«Пра іх будуць здымаць серыялы»: як беларусы-франтавікі і партызаны кідалі выклік Сталіну

Дзясяткі тысячаў маладых беларусаў у 1945 годзе вярталіся з вайны дахаты. Аднак многія з тых, хто вярнуўся, убачылі, што савецкая ўлада пачала новую вайну – супраць беларускага народу. І яны зноў браліся за супраціў, нават збройны.

Пра лёсы гэтых беларускіх жаўнераў «Белсату» распавёў Андрэй Цісецкі – былы афіцэр міліцыі, які шмат гадоў прысвяціў гісторыі беларускіх праваахоўных органаў і спецслужбаў.

– Шмат якія вашыя артыкулы прысвечаныя антысавецкім актам супраціву ў пасляваеннай БССР, перш за ўсе ва Усходняй Беларусі. І заўважна, што часам у лясы пасля вайны сыходзілі якраз тыя людзі, якія былі савецкімі партызанамі, служылі ў Чырвонай Арміі ці ў міліцыі.

– Так, гэтыя людзі пачыналі весці сваю вайну супраць савецкай сістэмы. Гэтая сістэма захоўваецца і цяпер у Беларусі.

Аднак, у адрозненне ад сучасных беларусаў, якія пратэстуюць мірна, тыя беларускія хлопцы прайшлі вайну, у іх была зброя, яны ўмелі ваяваць, хавацца ў лясах. Яны раслі на вайне, прывыкаючы, як на Дзікім Захадзе, вырашаць праблемы зброяй.

Усходнебеларускія сяляне канца 1940-х – пачатку 1950-х гадоў. Фота з архіву Андрэя Цісецкага

Напрыклад, у 1944 годзе, калі прыйшла Савецкая армія, былых партызанаў пагналі ці ў войска, ці ў міліцыю. Калі тыя ж вясковыя хлопцы бачылі, як іхных бацькоў пачалі зноў заганяць у калгасы, даходзіла і да сабатажу, і да адмовы ад службы, і да сыходу ў лясы.

– А чаму вы іх часам называеце беларускімі Робінамі Гудамі таго часу? Хіба гэта не быў банальны бандытызм?

– У маім разуменні як даследчыка гэта асаблівая катэгорыя людзей, якія былі на баку народу, якія рабавалі дзяржаўныя ўстановы, але дзяліліся нарабаваным са сваім народам, а народ іх хаваў, перадаваў інфармацыю, карміў.

Звычайны бандытызм – у ім няма ідэі, у крымінальнікаў няма ніякіх ідэалаў. А хлопцы, пра якіх я пішу, сталі па-за законам з-за светапогляднага канфлікту з савецкай уладай, а да 1945–1946 гадоў часта верылі ў абяцанні савецкай улады – у тое, што пасля вайны адменяць калгасы, зменіцца сістэма ўлады.

Савецкія жаўнеры, якія ўдзельнічалі ў аперацыі затрымання Паўла Цвірко, вёска Гулевічы Капыльскага раёну. Фота з архіву Андрэя Цісецкага

– Аднак пасля вяртання ў родныя мясціны рэчаіснасць была зусім іншай?

– Так, людзі, у асноўным вясковыя хлопцы, былі абураныя вяртаннем калгасаў, вялікімі падаткамі. Бо саветы падчас вайны часта ва ўлётках да насельніцтва Беларусі абяцалі адмену калгасаў. Вяскоўцы ненавідзелі чыноўнікаў, якія збіралі падаткі – фінагентаў. З-за высокіх падаткаў сяляне высякалі фруктовыя сады, хавалі быдла ў лясах, як падчас вайны.

Асабліва балюча гэтая новая хваля калектывізацыі прайшлася па Усходняй Беларусі.

– Сярод вашых герояў былі і вядомыя ўдзельнікі вайны?

– Хіба што найбольш узнагароджаны з іх – Іван Шагойка, апошні начальнік выведкі партызанскай брыгады «Смерць фашызму», меў ордэн Чырвонага Сцяга, вызначаўся рашучасцю і смеласцю. Яго адправілі служыць у міліцыю ў 1944 годзе. Не ўзялі на фронт, бо быў паранены ў нагу. І калі трэба было дапамагаць сялянам, ён, спрактыкаваны ў падробцы дакументаў падчас нямецкай акупацыі, працягнуў рабіць тое ж самае пры акупацыі савецкай. Кажуць, што ён нібыта падрабіў атэстат пра вышэйшую адукацыю свайму сваяку Івану Дзёміну, былому камандзіру партызанскага атраду сваёй брыгады. Іван Дзёмін пасля вайны стаў славутым дырэктарам МАЗу і Героем Сацыялістычнай Працы.

Іван Шагойка з маці ў пасляваенныя часы. Фота з архіву Андрэя Цісецкага

Потым Іван Шагойка быў вымушаны сысці на нелегальнае становішча. Яго ад міліцыі хавалі ў тым ліку былыя партызаны, а ён дапамагаў землякам «зладзіць» патрэбны дакумент, а то і падробленымі рублямі ўласнай вытворчасці, згадваюць сведкі.

Былі і гісторыі пра тое, як па зробленых ім дакументах жыхары Смалявіцкага раёну атрымлівалі грошы ці прадукты на мясцовых вялікіх прадпрыемствах, дзе касіры не маглі ведаць усіх у твар. Івана Шагойку арыштавалі ў канцы 1952 года. Пасля зняволення жыў у Казахстане, вярнуўся ў Беларусь толькі напрыканцы жыцця.

– А сярод франтавікоў?

– Былы афіцэр Савецкай арміі Павел Цвірко (на мянушку Чайка) папрасіў у савецкай улады ў Капыльскім раёне трохі лесу, каб падрамантаваць бацькоўскую хату. Ягоны бацька быў расстраляны ў 1938 годзе яшчэ да вайны як польскі шпіён. Лесу Паўлу Цвірко не далі. А ноччу секчы і красці дрэвы, як гэта часта рабілі вяскоўцы, ён не хацеў.

Тады ён пачаў рабаваць вясковыя крамы і раздаваць рэчы мясцовым сялянам. «Быў высокім, русавалосым, імклівым у рухах, меў гарачы тэмперамент. У той адзіны раз, калі я яго бачыла, ён употай ад бацькі сунуў мне ў далонь чатыры ці пяць цукерак у абгортках. Гэта былі першыя цукеркі ў маім жыцці», – распавядае ягоная пляменніца.

Арыштавалі Чайку у 1949 годзе і судзілі ў Бабруйску. Як склаўся ягоны далейшы лёс, невядома.

Пасляваенны Капыль, 1950-я гады. Фота з архіву Андрэя Цісецкага

– Былі і савецкія жаўнеры-беларусы, якія перад гэтым служылі ў паліцыі пры немцах?

– Так, напрыклад, знакаміты Уладзімір Вяргейчык. Нарадзіўся ў Барысаўскім раёне ў 1916 годзе. Служыў у савецкім войску да вайны, быў першы хлопец на вёсцы. Трапіў у палон у 1941 годзе, служыў у паліцыі ў роднай вёсцы. Праўда, магчыма, што меў кантакты і з мясцовымі партызанамі.

У 1944 годзе ён пайшоў служыць у Чырвонай Арміі, адваяваў. Пасля вайны быў арыштаваны, але збег і пачаў робін-гуднічаць у родных мясцінах. Стаў своеасаблівай легендай – быццам бы яго бачылі ў вялікіх гарадах, у вялікіх рэстаранах, вызначаўся фізічнай сілай, папулярнасцю сярод жанчын і няўлоўнасцю.

Меў групу з такіх жа былых паліцэйскіх. Хадзілі чуткі, што пасля ўдалых аперацыяў яго бачылі ў форме савецкага палкоўніка ці нават генерала ў Менску ў рэстарацыі аднайменнага гатэля.

Калі быў апублікаваны ўказ пра тое, што амністуюцца тыя, хто супрацоўнічаў з немцамі, але не забіваў мірнае насельніцтва, Вяргейчык прыйшоў узброены з галавы да ног дахаты да ўчастковага Аўласенкі ў сваю родную вёску Аздзяцічы, якраз калі той снедаў. Супакоіў бяззбройнага міліцыянера і паклаў зброю на стол. Кажуць, што Аўласенка нават прапанаваў «госцю» далучыцца да сняданку.

«Потым яны разам тры дні хадзілі па вёсцы, пілі самагонку і чакалі транспарту з барысаўскай міліцыі», – распавядае Васіль Дзівін, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы.

– А як ставілася да гэтых людзей насельніцтва?

– Сяляне разумелі, што гэта не былі звычайныя крымінальнікі ў сэнсе злачынных намераў і дзеянняў. Акрамя таго, звычайна гэта былі для вяскоўцаў свае мясцовыя хлопцы. А стаўленне да дзяржаўнай і калгаснай маёмасці як да «нічыйнай» ужо існавала ва Усходняй Беларусі.

Таму стаўленне было розным, зусім не абавязкова адмоўным. Дзеянні такіх людзей часта лічылі своеасаблівымі актамі стыхійнага супраціву, пра што кажуць з гонарам. Не толькі вяскоўцы, але і старыя міліцыянеры зараз часам распавядаюць пра такіх герояў з захапленнем.

Каб не захаванне савецкай прапагандысцкай сістэмы ў Беларусі, зараз гэтыя людзі ўжо жылі б у фільмах, серыялах і на старонках папулярных кнігаў. Думаю, гэта яшчэ адбудзецца. Гэта ж галівудскія сюжэты!

Размаўляў Р. Лапіцкі, belsat.eu

Hавiны