Галоўчанка пахваліўся ростам заробкаў у Беларусі ў 2020 годзе. Але дэвальвацыі ён не ўлічыў


Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка на паседжанні Савету Міністраў заявіў, што ў 2020 годзе ў Беларусі была забяспечаная ўстойлівая праца эканомікі, а заробкі цягам года раслі. Пра гэта паведамляе БелТА. Аднак насамрэч з улікам дэвальвацыі заробкі беларусаў у 2020 годзе знізіліся.

«Нягледзячы на ​​беспрэцэдэнтны ціск як вонкавых, так і ўнутраных фактараў, у 2020 годзе забяспечаная ўстойлівая праца эканомікі. Кіраўніком дзяржавы былі падтрыманыя прапановы ўраду, і ў другой палове года аказвалася сістэмная падтрымка прадпрыемствам рэальнага сектару эканомікі, бізнесу і канкрэтным работнікам камерцыйных і бюджэтных арганізацыяў. Агульная сума такой падтрымкі склала больш як Br 2 млрд», – паведаміў Галоўчанка.

Прэмʼер сцвярджае, што прыбыткі беларусаў у 2020 годзе раслі.

«На працягу года ўстойліва расла зарплата, у снежні яна дасягнула без малога Br 1,5 тыс. Забяспечаны апераджальны рост даходаў у бюджэтнай сферы, у першую чаргу ў лекараў і настаўнікаў. Мэтавы арыенцір выкананы, суадносіны зарплаты бюджэтнікаў з сярэдняй па краіне склалі 80,4 %. Практычна цалкам вырашылі задачу зніжэння колькасці арганізацыяў з заробкам менш за Br 500. За мінулы год іх колькасць знізілася больш чым у 18 разоў», – адзначыў прэмʼер-міністр.

Сапраўды, у рублёвым эквіваленце сярэдні заробак у Беларусі вырас: з Br 1238 у снежні 2019 года да Br 1474,6 у снежні 2020 года. Аднак адначасова Беларусь летась сутыкнулася з дэвальвацыяй – курс долара вырас з Br 2,1 у снежні 2019 года да Br 2,57 у снежні 2020 года. У выніку сярэдні заробак знізіўся з $ 589 да $ 573.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў