Гэта не прапаганда. Гэта трызненне

«Упершыню ў жыцці мой вобраз быў выкарыстаны ў сцэнаграфіі! Яго экалагічна сумясцілі з жабай, і на працягу ўсёй праграмы ён суправаджаў разважанні галоўнага беларускага тэлепрапагандыста пра «вечна» дрэнную Польшчу і найгоршы «Белсат», – піша дырэктар «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы.

У іх перамяжоўваліся адсылкі да праваслаўя (Беларусь – апошняя хрысціянская дзяржава ў Еўропе, калі вы не ведалі), фатаграфіі інтэр’ераў храмаў, дзе Лукашэнка ставіў свечкі з сынам Мікалаем, фотаздымкі з лякарняў, дзе ён наведваў хворых дзяцей, а таксама фота абразоў святога Іаана Кранштацкага (які яшчэ 200 гадоў таму казаў пра дрэнных палякаў), святога Мікалая і відэа з дзецьмі, якія вучацца збіраць вінтоўкі.

Гэтыя здымкі час ад часу замяняліся на мой вобраз з жабаю. Нарэшце прагучала песня пра святога Мікалая, які апякуецца Беларуссю.

Фота: скрыншот з тэлеканалу СТВ

Гэта не прапаганда. Гэта трызненне. Наступны этап: Азаронак на БТ падае на калені, і тут яму зʼяўляецца Хрыстос Пантакратар, які кажа, што Лукашэнка будзе кіраваць вечна, а пасля яго – Коля. А паколькі ў такіх з’яўленнях звычайна таксама прысутнічае таемны элемент, там было б яшчэ пра тое, што ён будзе кіраваць і Расеяй, але пакуль казаць пра гэта не вельмі палітычна.

Размовы трэба весці, калі ёсць перавага ці хаця б шмат сілаў

Між тым сярод беларускай інтэлігенцыі вядуцца такія знаёмыя мне дыскусіі: ці «прызнаваць паразу»?

А што тут, шаноўныя сябры, прызнаваць? Кожны бачыць, як яно ёсць у рэальнасці.

Пытанне не ў тым, «прызнаваць ці не прызнаваць паразу», а ў тым, ці працягваць змагацца і ў якіх формах. І не стаўце яго няправільна, у якасці дымавой заслоны для капітуляцыі.

Чытаю, што трэба «весці размовы»… Гэта вельмі магчыма і нават часам карысна. Але размовы вядуцца, калі ёсць перавага ці хаця б шмат сілаў. Праблема яшчэ і ў тым, што для гэтага патрэбная адпаведная сітуацыя і хаця б два бакі. А цяпер Лука, відавочна, не хоча іх весці, што зусім не дзіўна. Больш за тысячу чалавек ён адправіў у турмы, дзясяткі тысяч былі збітыя або атрымалі арышты, астатнія стэрарызаваныя. Дык навошта яму весці нейкія размовы? Што яму нейкі Пазняк за мяжою ці крымінальнік Бабарыка… Навошта яны яму? Да таго ж у позе просьбітаў: паразмаўляй з намі…

Артыкулы
Ці магчыма «перагарнуць старонку»? Ідэя кампрамісу паміж грамадствам і ўладамі выклікала гарачую дыскусію
2021.12.21 18:42
Стужка навінаў