З Расеі з’ехаў чачэнскі суддзя, якому двойчы пагражаў Кадыраў і жонку якога выкралі сілавікі


Кадыраў патрабаваў затрымаць суддзю і ягоную сям’ю, «знішчыць, калі акажуць супраціў», а да таго казаў, што іх «чакае месца або ў турме, або пад зямлёй». Жонку суддзі выкралі з Ніжняга Ноўгараду, а дзе яна цяпер, невядома.

Рамзан Кадыраў.
Фота: ramzan-kadyrov.ru

Суддзя Вярхоўнага суду Чачэнскай Рэспублікі ў адстаўцы Сайды Янгулбаеў разам з дачкой пакінуў Расею, паведаміў вечарам 22 студзеня расейскі «Комитет против пыток». Дзе знаходзіцца ягоная жонка Зарэма Мусаева, невядома: 20 студзеня людзі ў масках уварваліся ў іхную кватэру ў Ніжнім Ноўгарадзе, назваліся чачэнскімі праваахоўнікамі і забралі жанчыну – нібыта для допыту ў справе ад махлярстве. Пазней жанчына зʼявілася на дзіўным відэа з «упаўнаважаным па правах чалавека ў Чачэніі», дзе казала, што сілавікі нармальна паводзілі сябе адносна яе і што з ёй усё нармальна.

Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў пазней пацвердзіў, што гэта былі чачэнскія сілавікі, якія дзейнічалі «згодна працэсуальнаму заканадаўству». Ён казаў, што «сямейку чакае месца або ў турме, або пад зямлёй». Калі Янгулбаевы расцанілі гэта як пагрозу і запатрабавалі расследавання, Кадыраў пагрозу паўтарыў, адзначыўшы, што «не пагражае, а канстатуе факты і наступнае законнае пакаранне»: напісаў, што сям’ю трэба затрымаць і пакараць, а «калі акажуць супраціўленне, то знішчыць як памагатых тэрарыстаў, кім яны і з’яўляюцца».

Сайды Янгулбаеў разам з дачкою ў аэрапорце перад вылетам з Расеі. Крыніца: FTP / Telegram

У адказ на гэта сын Янгулбаева і Мусаевай Абубакар Янгулбаеў звярнуўся да Уладзіміра Пуціна з просьбай зняць Кадырава з пасады, бо «дно ня проста прабітае, яно проста сыходзіць, гэта немагчыма трываць».

Другі сын Янгулбаева і Мусаевай Ібрагім Янгулбаеў заяўляў тэлеканалу «Дождь», што сям’ю пераследуюць за тое, што ён быў адміністратарам старонак, у якіх крытыкаваў чачэнскія ўлады. Паводле яго, яшчэ ў 2015 годзе яго разам з бацькам выкралі і адвезлі ў рэзідэнцыю Кадырава, дзе іх збівалі і катавалі, у катаваннях удзельнічаў асабіста Кадыраў. У 2017 годзе, казаў Ібрагім, яго зноў выкралі і катавалі, сфабрыкавалі «экстрэмісцкую» справу – пасля гэтага сям’я з’ехала з Чачні.

Расейскія ўлады адмовіліся рэагаваць на выкраданне і пагрозы. Прэс-сакратар Пуціна назваў гэта «фантастычнай гісторыяй».

Аналітыка
Чачэнія, КНДР ці Данбас. Да каго больш падобная лукашэнкаўская Беларусь – 2021?
2021.08.25 09:00

АА belsat.eu

Стужка навінаў