Хто будзе кіраваць Беларуссю, калі не стане Лукашэнкі? І ці звольняць усіх чыноўнікаў


Хто заменіць 200 тысяч службоўцаў дзяржапарату, якія зараз працуюць на рэжым Лукашэнкі, калі адбудуцца перамены. І ці ўсіх трэба мяняць? Пра гэта, а таксама пра нюансы функцыянавання дзяржавы ў пераходны перыяд вялася гаворка ў межах дыскусіі, прысвечанай рэалізацыі новай праграмы Аб’яднанага пераходнага кабінету «Кадравы рэзерв для новай Беларусі». Сустрэча адбылася ў Варшаве 22 снежня.

«Калі кажам пра замену кадраў існага рэжыму, то цудоўна разумеем, што гэты працэс не закране ўсіх і кожнага, хто працуе зараз у беларускім дзяржапараце.

Нашае пасланне такое: калі ты прафесіянал, калі ты не чыніў рэпрэсіяў, не займаўся звальненнем падначаленых з палітычных матываў, калі ты не фальсіфікаваў выбараў – ты можаш знайсці сабе месца ў новай камандзе», – кажа намеснік прадстаўніка Абʼяднанага пераходнага кабінету і адказны за фармаванне кадравага рэзерву Юрась Губарэвіч.

Трэба будзе замяніць 900 чыноўнікаў з рэестру Лукашэнкі

Кампанія «Кадравы рэзерв для новай Беларусі» стартавала ў лістападзе 2022 года. Каб стаць удзельнікам праграмы і кандыдатам на кіроўную пасаду ў дэмакратычнай Беларусі, прапануюць зрабіць усяго 5 крокаў: ад падачы заяўкі і падрыхтоўкі – да працы ў камандзе рэфарматараў. Кампанія скіраваная на ўсіх беларусаў: і на тых, хто выехаў з краіны, і на тых, хто застаўся там, у тым ліку – на дзейных чыноўнікаў рознага ўзроўню.

Юрась Губарэвіч у студыі «Белсату».
Фота: belsat.eu

Паводле Юрася Губарэвіча замене будзе падлягаць 900 чыноўнікаў з кадравага рэестру Лукашэнкі.

«Нашая задача – падабраць новых людзей, падрыхтаваць іх належным чынам, сфармаваць каманду пераменаў і быць гатовымі да рэалізацыі рэформаў», – гаворыць Юрась Губарэвіч.

Павел Латушка: Такім патэнцыялам пакуль не валодаем

Па словах намеснік кіраўніка Абʼяднанага пераходнага кабінета Беларусі ў пытаннях транзіту ўлады Паўла Латушкі, праграма «Кадравы рэзерв для новай Беларусі» ужо атрымала за месяц працы 125 заявак, з іх 40 % ад тых, хто застаецца ў краіне і 20 % ад асобаў, якія працягваюць працаваць у дзяржаўных арганізацыях Беларусі. У топе – дыпламаты, эканамісты, юрысты, спецыялісты ў сферы фінансаў і прамысловасці.

«Гэтая праграма накіраваная найперш на фармаванне кадравага рэзерву на мясцовым узроўні – для рай- і гарвыканкамаў, магчыма, аблвыканкамаў. Палітычнае ж кіраўніцтва краіны мусіць быць сфармаванае на ўзроўні палітычных структур, якія зараз дзейнічаюць на дэмакратычным полі, і гаворка, у першую чаргу, пра Абʼяднаны кабінет, які зʼяўляецца фактычна транзітным урадам Беларусі», – патлумачыў Павел Латушка.

Беручы адказнасць на транзітны перыяд, Кабінет, як мяркуе Латушка, павінен мець палітычнае прадстаўніцтва на ўзроўні ўсіх міністэрстваў у Беларусі. Такім патэнцыялам пераходны ўрад пакуль не валодае, але працэс распачаты. Ён прадугледжвае максімальна шырокую грамадска-палітычную кааліцыю.

Выбраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская і сябра Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка. Польшча. 2 снежня 2022.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Павел Латушка расказаў, што ў межах праграмы ўжо падрыхтаваная кадравая матрыца, у якой пералічаныя 45 тысяч дзяржаўных службоўцаў, якія падлягаюць замене.

«Мы на сёння не ў стане замясціць усе 45 тысяч пасадаў», – зазначае Павел Латушка і кажа, што «зважаючы на сітуацыю, часу на фармаванне рэзерву крытычна мала».

З ягоных словаў, кадравы рэзерв можа папаўняцца дзейнымі палітычнымі актарамі, а таксама беларускімі чыноўнікамі ніжэйшага рангу, якія зʼяўляюцца прыхільнікамі перамен і ў ключавы момант далучацца да каманды рэфарматараў («І нашая праграма для іх – гэта пропуск у будучыню».).

«Таксама неабходна стварыць такі падыход, каб прапанаваць палітычным актарам, якія зараз знаходзяцца ў палітычным зняволенні, далучыцца да кіраўніцтва будучай Беларусі. Бо ў турмах зараз вельмі шмат таленавітых, падрыхтаваных, прафесійных людзей, якія, безумоўна, будуць браць удзел у кіраванні і ў транзітны, і ў пераходны перыяды», – падкрэсліў Павел Латушка.

«Нам патрэбная максімальна простая сістэма кіравання»

На думку намесніка кіраўніка Пераходнага кабінету Беларусі, не павінна быць абмежаванняў і з пункту гледжання грамадзянства прадстаўнікоў дыяспары, ты больш што ў некаторых з іх яно будзе, хутчэй за ўсё, проста адабранае рэжымам.

«Нам патрэбная будзе максімальна простая сістэма кіравання, вельмі дакладная сістэма, якая падзеліць галіны ўлады. Сістэма стрымання і супрацьвагі. Зараз зашмат органаў якія лішнія, бо створаныя дзеля адной мэты – умацаваць уладу адной асобы», – сказаў Павел Латушка.

Палітык заўважыў, што ў транзітны перыяд будзе позна прымаць рашэнне аб тым, якая Канстытуцыя будзе дзеяць у новай Беларусі, таму ўжо цяпер трэба «глыбока і дэталёва прааналізаваць і прыняць грамадска-палітычнае рашэнне», ці выкарыстоўваць «базавы сцэнар» – Канстытуцыю 1994 года.

Закрануўшы пытанне будучай люстрацыі ў Беларусі, Павел Латушка паабяцаў, што ніхто нікога не будзе рваць на шматкі, чым звычайна пужае Лукашэнка.

«Калі дзяржслужбовец учыніў злачынства, ён будзе адказваць у межах адпаведнай судовай сістэмы. Следства, абвінавачанне, судовае рашэнне. Толькі гэта будзе інструментам для люстрацыі», – заўважыў Павел Латушка.

Анатоль Лябедзька: Калі не зробім гэтай працы – будзе тромб

«Тут вельмі канкрэтна трэба працаваць. Калі ў нас ёсць 1100 суддзяў у Беларусі, то задача для кадравага рэестру падрыхтаваць 1200 патэнцыйных суддзяў, якія адным момантам увойдуць у гэтую сістэму. Гэта ключавыя артэрыі, і, калі не зробім гэтай працы, – будзе тромб», – заявіў падчас канферэнцыі прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па парламенцкай супрацы і Канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька на форуме Каліноўскага ў Бруселі, Бельгія. 21 чэрвеня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Справу падрыхтоўкі кадраў будучага палітык назваў звышактуальнай і распавёў пра працу над праектам Канстытуцыі новай Беларусі. Па ягоных словах, «гэта якасны праект», які прайшоў ужо тры чытанні.

«Ужо маем праект Канстытуцыі. Але сёння ўсё вельмі хутка змяняецца, і вайна ўнесла карэктывы. На пачатку наступнага года будзем уносіць радыкальныя прапановы, каб замацаваць у праекце еўраатлантычны выбар Беларусі. Не будзем рабіць гэта самастойна, але запускаем дыскусію. Давайце будзем гэта абмяркоўваць», – заклікаў Анатоль Лябедзька.

Палітык паабяцаў аднавіць дыскусію ў моўным пытанні, бо, на ягоны погляд, у сувязі з вайной «варыянт дзвюхмоўя не пасуе да нашай сітуацыі».

Анатоль Лябедзька выказаў прыватнае меркаванне наконт пагрозы, якое нясе вяртанне да Канстытуцыі 1994 года.

«У ёй прапісаная прэзідэнцкая форма кіравання. А гэта тое, чаго больш за ўсё цяпер баяцца беларусы», – зазначыў Лябедзька.

Вяртаючыся напрыканцы выступу да кадравага пытання, ён заўважыў, што ў Беларусі перажываецца зараз «кадравая рэвалюцыя»: «Гэта калі калгасны магілёўскі клан замяняецца ваенным кланам. Калі не памыляюся, траціна з 38 чальцоў кабінету ўраду – гэта генералы».

Анатоль Лябедзька прапанаваў зладзіць кааліцыю са стваральнікамі кадравага рэзерву новай Беларусі.

Арцём Праскаловіч: Не ўсё так кепска ў нашым заканадаўстве

Пра тое, якімі кадравымі прынцыпамі і падыходамі кіруецца зараз рэжым Лукашэнкі, распавёў намеснік прадстаўніка Абʼяднанага пераходнага Кабінету і былы юрыст лукашэнкаўскай адміністрацыі Арцём Праскаловіч.

Ён упэўнены, што дэмакратычным уладам будучай Беларусі напачатку давядзецца карыстацца той нарматыўна-прававой базай, якая на сёння існуе ў краіне. Гэта больш за 200 тысяч дзейных актаў, і ў адзін момант адмовіцца ад іх будзе немагчыма.

«Важны нюанс: усё залежыць ад практыкі. Не ўсё так кепска ў нашым заканадаўстве. І не такі кепскі наш Выбарчы кодэкс, іншая справа – як яго прымяняюць на практыцы. І ў новым законе «Аб дзяржслужбе» таксама няма нічога крымінальнага. Усе вычварэнні – на практыцы ці праз дакументы самога Лукашэнкі», – запэўніваў Арцём Праскаловіч.

Аляксандр Лукашэнка выступае са зваротам да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Менск, Беларусь. 28 студзеня 2022 года. Кадр з
відэа: president.gov.by

Паводле ягоных назіранняў, у выніку адмоўнай селекцыі дзяржаўных кадраў, у крэслах кіраўнікоў апынуліся ў масе сваёй безыніцыятыўныя і бесхрыбетныя людзі.

«Але ў пераходны перыяд ад іх можна будзе не чакаць нейкіх контррэвалюцыйных дзеянняў. І яны з радасцю пойдуць за больш эфектыўнымі, рацыянальнымі і зразумелымі кіраўнікамі вышэйшага рангу», – лічыць Арцём Праскаловіч.

Больш канкрэтна пра кадравую матрыцу будучых рэформаў Беларусі распавёў падчас дыскусіі сябра Сойму Партыі БНФ, магістр дзяржаўнага кіравання Віталь Макаранка. На ягоны погляд, татальная замена ўсіх чыноўнікаў, якія працавалі на Лукашэнку, можа прывесці да страты кіравальнасці. Кадравую палітыку ў пераходны перыяд трэба будзе праводзіць вельмі ўзважана, бо гэта стане адным з галоўных фактараў паспяховасці рэформаў.

Падаць заяўку ў кадравы рэзерв новай Беларусі можна на афіцыйным сайце кампаніі. Арганізатары абяцаюць бяспеку і ананімнасць для тых удзельнікаў, хто знаходзіцца ў Беларусі.

Зміцер Міраш belsat.eu 

Стужка навінаў