Прэм'ер Галоўчанка заявіў, што ўрад разглядае магчымасць будаўніцтва другой АЭС


Падчас сённяшняга візіту на Астравецкую АЭС прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка паведаміў, што ў Беларусі прапрацоўваюць магчымасць будаўніцтва другой АЭС. Адпаведнае паручэнне даў Аляксандр Лукашэнка.

Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка.
Фота: Reuters

Паводле Галоўчанкі, новая станцыя можа зʼявіцца ў іншым рэгіёне краіны.

«Ёсць даручэнне прэзідэнта прапрацаваць пытанне пра будаўніцтва другой АЭС ужо ў іншым рэгіёне Беларусі. Пытанне не вельмі простае, трэба правесці вялікі абʼём навуковых даследаванняў, не толькі эканамічных разлікаў, зыходзячы з комплекснай праграмы развіцця краіны», – сказаў Галоўчанка.

Прэмʼер-міністр таксама расказаў, што магчымасць будаўніцтва другой АЭС у Беларусі разглядаецца пад кіраўніцтвам Нацыянальнай акадэміі навук з удзелам расейскіх адмыслоўцаў. Праект плануюць завяршыць да восені наступнага года і ўнесці адпаведныя прапановы Лукашэнку.

На Астравецкай АЭС сёння пачалі загружаць ядравае паліва ў рэактар ​​другога энергаблоку. Яго гатовасць ацэньваюць на 95 %, а ўвод у прамысловую эксплуатацыю запланавалі на лета наступнага года.

Таксама Галоўчанка расказаў, што першы энергаблок БелАЭС ужо дазволіў краіне заашчадзіць на замяшчэнні імпарту прыроднага газу каля 250 мільёнаў долараў.

Hавiны
Экаабаронца Ірына Сухій: «БелАЭС трэба закрыць і ніколі больш не адкрываць»
2021.12.21 18:07

АД, belsat.eu

Стужка навінаў