Палітвязня Уладзіслава Зяневіча пакаралі трыма гадамі «хіміі» за Марш супраць тэрору


Суд Ленінскага раёну прызнаў вінаватым 20-гадовага палітвязня Уладзіслава Зяневіча і пакараў яго трыма гадамі абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). Пра гэта паведамляе spring96.org.

Вырак вынесла суддзя Марына Запаснік. Дзяржаўнае абвінавачанне падтрымаў пракурор Аляксандр Рамановіч.

Уладзіслава Зяневіча абвінавацілі ў тым, што першага лістапада ён наўмысна актыўна ўдзельнічаў у групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). А менавіта – удзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве, выкрыкваў лозунгі, узнімаў рукі, знаходзіўся ў першых шэрагах шэсця, выходзіў на праезную частку, што пацягнула за сабой парушэнне працы грамадскага транспарту.

Рэпартаж
У Віцебску пачаўся крымінальны працэс супраць мужчыны, хворага на рак. Яго вінавацяць у гвалце над міліцыянтамі
2021.02.22 15:10

Уладзіслаў Зяневіч віны не прызнаў. Падчас следства распавёў, што 1 лістапада ўбачыў натоўп, які рухаўся ў бок станцыі метро «Усход» па праезнай частцы і ходніках. Сілавікі забралі Уладзіслава каля парку Чэлюскінцаў. Аднак палітвязень адзначыў, што не парушаў грамадскага парадку, а быў затрыманы, калі вяртаўся дадому.

Надалей палітвязень адмовіўся даваць паказанні, карыстаючыся правам не сведчыць супраць сябе. Адмовіўся ён і ад апошняга слова.

Антыфашыста з Менску Уладзіслава Зяневіча ўзялі пад варту 30 лістапада паводле арт. 342 КК. 1 лістапада яго затрымалі на маршы, моцна збілі, а на наступны дзень пакаралі штрафам 30 базавых велічыняў. У кватэры правялі ператрус.

Адвакат упэўнены, што ў матэрыялах справы адсутнічаюць доказы віны Зяневіча. Таксама ён адзначыў, што ягоны падабаронны не мог быць ва ўказаным у абвінавачанні месцы: у адпаведнасці з пратаколам затрымання паводле адміністратыўнай справы (арт. 23.34) у гэты час ён быў затрыманы.

«Усё абвінавачанне будуецца на двух відэазапісах, – сказаў адвакат. – Прычым нельга дакладна сказаць, што на іх – менавіта мой падабаронны».

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў