З’явлася беларуская версія хітовай галаваломкі «Wordle»


Брытанец Джош Ўордл у 2020 годзе зацікавіўся галаваломкамі са словамі, зрабіў гульню для сябе і сяброўкі. Калі ён выдаў гульню публічна ў кастрычніку 2021 года, яна хутка стала хітом. Цяпер ёсць і беларуская версія.

Беларуская версія гульні «Wordle» – «Ўордлі». Скрыншот: ololophilolo.github.io

Прынцып гульні «Wordle» просты: раз на дзень аўтар загадвае слова з пяці літараў, дае шэсць спробаў адгадаць яго. Калі гулец уводзіць слова (а можна ўводзіць толькі сапраўдныя словы, не выпадковы набор літараў), гульня падсвечвае зялёным правільную літару на правільнай пазіцыі, жоўтым – літару, якая ёсць у загаданым слове, але не на той пазіцыі, а літары, якіх у слове зусім няма, робіць на клавіятуры цёмна-шэрымі.

Пра тое, як ён прыйшоў да ідэі гульні, ён расказваў «The New York Times» – за некалькі месяцаў гульня набрала сотні тысяч карыстальнікаў. Ён працаваў праграмным інжынерам у калектыўным блогу «Reddit», ужо выдаў два «онлайн-эксперымента», прататып падобнай гульні меў з 2013 года. У канцы 2020 года разам з сяброўкай гуляў у падобную гульню «Speling Bee» і зрабіў для сяброўкі ўласную гульню, якую потым зрабіў публічнай.

Беларускую версію зрабіў лінгвіст-аматар Дзмітрый, які вядзе лінгвістычны блог «Филобайки». Ён расказаў «Citydog», што пераклаў гульню за два дні: узяў словы з сайтаў Slounik.org і Knihi.com, адфільтраваў з трох тысяч паўтары тысячы складаных і рэдкіх (бо першым словам яму трапіла «ліман», другім «феніл»). Агулам гульня прымае ад гульца ўжо каля 9000 словаў.

Сённяшняе «слова дня» любы можа знайсці ў сваёй хаце, для гэтага не трэба быць геолагам ці хімікам.

Згуляць у «Ўордлі» можна пакуль толькі праз сайт. Расказаць пра вынік сябрам, не раскрыўшы само слова, можна толькі ўручную: трэба націснуць на кнопку з «шасцярнёй» у правым верхнім куце, потым – «Захаваць вынік» і ўставіць скапіяваны тэкст у пост ці паведамленне. Атрымаецца такая схема:

Беларуская версія гульні «Wordle» – «Ўордлі». Скрыншот: ololophilolo.github.io

АА belsat.eu

Стужка навінаў