Павел Гарадніцкі – пра спектакль «1.8 м», заснаваны на рэальных гісторыях палітвязняў


28 снежня ў Варшаве адбудзецца прэм’ера спектаклю «1.8 м» рэжысёра Івана Вырыпаева. Спектакль заснаваны на рэальных гісторыях палітычных вязняў з Беларусі, а назва адсылае да плошчы асабістай прасторы, якою валодаюць асуджаныя людзі. «Белсат» даведаўся ў актора і музыкі Паўла Гарадніцкага, як з’явілася гэтая пастаноўка, як праходзіць праца з расейскім рэжысёрам і польскімі акторамі, як жывуць акторы ў эміграцыі.

Актёр и музыкант Павел Городницкий
Актор і музыка Павел Гарадніцкі. Варшава, Польшча. 18 снежня 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Пра жыццё і працу беларускіх актораў у эміграцыі

– Першы час пасля пераезду ва Украіну я проста шукаў спосабы зарабіць: творчасць адыходзіла на другі план. У Кіеве я адразу стварыў акторскае партфоліа – фатаграфіі, відэа – і закінуў па агенцтвах. Я працаваў выкладчыкам і браўся за ўсе здымкі, якія прыносілі грошы. Думаю, многія акторы падзарабляюць халтурамі накшталт здымак у серыялах.

У эміграцыі складаней, бо дадаюцца бытавыя пытанні: на гэта сыходзяць час, нервы, сілы, грошы. Я пакуль жыву ў Кіеве, але цяпер рэпетую ў Варшаве. Хутчэй за ўсё, пераеду сюды.

Усе акторы, якія з’ехалі, цяпер у экстрэмальных умовах, і ўва ўсіх усё па-рознаму. Пастаяннай пляцоўкі для рэпетыцыяў і выступаў ні ў кога няма, наколькі я ведаю.

У «Купалаўцаў» ёсць свой праект на YouTube. Акторы раскіданыя па розных гарадах, але ўсё роўна збіраюцца і нешта робяць.

Свабодны тэатр рэлакаваўся і цяпер шукае пляцоўку ў Варшаве. Праца над гэтым ідзе, вядуцца перамовы з Цэнтрам беларускай салідарнасці.

Спадзяюся, што польскія ўлады і розныя ініцыятывы дапамогуць не толькі Свабоднаму тэатру, але і іншым творчым працаўнікам Беларусі. Ведаю, што Рада культуры ўжо дапамагае.

Хацелася б знайсці месца, дзе можна адчуваць сябе як удома. У Беларусі ў нас [у Свабоднага тэатру. – Заўв. belsat.eu] было памяшканне, куды штодня можна было прыходзіць і нешта рабіць. Ва ўмовах, калі няма сваёй прасторы, вядома, цяжка. Але цяпер варшаўскі Новы тэатр даў нам пляцоўку для спектаклю «1.8 м».

Репетиция спектакля «1,8 м», Иван Вырыпаев, театр
Рэпетыцыя спектакля «1.8 м». Варшава, Польшча. 11 снежня 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Пра спектакль «1.8 м»

– Спектакль заснаваны на дакументальных тэкстах. Гэта вербатым – стыль, у якім ёсць жывыя словы, а не прыдуманы тэкст. Спектакль складаецца з лістоў Вітольда Ашурка і лістоў людзей, якія прайшлі праз Акрэсціна або дасюль застаюцца ў зняволенні. Гэта не прыдуманыя тэксты, а маналогі палітычна рэпрэсаваных. Ідэя была ў тым, каб даць голас людзям, якія не могуць выказацца.

Гэты спектакль разлічаны на экспарт, на еўрапейскую публіку. Вядома, у Еўропе ведаюць пра сітуацыю ў Беларусі, чытаюць навіны, але гэта ўсё роўна не глыбокае пагружэнне. А калі бачыш жывога чалавека на сцэне і чуеш ягоную гісторыю, ты крыху па-іншаму глядзіш на гэтыя рэчы. Для цябе гэта не проста навіны: актор паказвае рэальнага чалавека, які сядзіць у турме. Ці ўжо не жывы.

У гэтым спектаклі ў мяне няма нейкага канкрэтнага персанажа. Гэта зборная гісторыя пра хлопца, якога забралі ў першыя дні пратэстаў, ён перажыў пекла на Акрэсціна. Гэты тэкст складзены з розных маналогаў, якія ёсць на сайце august2020.info. Мы змянілі ўсе імёны герояў у мэтах канспірацыі, пакінулі толькі імя Вітольда Ашурка.

Репетиция спектакля «1,8 м», Иван Вырыпаев, театр
Рэпетыцыя спектаклю «1.8 м». Варшава, Польшча. 12 снежня 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Чаму польскія акторы бяруць удзел у спектаклі?

– Акрамя беларускіх актораў, у спектаклі бяруць удзел і палякі. Актор Барташ Беленя [выканаўца галоўнай ролі ў фільме «Цела Хрыстова». – Заўв. belsat.eu] вельмі цікавіцца тэмаю Беларусі і нават браў удзел у акцыі-рэпліцы Яны Шостак. Акторка Эвэліна Панкоўска таксама у курсе падзеяў і падтрымлівае беларусаў.

Калі мы чыталі тэкст першы раз, некаторыя рэчы трэба было тлумачыць польскім акторам. Яны не разумелі, як можна затрымаць чалавека за белую скрынку на гаўбцы, гэта быў шок для іх. Яны ўсведамляюць, што так не павінна быць, таму бяруць удзел у спектаклі.

Репетиция спектакля «1,8 м», Иван Вырыпаев, театр
Рэпетыцыя спектаклю «1.8 м». Варшава, Польшча. 12 снежня 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Аб працы з Іванам Вырыпаевым

– Як толькі мне сказалі, што ёсць прапанова папрацаваць з Іванам Вырыпаевым, я, вядома, узрадаваўся. Гэта імя ў сусветным тэатры. І як драматург ён круты.

У яго вельмі цікавы падыход: ён адрозніваецца ад Свабоднага тэатру. Ён не лепшы і не горшы, ён проста іншы. Мне як актору цікава адкрываць новыя грані, шукаць нешта новае, рухацца глыбей. У гэтым спектаклі ёсць магчымасць пакруціць сябе з іншага боку і паглядзець, што я наагул магу.

У Вані такая канцэпцыя: не трэба граць персанажа. Актор не робіцца характарам, ён проста яго паказвае. Актор заўсёды трымае ў памяці, што ён актор. Ён паказвае, як персанаж кажа, але заўсёды прысутнічае як актор і не раствараецца ў сваім героі. Ён не пражывае эмоцыяў, а проста паказвае, як быццам распавядае гісторыю пра свайго суседа, але не робіцца ім. Цікавы падыход, я з такім яшчэ не працаваў. Гэта тэхналагічны складнік: як калі здымаць спачатку на стужку, а потым перайсці на «люстэрка» ці наадварот. Гэта іншае ўспрыманне сябе ў прафесіі, і мне заўсёды цікава нешта новае.

Репетиция спектакля «1,8 м», Иван Вырыпаев, театр
Рэпетыцыя спектаклю «1.8 м». Варшава, Польшча. 11 снежня 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Для чаго патрэбны гэты спектакль?

– Цывілізаваны свет можа забыцца, як лёгка можна страціць свабоду. У 1990-х мы атрымалі гэтую свабоду – і вось за 27 гадоў мы прыйшлі да таго, што цяпер адбываецца: за бел-чырвона-белыя шкарпэткі могуць забраць. Гэты спектакль нават можна ўспрымаць як папярэджанне Еўропе: давайце думаць, што рабіць і як дапамагчы. Кожны можа задацца пытаннем: што я магу зрабіць, каб неяк памяняць сітуацыю, як не дапусціць такога ў сваёй краіне?..

Мне здаецца, яшчэ можа паўстаць жаданне напісаць палітычным вязням. Было б выдатна, каб гледачы потым адправілі ў турмы паштоўкі на Новы год. Мне дастаткова будзе і гэтага. Я сам памятаю адчуванні радасці і дрыжыкаў па скуры, калі мне прыходзілі лісты, пакуль я быў на соднях.

Репетиция спектакля «1,8 м», Иван Вырыпаев, театр
Рэпетыцыя спектаклю «1.8 м». Варшава, Польшча. 12 снежня 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Пра мастацтва ў выгнанні

– З аднаго боку, я разумею, што ў гэтым спектаклі я выконваю важную місію – грамадзянскую, акторскую, а таксама асветніцкую для палякаў. Я перадаю не сухую статыстыку, а нешта жывое.

З іншага боку, я баюся, што беларусы перажывуць траўму чарговы раз. Але я супакойваю сябе тым, што ў нас усё ж такі не дэпрэсіўны спектакль – ён пакідае светлую надзею. Так, усім цяжка, але людзі нават у турмах знаходзяць сілы.

Я не ведаю, як тое, што я раблю на сцэне, паўплывае на чалавека. Можа, гэта яго наагул зломіць. А можа, ён расплачацца, адчуе катарсіс і рушыць далей.

Актёр и музыкант Павел Городницкий
Актор і музыка Павел Гарадніцкі. Варшава, Польшча. 18 снежня 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Пра планы

– Да «1.8 м» я рэпетаваў у Кіеве «Gloomy Sunday» разам са Свабодным тэатрам. Гэта новы спектакль на тэму жнівеньскіх падзеяў. Ён вельмі цяжкі. Ён пластычны, у ім усе катаванні паказаныя праз фізіялогію. Ідэя ў тым, каб не паказваць бок гвалтаўнікоў, а толькі досвед людзей, якія апынуліся ў камерах.

Я думаю, што і акторам, і тэатру патрэбная разнастайнасць. Жыццё не абмяжоўваецца толькі палітыкаю – павінна быць месца і для слёзаў, і смеху, і для рэфлексіі, і для філасофіі. Не трэба зацыклівацца на адным і станавіцца рупарам змагарства за мяжою.

Калі ўжо зусім шчыра, я б хацеў парэпетаваць і сыграць у нейкай камедыі. Мне хочацца, каб у тэатры было нешта акрамя палітычных спектакляў. Хочацца проста сыграць камедыю, у якой таксама можа быць нешта пра нашае жыццё. Мне ўжо вельмі хочацца пасмяяцца і павесяліцца.

Спектакль «1.8 м» пакажуць у варшаўскім Новым тэатры 28, 29 і 30 снежня. На прэм’еру ўсе квіткі ўжо прададзеныя, але на тыя два дні, што засталіся, квіткі яшчэ ёсць. Падрабязнасці тут.

Старонка праекту на Facebook.

ТК belsat.eu

Стужка навінаў