Бойся, рэжым. Надыходзіць пятнаццаты пакет санкцыяў ЕЗ

Не касметычныя абмежаванні Еўразвязу турбуюць Лукашэнку, а магчымасць узнаўлення ў красавіку санкцыяў ЗША.

Сустрэча кіраўнікоў замежных ведамстваў краінаў ЕЗ у панядзелак, 22 лютага, чарговы раз нагадала мне добрую польскую прымаўку: «Умееш лічыць? Разлічвай на сябе».

Па выніках заяўлена, што «разглядаецца магчымасць прыняцца чарговых санкцыяў» і, як пазней патлумачыў дарадца Ціханоўскай у міжнародных справах Франак Вячорка, гаворка ідзе пра чацвёрты пакет санкцыяў, якога, праўда, яшчэ няма.

Сустрэча кіраўнікоў замежных ведамстваў краінаў ЕЗ.
Фота: Сэбаст’ян Індра / MSZ

Чацвёрты пакет, Карл! З такімі прагрэсіўнымі тэмпамі мы хутка дойдзем да сітуацыі, калі ЕЗ будзе прымаць пятнаццаты ці васямнаццаты пакет санкцыяў, а незалежныя медыі будуць гэта перажываць як сапраўдную сенсацыю, даваць як галоўную навіну.

Суддзі ці пракуроры, можа, не паедуць у ЕЗ на лыжы ці на курорты Міжземнага мора, але будуць набіваць бітком турмы, дзе міліцыя будзе катаваць чарговых сваіх ахвяраў. А пасля паедуць на лыжы ў Сочы ці на мора ў Крым. Рэжым жа Лукашэнкі, як слушна заўважыла нядаўна сама Ціханоўская, будзе смяяцца. Бо тут сапраўды гаворка не пра санкцыі, а пра насмешку.

Hавiны
У Віцебску асудзілі медсястру, якая хацела дапамагчы збітаму амапаўцамі хлопцу
2021.02.23 15:16

Бо нельга ставіць эмбарга на пастаўкі нафты з Венесуэлы, адключэнне Ірану ад міжнароднай сістэмы SWIFT, поўную эканамічную блакаду Паўночнай Карэі ці некалі гандлёвую ізаляцыю Кубы і забарону на ўезд для асобных беларускіх чыноўнікаў ці абмежаванні ў дачыненні некалькіх малавядомых фірмаў у адзін шэраг. А тым больш нельга называць адным і тым жа словам – санкцыі.

Чацвёрты дзень суда над журналісткамі «Белсату». Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд. Іх пакаралі двума гадамі калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Бо ёсць санкцыі, а ёсць толькі абмежаванні. І гаворка не толькі пра Еўразвяз. Ніводная краіна на свеце не ўвяла пасля жнівеньскіх «выбараў» сур’ёзных і адчувальных для эканомікі Лукашэнкі санкцыяў, якія б балюча білі па «стабільнасці» ў кішэні. Бо адзінае, што можа пераканаць рэжым выпусціць палітвязняў ці спыніць рэпрэсіі – гэта грошы, вялікія грошы.

Калі ў 2008 годзе прэзідэнт ЗША Джордж Буш увёў санкцыі супраць канцэрну «Белнафтахім» і іншых буйных прадпрыемстваў, не прайшло і некалькі месяцаў, як Лукашэнка быў змушаны «памілаваць» Аляксандра Казуліна.

Віктар Бабарыка ў судзе. Першы дзень суда ў справе Віктара Бабарыкі і супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку». Суд Маскоўскага раёну Менску. 17 лютага 2021 года.
Фота: БелТА

Калі б да жорсткай пазіцыі ЗША далучыўся Еўразвяз, у нас было б усё добра, – казала пазней дачка былога палітвязня Вольга Казуліна ў Вашынгтоне.

Аб’ектыў
Ці будуць новыя санкцыі?
2021.02.22 22:23

Гісторыя важная, і варта яе прыгадаць, бо ўведзеныя тады санкцыі прыпыненыя, але не адмененыя. Апошняе рашэнне Міністэрства фінансаў ЗША аб прыпыненні было ў кастрычніку 2019 года – да 26 красавіка 2021 года. Галоўнае, каб лідары беларускага дэмакратычнага руху не праспалі гэтую дату. Бо гэта можа быць адзін з нямногіх аргументаў, да якіх прыслухаецца рэжым, і хіба адзіны шанец на хутчэйшае вызваленне палітвязняў.

 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў