Telegram прыгразіў блакаваннем праўладным каналам за знявагі людзей праз сексуальную арыентацыю


Пра блакаванне за «пакаянныя відэа», абразы і пагрозы з палітычных матываў гаворка не ідзе, але знявагі праз сексуальнае жыццё патрабуе выдаліць «Apple».

Мэсэнджар Telegram у «App Store» ад «Apple».
Фота: Белсат

Блогер Антон Матолька расказаў пра папярэджанні ад адміністрацыі мэсэнджару Telegram, якія 22 студзеня прыйшлі праўладным Telegram-каналам, і апублікаваў скрыншот паведамлення. Крыніцу скрыншоту ён не раскрыў, але дадаў, што такія ж патрабаванні могуць паступіць і ад «Google», якая валодае крамай праграмаў «Play Store».

На скрыншоце – паведамленне, у якім «каманда Telegram» расказвае, што атрымала скаргу ад крамы праграмаў «App Store» кампаніі «Apple» аб тым, што на канале, назва якога замазаная, «распаўсюджваюцца паведамленні, якія зневажаюць годнасць чалавека на падставе ягонай сексуальнай арыентацыі».

Ад каналу запатрабавалі пад пагрозай блакавання выдаліць цягам 36 гадзінаў паведамленні і каментары з такімі выказваннямі, якія зневажаюць годнасць чалавека «паводле прыкметаў рэлігіі, полу, сексуальнай арыентацыі, нацыянальнасці або прыналежнасці да нейкай сацыяльнай групы». Пра знявагу паводле палітычных поглядаў у паведамленні не згадваюць, хоць праўладныя каналы пастаянна такія знявагі публікуюць.

На момант публікацыі на шматлікіх праўладных каналах можна без праблем знайсці мноства абразаў людзей паводле сексуальнай арыентацыі.

Hавiны
ГУБАЗіК і пенісы. Чаму сілавікі засяроджваюць увагу на сексуальным жыцці затрыманых
2021.12.15 01:33

АА belsat.eu

Стужка навінаў