Праз 17 месяцаў СІЗА будуць судзіць Аляксандра Васілевіча. Вось што вядома


24 студзеня мае пачацца суд над Аляксандрам Васілевічам, які застаецца пад вартай больш за 500 дзён. Яму ставяць у віну ўхіленне ад выплаты падаткаў. Але дакладны склад і колькасць артыкулаў стануць вядомыя толькі на судзе.

Саша Васілевіч разам з дачкой Адэляй.
Фота: Данііл Парнюк / The Village

Што варта ведаць пра Аляксандра Васілевіча

  • Яму 47 гадоў, ужо два дні народзінаў ён сустрэў у няволі.
  • Гэта ён стварыў у Менску галерэю «Ў» і бар «Ў» пры ёй – адно з самых папулярных месцаў сярод інтэлігенцыі (да закрыцця ў канцы 2020 года). Таксама ён суўладальнік групы рэкламных агенцтваў «Vondel / Hepta», выдавец і суўладальнік выданняў Kyky.org і «The Village Беларусь». Ягоная жонка Надзея Зелянкова – дырэктарка інтэрактыўнага агенцтва «Red Graphic».
  • Ён быў валанцёрам у выбарчым штабе Віктара Бабарыкі. Першы раз яго пасадзілі на «содні» перад выбарамі з відавочна палітычнай прычыны. Другі раз узялі пад варту пасля выбараў, трымаюць у СІЗА ўжо амаль паўтара года нібыта праз нясплату падаткаў. Але пры тым яго прыводзілі на сустрэчу Лукашэнкі з Бабарыкам і Ціханоўскім у СІЗА КДБ.
  • Пакуль ён быў у няволі, жонка, якая таксама была падазраванай у крымінальнай справе, з’ехала ў Таллін на 9-м месяцы цяжарнасці, нарадзіла другую дачку.
  • З-за кратаў ён напісаў для дачкі кнігу казак пра сябе, пінгвіна і турму. Жонка выдала электронную версію гэтай кнігі для вольнага распаўсюду.

Што дакладна вядома пра крымінальную справу

Аляксандра Васілевіча двойчы затрымлівалі ў 2020 годзе.

Першы раз Васілевіча затрымалі 28 ліпеня, калі ён спрабаваў падаць у Камітэт дзяржаўнай бяспекі хадайніцтва аб асабістай паруцы за Віктара Бабарыку – тады каля КДБ затрымалі паўсотні чалавек, у тым ліку журналістаў. Яго пакаралі 14-дзённым арыштам за тое, што ён нібыта ўдзельнічаў у мітынгу перад будынкам КДБ і крычаў «Свабоду Бабарыку!» (хоць затрымалі яго ў будынку). Пасля арышту – выйшаў на волю, пастанову ж суда скасавалі, накіравалі справу на перагляд і ўрэшце закрылі па сканчэнні тэрміну разгляду.

Другі раз яго затрымалі 27 жніўня пасля допыту ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў і ператрусу ўдома і ў рэдакцыі. Тады сілавікі прыходзілі да ўсіх, хто звязаны з галерэяй «Ў», Kyky.org і «The Village», рэкламнымі агенцтвамі «Vonda / Heptel». З допытаў на волю выйшлі ўсе, акрамя Васілевіча. З таго часу яго трымаюць пад вартай у Следчым ізалятары № 1 на Валадарскага. Абвінавачванне яму выставілі яшчэ 4 верасня, раз на два месяцы працягвалі ўтрыманне пад вартай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: viktar_babaryka / instagram

Але да нядаўняга часу не было вядома нават, за што яго трымаюць пад вартай і паводле якога артыкулу хочуць судзіць: жонка і адвакат не могуць казаць пра гэта праз падпіску аб неразгалошванні, а дзяржаўныя органы і дзяржаўная прэса пра справу маўчаць.

Толькі за два тыдні да суда з судовага раскладу стала вядома, што Васілевіча збіраюцца судзіць за «Ухіленне ад сплаты падаткаў у буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 КК РБ). Пакаранне – ад 3 да 7 гадоў пазбаўлення волі або да 5 гадоў абмежавання волі. Раней другі суўладальнік «Vondel / Hepta» Сяргей Варажун расказваў, што сілавікоў цікавілі «замежныя плацяжы».

Hавiны
Рэдакцыя KYKY, якая працуе ў выгнанні, прапануе крэатыўны мэрч і просіць аб падтрымцы
2021.03.17 18:52

Пры тым Аляксандр Васілевіч быў на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са зняволенымі апанентамі ў СІЗА – разам з Віктарам Бабарыкам і Сяргеем Ціханоўскім. Праваабаронцы лічаць, што сапраўдныя матывы пераследу Васілевіча – палітычныя. 7 верасня 2020 года яго прызналі палітычным зняволеным.

Жонка Аляксандра Васілевіча Надзея Зелянкова кажа «Белсату», што не так і важна, які менавіта артыкул і якія абвінавачванні выстаўляюць Васілевічу: з досведу мінулых судоў зразумела, што незалежна ад абвінавачвання што захочуць, то «дакажуць».

«Якая розніца? – пытае Надзея Зелянкова. – Цяпер гэта падаткі, а было б махлярства ці яшчэ нешта, што заўгодна, вынік можа быць такі самы.

Ідзе нейкая справа, на судзе можна будзе пачуць пракурора, адваката, пазіцыю Сашы, сведкаў… Але гэта ўсё – частка нейкага спектаклю, які будзе разыгрывацца на нашых вачах. А сутнасць адна і тая ж: чалавека трымаюць у турме вельмі-вельмі доўгі час, і мы не ведаем, колькі гэта будзе працягвацца. І якія б абвінавачанні ні былі, мы разумеем, што гэта, хутчэй за ўсё, не мае ніякага дачынення да рэчаіснасці».

Саша Васілевіч і Надзея Зелянкова.
Фота: Данііл Парнюк / The Village

У няволі Васілевіч перахварэў на каронавірус. Яго трымалі ў вельмі халоднай камеры на 12 чалавек – зняволеныя зімой сядзяць там у куртках і шапках. Там на каронавірус перахварэлі ўсе, медычнай дапамогі зняволеным практычна не надавалі. У СІЗА Васілевіча паставілі на ўлік як «схільнага да экстрэмізму».

Як жывецца жонцы, якой давялося з’ехаць з Беларусі цяжарнай і ў статусе падазраванай

Калі ў канцы жніўня 2020 года затрымалі Аляксандра Васілевіча, на допыт павезлі і яго, і цяжарную жонку Надзею. Пасля допыту Надзею вызвалілі. Да нядаўняга часу яна таксама была падазраванай у крымінальнай справе, ды падазрэнне з яе ўрэшце знялі.

Артыкулы
«Абвінавачання няма, але сутнасць ягонага перабывання ў турме ўсім зразумелая». Жонка Сашы Васілевіча – пра зняволенне мужа
2021.10.11 09:00

Надзея Зелянкова ў лістападзе з’ехала ў Таллін, дзе жыве ейная сястра, праз месяц нарадзіла дачку Уршулю. Надзея расказвае «Белсату», што калі прыехала, мусіла спачатку адбыць «каронавірусны» каранцін, а потым шукаць месца, дзе нараджаць. У Талліне з прычыны каронавіруса не заключалі папярэдняй дамовы на роды, таму давялося проста ехаць у клініку і нараджаць у парадку «тэрміновай медычнай дапамогі».

Роды прайшлі нармальна. Амаль з першага дня пасля родаў Надзея вярнулася да працы, паралельна займалася дзецьмі. Не працаваць было б «раскошай, якую не магла сабе дазволіць». Апошнія месяцы даглядаць Урушулю і старэйшую дачку Адэлю дапамагае маці.

Надзея Зелянкова.
Фота: Данііл Парнюк / The Village

Аляксандр у няволі пабачыў фота дачкі. Надзея расказвае, што асобныя фотаздымкі за краты праходзяць цяжка, але ёсць «лайфхак»: набраць ліст на камп’ютары і ўставіць фота ў файл. Але і так лісты ходзяць нестабільна: то затрымліваюцца, то не даходзяць.

«Калі ўсё добра працуе, можна атрымаць ліст ад яго за два дні, – кажа Надзея. – Гэта такое ўжо адчуванне сувязі, больш-менш актуальную інфармацыю атрымоўваеце. Але гэта калі лісты нармальна ходзяць».

Як Аляксандр трымаецца за кратамі і як старэйшая дачка перажывае зняволенне бацькі

У верасні 2021 года Надзея Зелянкова апублікавала ў вольным доступе электронную версію кнігі «Тата і Пінгвін» («Папа и Пингвин») – 9 казак, якія Аляксандр Васілевіч напісаў для старэйшай дачкі Адэлі, якой цяпер 8 гадоў. Яна чытала тыя казкі, частка ілюстрацыяў у кнізе – ад самой Адэлі. У лістападзе Васілевіч з гэтай кнігай стаў адным з сямі лаўрэатаў літаратурнай прэміі імя Францішака Аляхновіча. Апублікаваныя яшчэ не ўсе казкі ад Аляксандра – можа быць працяг.

«Казкі ён піша не для нас, піша для дачкі, гэта ягоныя лісты, – тлумачыць Надзея. – Ён піша тое, што, магчыма, дзіцёнку не вельмі лёгка зразумець – усе тыя адценні, што мы з вамі бачым. Але агульны сюжэт і агульны настрой дачка, безумоўна, пераймае. Піша яму казкі ў адказ».

Як зняволенне бацькі паўплывае на Адэлю, маці яшчэ не ведае – гэта стане зразумела пазней. Але за апошнія паўтара года дачка вельмі змянілася, вырасла, дапамагае матулі. У жыцці дачкі шмат зменаў: і сястра, і новая краіна, новая школа і новыя людзі. Ейны настрой, кажа маці, такі: тата павінен выйсці, трэба думаць толькі пра добрае, і калі думаць пра добрае, то добра і будзе. Нельга сказаць, што ёй проста, але да зменаў яна адаптуецца.

Надзея Зелянкова i Саша Васілевіч разам з дачкой Адэляй.
Фота: Надя Зеленкова / Facebook

Першая казка ў кнізе – «Тата і Пінгвін, або Як застацца ў нармальным настроі ў турме». Ці праўда Аляксандру ўдаецца заставацца ў нармальным настроі?

Надзея кажа, што як і любы чалавек, бывае аптымістычным, песімістычным, дэпрэсіўным. Безумоўна, лічыць час у няволі марным, хоча пабачыць жонку і дзяцей, працаваць у сваім офісе. Але агульны настрой хутчэй за ўсё нармалёвы, мяркуе жонка. Ёсць сітуацыі, у якіх ён нешта можа змяніць і мяняе, а калі сітуацыя ад яго не залежыць, «не вельмі эфектыўна сядзець і плакаць увесь час».

«Людзі, якія сядзяць у турме, выконваюць нечаканую функцыю: яны падтрымліваюць усіх тых, хто звонку, – разважае Надзея. – Магчыма, гэта і ў абодва бакі ідзе. Але часцей людзі пішуць яму пра свае праблемы, а Саша ім піша пра тое, як гэтыя праблемы вырашаць і як да іх ставіцца».

За тыдзень да суда Надзея пахвалілася ў Facebook: Аляксандр у СІЗА штодзень робіць звыш 1100 адцісканняў.

АА belsat.eu

Стужка навінаў