнаму актывісту з Бабруйску прысудзілі паўтара года «хатняй хіміі»
2021.05.18 11:12

Міліцыянты нічога тлумачыць не сталі, а пачалі ператрус. Нічога асабліва не знайшлі, забралі прафсаюзныя календары за мінулы год з выяваю бел-чырвона-белага сцяга на вокладцы, старыя нумары прафсаюзнай газеты «Салідарнасць». Пасля ператрусу Сяргею загадалі ехаць з імі ва УУС.

«Толькі там мне стала ясна, што рэч у маіх каментарах у «Одноклассниках» пра сітуацыю ў Казахстане, – прыгадвае Сяргей. – Казалі мне: «Што ж вы нашых вайскоўцаў абражаеце? Прасіце прабачэння». А я нікога нідзе не абражаў, проста напісаў, што думаю пра ўвод войскаў АДКБ. Там ніводнага слова абразлівага не было, ніводнага імя, нічога на адрас вайскоўцаў».

Артыкулы
«Было сорамна працаваць і «карміць» сістэму». Як прафсаюзны лідар з Бабруйску жыве на хатняй «хіміі»
2021.06.28 08:32

«Агаварыць сябе ў «пакаянным» відэа – гэта законнае патрабаванне?»

Сяргею прапанавалі запісаць «пакаяннае» відэа.

«Сказалі, выбірай: ці запісваем відэа, ці пойдзеш на содні, – распавядае мужчына. – Кажу, пайду на содні, мне няма ў чым раскайвацца».

Але тады Сяргея адпусцілі дамоў з умоваю, што ён выдаліць каментары. Бабруец так і зрабіў. Спакойнага жыцця, аднак, больш не было. Назаўтра пазванілі ў дамафон – чалавек назваўся ўчастковым.

«Адчыняю – заходзяць трое хлопцаў з ГУБАЗіКу. «Праедзем з намі». Яны нават не ведалі пра ператрус напярэдадні і што мяне забіралі ва УУС, – распавядае Сяргей Гурло. – Павезлі ў Ленінскі РАУС Бабруйску. Аказалася, гэта Магілёўскі ГУБАЗіК, 11-е аддзяленне, і яны «адкапалі», што я паставіў лайк пад адным з артыкулаў у профілі «Хартыі’97» у «Одноклассниках». А я і не ведаў да таго моманту, што «Хартыя» прызнаная экстрэмісцкаю. Зноў прапанавалі запісаць відэа. Я зноў адмовіўся. Ну, і кажуць тады: маўляў, пойдзеце паводле дзвюх адміністратыўных справаў – за абразу і за непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыянтам. Я кажу: «А дзе тут законнае патрабаванне? Агаварыць сябе ў відэа – гэта законнае патрабаванне?» Я гатовы быў нават да таго, што мяне будуць біць, але адмовіўся».

На мужчыну склалі пратакол і а 4:00 у кайданках павезлі ў ІЧУ. На наступную раніцу справу разглядалі ў судзе Бабруйскага раёну і Бабруйску. Суддзя Таццяна Тарабуева прысудзіла яму 15 содняў за падабайку ў профілі «Хартыі’97», гэта было кваліфікавана як распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП РБ).

Начальнік ІЧУ: «Усяго 8 дзён не ясі – нармальна»

Умовы ў Бабруйскім ІЧУ, кажа Сяргей, стандартныя для «палітычных». Першую ноч мужчыну давялося спаць на падлозе – яго і яшчэ аднаго хлопца, арыштаванага ў побытавай справе, пасадзілі ў аднамесную камеру. А 1:00 і а 4:00 будзілі – трэба было ўстаць, падысці да «кармушкі» і назваць сваё імя з прозвішчам.

Сяргей адразу пасля суда пастанавіў абвесціць галадоўку. Такім чынам мужчына паказваў свой пратэст не ўпершыню – прафсаюзны лідар 10 содняў галадаваў падчас арышту ў верасні 2020 года.

Гурло хацеў усё зрабіць афіцыйна, аднак заявы на галадаванне ў яго не прынялі. Тады бабруец стаў галадаваць насуха.

«Пяць содняў я нічога не еў і не піў вады. І нікога гэта не хвалявала, – распавядае Сяргей. – Такая галадоўка – гэта вельмі цяжка, пакутліва. На чацвёртыя содні горла моцна перасохлае, невыносна хочацца піць. Усе думкі толькі пра ваду. На пятыя содні ўвечары я чакаў, што ўжо памру. Да раніцы дажыў. Сам здзіўляўся, што яшчэ жыву. Я ўжо не мог спаць. Стан быў блізкі да вар’яцтва.

Прафсаюзны лідар з Бабруйску жыве на «хатняй хіміі». Сяргей Гурло пасля галадоўкі. Бабруйск, Беларусь. Верасень, 2020 год.
Фота: Белсат

На восьмыя содні спадар Сяргей ужо не мог падняцца:

«Я не спаў, але і ўстаць не мог – у нейкім напаўзабыцці. Мяне кліча дзяжурны, а я не магу ўстаць. Той пабег па начальніка. Я праз нейкі туман чуў галасы. Дзяжурны кажа выклікаць лекара, ён ужо ніякі. Начальнік – маўляў, не веру, дапамажы яму падняцца. Дзяжурны падняў мяне. Начальнік кажа: «Усяго восем содняў не ясі – нармальна. Ваду п’еш?» А я гаварыць не мог, сусед з камеры адказваў за мяне: «Ён і вады не п’е». Для іх гэта, відаць, сюрпрызам было. Я паспрабаваў патлумачыць, што ў мяне не ўзялі заяву на галадоўку, але зноў упаў на шконку».

На волі ля ІЧУ ніхто не сустракаў. Гэта не падобна да ўсіх папярэдніх гадоў

Сяргей Гурло згадвае, што ў яго амаль пачыналіся галюцынацыі:

«У нас у камеры была адна шконка, а мне падавалася, што я наверсе двух’яруснай. Мяне паднялі, каб вывесці з камеры. Я не мог абуцца, двойчы ледзь не падаў, мне дапамагалі».

Спадара Сяргея павялі на медагляд:

«Агледзелі мяне, зрабілі кардыяграму, памералі ціск – ён у мяне часта павышаецца. А тут нізкі – 110/70. Цукар праверылі. Сказалі, усё ў норме, у вас моцны арганізм. У лякарню не забралі, параілі папіць вадзічкі, усё будзе добра».

Мужчыну вярнулі ў камеру: кажа, спужаўся за сваё здароўе і вырашыў пачаць піць, есці не збіраўся, пакуль не адпусцяць.

Сяргей Гурло.
Фота: Белсат

«Я адседзеў усе 15 содняў. Нічога не еў, але другі тыдзень піў ваду, – кажа прафсаюзны лідар. – Адчуваў сябе кепска. Калі выйшаў на волю, мяне ніхто не сустракаў. У гэтым адрозненне ад таго, як гэта было ў 2020-м, 2021-м. Дадому ледзь дабраўся. Хістала з боку ў бок. Ужо ўдома зразумеў, як моцна страціў вагу. Крыху выпіў салодкай гарбаты. Са страўнікам стала дрэнна. Яшчэ некалькі дзён ачуньваў.

Ужо ўдома Сяргей даведаўся, што, пакуль сядзеў і трымаў галадаванне, жонка заплаціла 240 рублёў за харчаванне ў ІЧУ: яе вымусілі, бо адмаўляліся прыняць перадачу без аплаты. Пра галадоўку ёй нічога не сказалі.

«На чужыне не ўбачу, як растуць мае ўнучкі»

Не паспеў бабруец крыху ачуняць, як праз некалькі дзён на хатні тэлефон яму патэлефанаваў следчы з Ляхавічаў Берасцейскай вобласці: паведаміў, што мужчыну падазраюць паводле арт. 369 КК РБ – нібыта ён пракаментаваў нешта ў інтэрнэце пра начальніка ІЧУ Ляхавічаў 13 студзеня 2021 года.

4 лютага Сяргей Гурло паехаў у Ляхавічы.

«Там мне паказалі нібыта мае каментары і даказвалі, што ідэнтыфікавалі іх паводле майго ІР-адрасу, – распавядае мужчына. – Аднак я не памятаю, каб нешта такое пісаў, дый стыль зусім не мой. Мне прапанавалі: прызнайцеся, што на эмоцыях напісалі. А я здзівіўся. Прызнаць сваю віну ў той час, калі я гэтага на пісаў? Адмовіўся. Сказаў, што буду з’яўляцца на выклікі».

Бабруйца адпусцілі дамоў, аднак яму было зразумела: з краіны трэба з’язджаць. Па дапамогу прафсаюзны лідар звярнуўся да знаёмых. Далей чакаў ад іх сігналу. Пра тое, што ягоным выездам займаецца «BySol», Гурло не ведаў:

«Я яшчэ тыдзень чакаў удома ў стрэсе. Кожны шум, гук ліфта, крокі на пляцоўцы ўспрымаў, нібыта гэта мяне ўжо ідуць арыштоўваць, – прыгадвае Сяргей. – У пятніцу 11 лютага а 13:30 мне патэлефанавалі, сказалі выходзіць з дому. Далей я дзеяў паводле інфармацыі, якую атрымліваў».

Hавiны
У Бабруйску за абразу прадстаўнікоў улады судзяць старшыню незалежнага прафсаюзу
2021.05.17 11:04

Дарога да Батумі заняла крыху больш за трое содняў.

«Гэты ад’езд – вялікі стрэс для мяне, у маім узросце, – зазначае Сяргей Гурло. – Я рады, што ў бяспецы, аднак пакуль цяжкавата справіцца, спрабую не трапіць у дэпрэсію. Сумую. На наступны дзень пасля майго ад’езду малодшай унучцы споўнілася 5 месяцаў, старэйшай – 10 гадоў, 11-ы ідзе. А я на чужыне не буду бачыць, як яны растуць, сталеюць…»

У хуткае вяртанне дамоў Сяргей не верыць – кажа, што ў Беларусі амаль не засталося актыўных людзей, якія маглі б змагацца з рэжымам, бо адных садзяць, іншых выціскаць за мяжу.

Заставацца ў Батумі надоўга Сяргей не хоча – плануе ехаць у Польшчу шукаць працу.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў