Перадалімпійскі этап Кубка свету па біятлону скончыўся для беларусаў медалём. Якія шанцы на ўзнагароды ў Пекіне?


Пакуль заўчасна называць прозвішчы тых, хто зможа прывесці медалі з Алімпіяды ў біятлоне. Відавочна адно: нам трэба ставіць на эстафеты. Яны, прынамсі, атрымліваюцца ў беларусаў у сёлетнім сезоне найлепей.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ганна Сола на этапе Кубка свету па біятлоне ў Хохфільцэне, 9 снежня 2021 г., Аўстрыя, Тыроль.
Фота: Christian Einecke / imago sport / Forum

Своеасаблівая змена пакаленняў у нашым біятлоне прынесла найбольш відавочныя поспехі ў гэтым сезоне. Праўда, калі казаць пра беларусак, то іх у складзе нацыянальнай каманды было толькі дзве: нарадзінка Сянно Віцебскай вобласці Ірына Лешчанка (Крыўко), якая стала алімпійскай чэмпіёнкаю ў эстафеце ў 2018-м, ды Ганна Сола. Яна таксама з Віцебшчыны, толькі з Шуміліна. І лідар мужчынскай зборнай Антон Смольскі беларус. Ён з пасёлку Пясочнае Капыльскага раёну Менскай вобласці. У складзе абвешчанага перад пачаткам сезону складу ўдзельнікаў Кубка свету быў сярод мужчын толькі адзін не беларус – Сяргей Бачарнікаў. Па хадзе сезону дадаўся расеец з Удмуртыі Мікіта Лабастаў.

Медаль была блізкай ад старту

Першы ж этап Кубка свету ўзняў на чацвёртае месца Дынару Алімбекаву. І гэта ў самай складанай, класічнай індывідуальнай гонцы на 15 кіламетраў. Спрынт у тым жа шведскім Эстэрсундзе завёў у кветкавую цырымонію ўжо дзвюх дзяўчат зборнай Беларусі: Алімбекава зноў стала чацвёртаю, а на пятую пазіцыю ўзнялася Ганна Сола. Але далей Дынара сцішыла тэмп, а Сола вырвалася ў сапраўдныя лідаркі каманды. Ейная бронза ў спрынце – найвышэйшае на той час дасягненне ў кар’еры. І першы медаль нацыянальнай каманды ў гэтым алімпійскім сезоне. Сола, якая напоўніцу прыйшла ў зборную Беларусі пасля рэструктурызацыі калектыву, выкліканай сыходам з вялікага спорту Домрачавай і Надзеі Скардзіна, у сезоне 2018-2019 гадоў ішла ўгору крок за крокам. А два гады таму ўвогуле паказала найлепшы вынік з усёй беларускай каманды за сезон 2019-2020. І хоць гэта быў не медаль (чацвёртае месца), але Аня ўжо зацвярджала сябе лідаркаю спрынту ў нацыянальнай зборнай. І пры тым, яна не надта (прынамсі знешне) прыціснутая псіхалагічна з-за таго, што ёсць адзінаю, хто не падпісаў «ліст Кавальчука». А затым, на тым жа другім сёлетнім этапе, Сола дапамагла нашай эстафетнай чацвёрцы дацягнуцца да срэбраных медалёў.

Даведка

Напярэдадні сезону 2021-2022 беларускі біятлон страціў двух вядомых настаўнікаў: у кастрычніку спачыў 60-ці гадовы Рыгор Лядаў, бацька былога чальца зборнай Беларусі, бронзавага прызёра юніёрскага чэмпіянату свету і дарослага чэмпіянату Еўропы ў эстафетах Юрыя Лядава. А пасля не стала нават маладзейшага Канстанціна Вайгіна. Самым гучным яго поспехам стала бронза жонкі Ліліі Яфрэмавай на Алімпіядзе ў Турыне. Яна, расяянка з Чувашыі, спачатку не прабілася ў склад сваёй зборнай, перайшла ў каманду Беларусі і без вялікіх поспехаў сышла з яе. А ўзнімалася на трэцюю прыступку п’едэсталу гонару пасля эстафетнай гонкі на Гульнях-2006 пад сцягам зборнай Украіны.

Трэці этап і зноў Сола! Цяпер яна – пераможца спрынту ў Гохфільцэне (Аўстрыя). Але гэта было пасля таго, як Антон Смольскі, двойчы раней браўшы шасцёрку наймацнейшых, зрабіў сапраўдны фурор сваім трэцім месцам у спрынтарскай гонцы. Справа ў тым, што папярэдні пʼедэстал мужчынскай зборнай Беларусі здарыўся больш за пяць год таму, калі 1 снежня 2016-га Уладзімір Чапелін заваяваў бронзу ў індывідуальнай гонцы на 20 кіламетраў. А Сола працягвала сваю справу. У гонцы пераследу трэцяга этапу ў яе – срэбны медаль. Агулам у першай траціне сезону абедзве нашыя прадстаўніцы ў пяцёрцы наймацнейшых агульнага заліку Кубка свету.

Пачатак году – і зноў Сола! І зноў удалым стаў каронны спрынт. На праваслаўныя Каляды другое месца ў нямецкім Обэргофе. Але і гэта яшчэ не ўсё: на другім этапе Кубка свету запар у Беларусі адразу па тры пʼедэсталы. Эстафета-мікст, у якую ўвайшлі ўсе нашыя сёлетнія «зоркі» Сола, Алімбекава і Смольскі ўзяла срэбра. А Алімбекава яшчэ і бронзавы медаль у гонцы пераследу. 13 студзеня Антон Смольскі працягнуў упарта імкнуцца да вяршыні пʼ едэсталу і заехаў на трэцяе месца ў спрынце. Гэты, шосты этап Кубка планеты ў нямецкім Рупольдынгу, канчаткова прадвызначыў магчымасці заявак нацыянальных камандаў на Алімпіяду-2022 у Пекіне.

Яны фармаваліся з месцаў зборных у Кубку Нацыяў, дзе трэба было ўвайсці ў 12 наймацнейшых з улікам вынікаў мінулага сезону. Максімальную квоту – 6 спартоўцаў – атрымлівалі першыя тры зборныя ў мужчынаў і жанчын. Што найбольш бяспечна для каманды ў ковідны час. Умоўна кажучы, калі адзін спартовец выпадае з-за станоўчага тэсту, то больш варыянтаў застаецца з іншымі. Мужчынская і жаночая зборныя Беларусі на час заканчэння кваліфікацыі мелі пятыя камандавыя месцы, а значыць, і вязуць па пяць біятланістаў у Пекін. Ужо як там складзецца з тэстамі – пытанне непрадказальнае. А таму зараз і заўчасна дакладна называць прозвішчы спадкаемцаў беларускіх медалістаў Алімпіяд у біятлоне. Відавочна адно: нам трэба ставіць на эстафеты. Яны, прынамсі, атрымліваюцца ў беларусаў у сёлетнім сезоне найлепей.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. На фота Дзінара Алімбекава падчас чэмпіянату свету па біятлоне ў Швецыі, 28 лістапада 2021 г.
Фота: TT NEWS AGENCY / Reuters / Forum

Альбо масс-старт, дзе, як аказалася, мы таксама можам. Што і даказала сёння Дынара Алімбекава, узабраўшыся на другую прыступку пʼедэсталу гонару ў італьянскім Антгольцы. Такім чынам, толькі на двух з сямі сёлетніх этапаў Кубка планеты Беларусь фінішавала без медалёў. Выдатны камплект вынікаў. І, маючы такі багаж, не верыцца, што ў Пекіне нас міне пʼедэстальнае шчасце.

Інтэрв’ю
Аляксандра Герасіменя прадала другі медаль праз NFT-аўкцыён. Што яшчэ выстаўляюць беларускія спартоўцы?
2022.01.18 16:34

АП belsat.eu

Стужка навінаў