Зачыстка працягваецца: у Горадні ліквідавалі адну з найстарэйшых грамадскіх арганізацый


Абласны суд у Горадні ліквідаваў адну з найстарэйшых беларускіх грамадскіх арганізацый – аб’яднанне маладых навукоўцаў «ВІТ». Старшыня арганізацыі падаў апеляцыю на гэтае рашэнне.

Абʼяднанне праіснавала 26 гадоў. Яго заснавалі ў 1995 годзе маладыя навукоўцы – гісторыкі, правазнаўцы, філолагі, якія імкнуліся змяніць да лепшага сістэму адукацыі і падрыхтоўкі навуковых кадраў, настаўнікаў у нашай краіне.

За час свайго існавання Грамадскае абʼяднанне «ВІТ» рэалізавала значныя адукацыйныя і навуковыя праекты, у тым ліку сумесна з дзяржавай. Сярод іх, напрыклад, мерапрыемствы і публікацыі па пытаннях канстытуцыйнага права Беларусі, гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і беларускага нацыянальнага руху, унармавання беларускай мовы. Шмат праектаў тычыліся працы з настаўнікамі ў рэгіёнах.

Аналітыка
«Пік звальненняў іншадумцаў яшчэ наперадзе». Што адбываецца сёння ў беларускай культуры?
2021.12.22 10:51

Сябры арганізацыі сёння – гэта эксперты ў сферы адукацыі дарослых, краязнаўства, гісторыі, права. Арганізацыя спрычыніліся да заснавання Асацыяцыі дадатковай адукацыі і асветы, Міжнароднай сеткі даследчыкаў ВКЛ, Моладзевай сеткі па адукацыі ў галіне правоў чалавека.

Апошнія гады грамадскае абʼяднанне «ВІТ» працавала па такіх накірунках, як грамадзянская адукацыя ў сферы гісторыі, права і правоў чалавека, ахова і прасоўванне гісторыка-культурнай спадчыны, устойлівае развіццё рэгіёнаў. Сярод праектаў можна адзначыць, напрыклад, Школу экскурсаводаў, навучанне сталых людзей у Жалудку асновам права і валанцёрства, працы па добраўпарадкаванні і рэстаўрацыі пахаванняў старых гарадзенскіх могілак, якім 220 гадоў.

belsat.eu

Стужка навінаў