Міграцыйны крызіс не сканчаецца, нягледзячы на снег і маразы.
Памежная ахова Польшчы паведаміла аб затрыманні 22 снежня на польска-беларускай мяжы ў раёне Дубічаў Царкоўных групы з 6 чалавек: нелегальна перайсці мяжу спрабавалі два грамадзяніна Камеруну, два – Гвінеі, а таксама грамадзянін Ганы і грамадзянін Камеруну. Яшчэ адну групу з 11 грамадзянаў Іраку затрымалі ў раёне Чарэмчы ў ноч на 23 студзеня.
На літоўска-беларускай мяжы тым часам спакойна: за мінулы тыдзень было толькі 18 спробаў незаконна перайсці мяжу. Але міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце заявіла, што спакой падманлівы: як перадае «Delfi», яна патлумачыла, што групы мігрантаў, якіх гвалтоўна выштурхваюць на мяжу беларускія сілавікі, могуць з’явіцца ў люьы момант, могуць паспрабаваць учыніць гвалт.
Апошняе паведамленне пра латвійска-беларускую мяжу было аб інцыдэнце 21 студзеня. Тады мяжу спрабавалі незаконна перайсці 45 чалавек, але спробу прадухілілі, нікога не затрымалі.
У лагеры мігрантаў у літоўскім Медынінкаі мігранты скардзяцца на жорсткае абыходжанне: на відэа трапіла тое, як літоўскія сілавікі кудысьці вядуць жанчын, якія вырываюцца, адну цягнуць па снезе. Паводле мігрантаў, у лагер прыбылі консулы з Конга, якія вырашаюць пытанне аб вяртанні мігрантаў на радзіму, а самі мігранты не хочуць з імі сустракацца.
Паводле Службы аховы мяжы Літвы, адносна мігрантаў ужываюць «мяккую сілу», калі яны не падпарадкоўваюцца і адмаўляюцца сустракацца з дыпламатамі, а жанчыну «пазбавілі ціску іншых замежнікаў», якія заклікалі яе не ісці да консула і паводзілі сябе агрэсіўна.
У Нямеччыне – галоўным напрамку нелегальнай міграцыі з Блізкага Усходу праз Беларусь – зарэгістравалі ўжо 11 449 мігрантаў, звязаных з «беларускім калідорам».
АА belsat.eu