Аляксандр Дабравольскі пра рэферэндум: «Толькі новыя выбары могуць вывесці краіну з крызісу»


Дарадца і кіраўнік унутранай палітыкі офісу Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі распавёў у жывым эфіры «Белсату» пра ўдзел беларусаў у рэферэндуме і расейскай пагрозе Украіне.

Аляксандр Дабравольскі.
Фота: DELFI

Кажучы пра рэферэндум, Аляксандр Дабравольскі заявіў, што рэферэндум – гэта галасаванне людзей, у якіх ёсць выбар, а зараз ніякіх магчымасцяў для выбара грамадзянам Беларусі ніхто не прапаноўвае. «Гэта выбар паміж адным варыянтам з Лукашэнка і другім варыянтам з Лукашэнка. І гэта моцная непавага да людзей».

Дабравольскі прапаноўвае некалькі варыянтаў, як змагацца з тым, што людзям не даюць права выбару. «Па-першае можна сядзець дома, але гэта не мабілізуе людзей. Калі казаць пра байкот, то актыўны байкот – гэта тое, да чаго заклікаюць дэмакратычныя сілы: прыйсці і зрабіць бюлетэнь несапраўдным. І такі байкот лепш за пасіўны», – кажа дарадца Ціханоўскай.

«Зразумела, што гэты рэферэндум падман і ён не вядзе да выхаду з крызісу, але магчыма ён штосьці камусьці абяцаў: правесці рэферэндум, перагарнуць старонку. Мне здаецца, што даверу да Лукашэнкі ў беларускім грамадстве няма і перагарнуць старонку не атрымаецца. Трэба будзе ўсё роўна праводзіць новыя выбары, як і лічаць больш за 60% грамадзян Беларусі.

Калі апытваюць беларусаў і пытаюцца, як вы ставіцеся да Лукашэнка і апазіцыі, ёсць так званы «фактар страху», калі людзі проста баяцца гаварыць, што яны супраць Лукашэнкі. Што да таго, каму давяраць – давайце давяраць таму, хто прапануе выхад з крызісу, хто прапануе новыя выбары, бо без гэтага жыццё будзе станавіцца горш», – запэўнівае Аляксандр Дабравольскі.

Ён лічыць, што калі маеш перад сабой мэту і хочаш каб твая краіна развівалася, то трэба зрабіць крокі, пераадолець страх і патрабаваць, каб улада адказвала перад народам. Толькі таму, на думку Дабравольскага, новыя выбары і толькі яны могуць вывесці краіну з крызісу.

Наконт магчымай вайны Расеі з Украінай Дабравольскі кажа, што гэтая вайна не ў інтарэсах Беларусі:

«На жаль, у парадыгме Лукашэнкі няма такой каштоўнасці, як інтарэсы дзяржавы і інтарэсы народу. У яго ёсць толькі свае ўласныя інтарэсы і ён толькі пра іх думае. Нават у гэтай Канстытуцыі, якая ёсць зараз, ёсць запіс, што краіна імкнецца да нейтралітэту. Гэта гістарычная выснова, якая зыходзіць з таго, што беларусы перажылі шмат трагедый і войн, і некаторыя з гэтых войн былі не ў інтарэсах Беларусі. І зараз ёсць патэнцыйны канфлікт паміж Украінай і Расеяй, і таксама не ў інтарэсах Беларусі. Самае кепскае, што можа быць зараз зроблена – гэта выкарыстанне тэрыторыі Беларусі для нападзення на Украіну, гэта вялікая пагроза. І вучэнні, якія зараз адбываюцца, не адпавядаюць нацыянальным інтарэсам Беларусі. Гэта не трэба ні нам, ні людзям».

Дабравольскі падсумоўвае, што вайсковая агрэсія – гэта той стан сітуацыі, які зараз ёсць. І трэба сыходзіць з таго, што нам прыйдзецца прыймаць пазіцыю і асуджаць любыя спробы захопу чужой тэрыторыі.

Інтэрв’ю
ГУБАЗіК мог рэалізаваць у Беларусі «казахстанскі сцэнар»
2022.01.23 13:57

АД, belsat.eu

Стужка навінаў