22 чэрвеня 1941 – як у Беларусі так і не пачалася Вялікая Айчынная вайна

«Падзеі лета 1941 года назаўсёды падзялілі гісторыю краіны на да і пасля вайны» – гэтыя словы гучаць даволі рэгулярна з вуснаў палітыкаў і публіцыстаў, хоць мала хто, падобнае на тое, разумее, што гэтая фраза ў стылі «капітан відавочнасць» павінна азначаць.

Любая апошняя значная вайна на нейкай тэрыторыі робіцца, умоўна кажучы, «проста вайной», а час дзеліцца на «да вайны» і «пасля вайны». Паразмаўляйце, напрыклад, з украінцамі – у іх зараз «да вайны» азначае «да акупацыі Крыму і пачатку вайны на Данбасе», а зусім не да 1941 года.

У гэтым сэнсе нам, беларусам, канешне пашанцавала. Вайна, якую мы называем проста вайна, рэдка ўдакладняючы назву і даты, для нас была даўно.

Але ж што за вайна пачалася 22 чэрвеня 1941 года?

У беларускіх афіцыйных падручніках па гісторыі пішуць, што гэта пачалася Вялікая Айчынная вайна, бо «Савецкі Саюз ставіў за мэту абарону Айчыны», а «па маштабах баявых дзеянняў вайна была сапраўды Вялікай».

Якую Айчыну мае на ўвазе беларускі падручнік? Нашу Беларусь?

Аднак Беларусь, хоць і абвесціла незалежнасць у 1918 годзе, стала суверэннай дзяржавай толькі дзякуючы таму, што Савецкі Саюз канчаткова знік з мапы свету. Калі ёсць СССР – няма незалежнай Беларусі. Перастаў існаваць СССР – дзякуючы гэтаму і паўстала незалежная Беларусь. Такім чынам абсалютна незразумела, чаму ў беларускіх школах дагэтуль вучаць арыентавацца на савецкія характарыстыкі нейкіх гістарычных падзеяў.

Аказваецца, айчынных войнаў у Расеі нарабіць могуць колькі заўгодна. А потым навязваць іх беларусам. Крыніца: «Герои и жертвы Отечественной войны 1914,1915 и 1916 гг»

Вось, напрыклад, у Расейскай імперыі Другой Айчыннай вайной называлі Першую сусветную. Але ж ані мы ў Беларусі, ані ў СССР так Першую сусветную не называлі. Ну якая яна беларусам айчынная? Хто там ваяваў за нашу Айчыну – расейскі цар, нямецкі ці аўстрыйскі імператары? І вайну 1812 году таксама мы не называем айчыннай, пра гэта ў 2012 годзе пісалі нават Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук і Міністэрства адукацыі.

Як і расейскі цар у 1914 годзе, гэтак і Савецкі Саюз не ваяваў за нашу незалежную айчыну, як раз наадварот, ён ваяваў за тое, між іншым, каб Беларусь заставалася пад савецкім кантролем, і ні ў якім разе не стала незалежнай. Любыя заклікі да незалежнасці Беларусі былі ў СССР злачынствам, за што і пераследавалі «беларускіх буржуазных нацыяналістаў».

Вайна для беларусаў пачалася даўно…

Пакуль Сталін яшчэ абдымаўся з Гітлерам і слаў яму святочныя тэлеграмы, беларусы ўжо пачалі ваяваць з фашыстамі з першага дня Другой сусветнай вайны. Беларусь сустрэла Другую сусветную вайну падзеленай на дзве несвабодныя паловы – Усходнюю, якая была пад уладай расейскіх бальшавікоў, і Заходнюю, якая была пад кантролем Польшчы.

Першыя стрэлы вялікай вайны для беларусаў прагучалі не 22 чэрвеня 1941 году, а 1 верасня 1939 году, калі дзясяткі тысяч сыноў беларускай зямлі служылі не ў савецкай, а ў польскай арміі.

І ў гэты час СССР быў ворагам гэтых беларусаў – дзеянні нямецкіх і савецкіх войск каардынаваліся, зоны акупацыі былі падзеленыя. Ужо 3 верасня нямецкая амбасада ў Маскве запытвалася: калі ж савецкія войскі нападуць на Польшчу з усходу? Масква адказвала: «абавязкова… Але мы лічым, што гэты момант яшчэ не наступіў», а «паспешнасцю можна сапсаваць справу».

Савецкая газета 1939-га года пра сяброўства Гітлера і Сталіна.
Фота: beam_truth.livejournal.com

То бок, калі заходнія беларусы (разам з палякамі і заходнімі ўкраінцамі ў складзе польскага войска) пралівалі кроў у вайне з нацызмам, СССР гандляваўся з Гітлерам і дамаўляўся ўдарыць беларусам у спіну.

А тэзіс пра «Вялікую Айчынную вайну савецкага народу» з’явіўся ў савецкай прапагандзе ў чэрвені 1941 года. Што гэта за «савецкі народ» такі, куды ён падзеўся 29 год таму, і якое дачыненне да яго мае беларускі народ? Чаму беларускі народ мусіць лічыць Айчыннай вайной «айчынную вайну» нейкага неіснуючага «савецкага народу»? Ніякіх адказаў дагэтуль няма.

Увогуле прыхільнікі не беларускай, а савецкай версіі гісторыі вызначаюцца дзіўнай непаслядоўнасцю. Для іх, калі беларусы ваявалі з нацыстамі ў 1939 годзе, гэта не была «айчынная вайна», а як толькі сябра Сталіна Гітлер на гэтага самага Сталіна напаў, дык раптам «айчынная вайна» пачалася.

22 верасня 1939 года ў Берасце. «Нямецка-расейскі парад перамогі» – тады камуністы і нацысты зноў дзялілі Беларусь і яшчэ сябравалі

А што ж здарылася? Чаму гэта беларусаў павінны ўвогуле цікавіць хто там на каго напаў з гэтай цёплай парачкі дыктатараў? Чаму беларусы павінны ставіць сваю гістарычную тэрміналогію ў залежнасці ад камуністычна-нацыстоўскіх сяброўстваў ці спрэчак, дый да таго ж яшчэ і падтрымліваць прапаганду аднаго з іх?

«Даваенная»… вайна

Пры гэтым і да 22.06.1941, і да 1.09.1939 беларусы жылі зусім не ў мірных умовах. Краіна, якая абвесціла сваю незалежнасць 25 сакавіка 1918 года, жыла пад акупацыяй, прычым пад камуністычнай акупацыяй беларусы былі ахвярамі масавага тэрору, рабаванняў, ссылак.

Толькі ў 1937-1938 гадах камуністы ў СССР афіцыйна расстралялі 681 692 чалавекі. Гэта прыкладна ў 1000 раз болей, чым было афіцыйна забіта ў нацыстоўскай Нямеччыне да пачатку Другой сусветнай вайны.

Гэта ў некалькі разоў больш, чым СССР згубіў забітымі ў адкрытай і жорсткай савецка-фінскай вайне.

Целы забітых камуністамі ў савецкіх турмах.
Фота: wikipedia.org

Дагэтуль дакладна невядома, колькі тысячаў беларусаў загінула падчас савецкага тэрору ў Усходняй Беларусі ў 20-30-ыя гады. Улады Беларусі не хочуць адчыніць архівы спецслужбаў ці пачаць археалагічнае вывучэнне месцаў камуністычных злачынстваў. Яшчэ сотні тысяч былі адпраўленыя ў турмы і канцэнтрацыйныя лагеры, высланыя на Дальні Усход, Сібір і Казахстан.

Камуністычна-нацыстоўскае сяброўства дазволіла Маскве з восені 1939 года і на тэрыторыі Заходняй Беларусі выкарыстоўваць такія ж метады ліквідацыі ўсіх, хто мог крытычна ставіцца да «дасягненняў сацыялістычнага ладу».

Першая хваля масавай дэпартацыі пачалася ў лютым 1940 года. 21 лютага кіраўнік НКУС БССР Лаўрэнцій Цанава накіраваў ліст першаму сакратару Цэнтральнага Камітэту Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі Панцеляймону Панамарэнку:

«Операция началась на рассвете 10 февраля. К концу дня в основном была завершена. В связи с высокими морозами (-37..-42 градуса), пургой и большими заносами, погрузка в эшелоны затянулась до 13 февраля… Общее количество репрессированных составило 9854 хозяйства (50 732 человека)».

Толькі ў лютым 1940 году камуністы адправілі ў ГУЛАГ больш за 50 тысяч жыхароў Заходняй Беларусі. Да вясны з іх загінула больш за 11 500 чалавек, у асноўным дзеці і старыя

Другая дэпартацыя адбылася 13 красавіка 1940 году, падчас якой з Заходняй Беларусі было выселены 26 777 чалавек. Наступная хваля дэпартацыі была выкананая 29 чэрвеня 1940 году, у Сібір было вывезена 22 879 асобаў. У часе чацвёртай дэпартацыі ў чэрвені 1941 г. было вывезена 22 353 чалавек.

Шмат тысячаў былі гвалтоўна загнаныя на працы ў розныя прадпрыемствы і шахты ў іншых рэгіёнах СССР. Апошні эшалон з тымі, хто быў адпраўлены ў выгнанне, адыходзіў з Берасця 21 чэрвеня 1941 года.

Характэрна, што ані Цанава, ані Панамарэнка не былі беларусамі і не мелі ніякага дачынення да Беларусі перад прызначэннем на свае фактычна галоўныя ў марыянетачнай «рэспубліцы» пасады – яны абодва былі прысланыя кіраваць БССР у 1938 годзе пасля некалькіх хваляў масавых расстрэлаў мясцовага кіраўніцтва.

Гэтак і выглядала савецкая акупацыя Беларусі.

Для беларусаў – не айчынная, а новая ў дадатак да папярэдніх

Такім чынам, «савецкі народ», што б пад гэтым не разумець, ніякую «айчынную вайну» за свабоду Беларусі не вёў. Пасля вайны СССР працягнуў тую ж самую акупацыю Беларусі, пакуль не пачаў слабець і ў выніку не разваліўся.

Беларусы, памятаючы савецкі тэрор, зусім не гарэлі жаданнем за СССР ваяваць. Напрыклад, у Берасці і Беластоку 22 чэрвеня людзі пабеглі штурмаваць турму НКВД, каб вызваліць сваіх сяброў і сваякоў.

Мясцовыя жыхары зносяць Леніна ў Беластоку. Кадр з кінахронікі, 1941 год

«Варожыя элементы… вызвалілі з турмаў больш за 3000 арыштаваных… адкрылі стральбу з вакон па частках і тылах нашых войск, якія праходзілі [праз горад], выкарыстоўваючы для гэтага схаваную зброю былой польскай арміі і кінутае нашымі часткамі», – напіша ўжо 13 ліпеня начальнік 3 аддзелу (контрвыведка) 10-й савецкай арміі палкавы камісар Лось у сваім рапарце пра падзеі ў Беластоку.

А вось сітуацыю ўжо пад Горадняй яшчэ перад 22 чэрвеня 1941 года апісвае савецкі курсант:

«Без зброі і па аднаму нам не дазвалялася нікуды адлучацца… У першай роце нашага батальёна аднойчы знік дазор з двух байцоў. Праз некалькі дзён аднаго з іх знайшлі прышпіленым да зямлі штыком ягонай жа вінтоўкі, другога ўвогуле не знайшлі».

Не дзіва, што камуністычнае кіраўніцтва на Гарадзеншчыне таксама збегла «задоўга да адыходу нашых адзінак, прычым, замест таго, каб вывозіць дзяржаўныя матэрыяльныя каштоўнасці, вывозілі транспартам асабістыя рэчы».

Такіх прыкладаў актыўных выступаў беларускага насельніцтва супраць савецкай акупацыі ў той час – сотні. Мы дагэтуль не ўяўляем, наколькі масавымі былі радыкальна антысавецкія пачуцці ў Беларусі ў 1941 годзе.

Вось агульная ацэнка з іншага боку – ужо нямецкага:

«3 Танкавая група [армія]

11 ліпеня 1941 года

…Неабходна адзначыць, што пакуль што беларускае насельніцтва, то бок насельніцтва раёну прыкладна да лініі Гомель – Касцюковічы – Клімавічы, Горкі, Дуброўна, Віцебск, Гарадок) вяло сябе бездакорна… Той давер цывільнага насельніцтва да нямецкіх узброеных сіл і той падʼём, з якім мясцовыя жыхары сустрэлі сваё вызваленне ад савецкага рэжыму, не павінны быць падарваныя некарэктнымі ці няправільнымі дзеяннямі асабістага складу арміі».

Але сіла, якая праганяла камуністаў, аказалася ня менш злачыннай за іх. Распачалася новая трагедыя, у якой наш народ змагаўся са злачынцамі розных колераў і цярпеў пакуты адначасова ад камуністычнага і нацыстоўскага тэрору.

Малады Казімір Свёнтак. Фота realbrest.by

У пэўным сэнсе дакладным сімвалам становішча Беларусі ў гэты час зʼяўляецца гісторыя беларускага кардынала Казіміра Свёнтка, які быў тады маладым святаром:

«22 чэрвеня я выйшаў на свабоду – дзякуючы нападу гітлераўскай арміі на Савецкі Саюз. Гітлераўцы ўратавалі мяне ад расстрэлу чэкістамі. Пачаў служэнне, якое працягваў да 1944 года, калі зноў прыйшла савецкая армія. У гэты час гестапаўцы збіраліся вывезці мяне ў лес на расстрэл. Але гэтым разам Саветы ўратавалі мяне ад смерці ад рук гестапа. Я зноў пачаў служэнне ў Пружанах, аднак праз паўгады з таго ж парафіяльнага дому КДБ зноў арыштавала мяне, і пасля допытаў у турме ў 1945 годзе мяне асудзілі на 10 год катаргі ў лагерах ГУЛАГу».

Дык дзе тая «Вялікая Айчынная» для Беларусі? Адна акупацыя змянілася другой, пачалася крывавая барацьба СССР і Нямеччыны – савецка-нямецкая вайна. Потым вярнулася савецкая акупацыя – і працягвалася да таго часу, пакуль Беларусь не стала вольнай.

Васіль Быкаў з іншымі ветэранамі пад бел-чырвона-белым сцягам.
Фота: Pinterest

Ці адмяняе гэта бязмежную трагедыю беларускіх ахвяраў? Ці адмяняе гэта вялізны гераізм беларусаў, якія ваявалі? Вядома, не. І гераізм, і пакуты былі, яны заслугоўваюць вечнай памяці, ушанавання і вывучэння.

Аднак савецкая хлусня дыскрэдытуе гераізм і пакуты нашых продкаў, а таксама саму сучасную беларускую дзяржаву, ад імя якой гэтую хлусню пашыраюць.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў