Аляксандр Класкоўскі: Улады баяліся і баяцца радыкалізму анархістаў, іх гатовасці да канкрэтных дзеянняў


У Менскім абласным судзе суддзя Валер Тулейка выенс прысуды для анархістаў Дзмітрыя Дубоўскага, Дзмітрыя Разановіча, Ігара Аліневіча і Сяргея Раманава. Фігурантам крымінальнай справы прысудзілі ад 18 да 20 гадоў турэмнага зняволення. Палітолагі лічаць, што ўлады такім чынам пашыраюць рэпрэсіі і распачынаюць новую хвалю пераследу.

Анархісты Ігар Аліневіч, Сяргей Раманаў, Дзмітрый Рэзановіч і Дзмітрый Дубоўскі падчас суда.
Фота: viasna96 / Telegram

Дзмітрыя Дубоўскага, Дзмітрыя Разановіча, Ігара Аліневіча і Сяргея Раманава суддзя Менскага абласнога суда Валер Тулейка прызнаў вінаватымі ў незаконных дзеяннях у дачыненні агнявой зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў ды яе перамяшчэнні праз мяжу, а таксама ва ўчыненні актаў тэрарызму. Ігара Аліневіча і Сяргея Раманава асудзілі на 20 гадоў калоніі, Дзмітрыя Разановіча – на 19 гадоў калоніі, Дзмітрыя Дубоўскага – 18 гадоў калоніі.

Такія вялізныя тэрміны не давалі нават у савецкія часы, кажа палітолаг Валер Карбалевіч. Аналітык звяртае ўвагу, што такія вялізныя тэрміны ахарактарызавалі як «сталінскія».

«Выглядае, што ўлады пачынаючы з прысудаў у Гомлі Статкевічу, Лосіку Ціханоўскаму, распачалі новую хвалю рэпрэсіяў. Намагаюцца цалкам запалохаць грамадства. Але разам з тым варта адзначыць, што ўлады таксама баяцца прадстаўнікоў гэтага руху і ставіліся да іх насцярожана», – кажа Валер Карбалевіч.

Артыкулы
Ад 18 да 20 гадоў зняволення. Анархістам «групы Аліневіча» агучылі выракі
2021.12.22 11:35

Цяпер увогуле палітычным праціўнікам рэжыму малыя тэрміны не даюць і чым далей – тым болей, кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

«Улады ўжо ўвайшлі ў смак рэпрэсіяў, ці дакладней будзе сказаць – расправаў з тымі, каго яны лічаць сваймі ворагамі. Але, канечне, нават на гэтым фоне прысуды анархістам вылучаюцца суровасцю. Я думаю, што тут два меркаванні, паводле якіх дзейнічалі ўлады. Па-першае – асуджаныя людзі, якія сапраўды здольныя на радыкальныя дзеянні, яны гэта не ўтойваюць, паколькі такая ідэалогія ў іх. І анархістам, я ўзгадаю, заўжды давалі вялікія тэрміны. Калі ўзгадаць мінулыя дзесяцігоддзі, то той жа Аліневіч атрымаў прысуд 8 гадоў, але выйшаў раней, паколькі пачалася адліга з Захадам, але гадоў пяць ён адседзеў. Нагадаю, для параўнання, па выніках кампаніі 2010 году, максімум атрымаў з палітыкаў Статкевіч – 6 гадоў, Саннікаў – 5. То бок і тады прысуды для анархістаў былі большыя. Бо ўлады баяліся і баяцца іх радыкалізму, іх гатовасці да канкрэтных дзеянняў», – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Палітычны аглядальнік таксама дадае, што абвінавачаныя анархісты – людзі ідэйныя. Да таго ж Ігар Аліневіч, нягледзячы на ўзрост, досыць загартаваны, цалкам сфармаваны і вельмі перакананы прадстаўнік, ці нават адзін з лідараў свайго руху. Яго сябры і паплечнікі адгукаюцца пра Ігара, як пра чалавека з жалезнай воляй.

У менскім абласным судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да анархістаў Дзмітрыя Дубоўскага, Ігара Аліневіча, Сяргея Раманава і Дзмітрыя Разановіча. Яны былі затрыманыя ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года пры перасячэнні беларуска-ўкраінскай мяжы. Гэта здарылася неўзабаве пасля леташніх падпалаў аўтамабіляў каля пракуратуры ў Салігорску і міліцэйскага пастарунку ў Мазыры. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2021 года.
Фота: чытачы / Белсат

Большасць з цяпер асуджаных анархістаў, кажа Аляксандр Класкоўскі, раней траплялі за краты. Яны маюць вялікі досвед і як бачна, зняволенне не адбіла ў іх ахвоту працягваць шлях.

«Мы ведаем, што Аліневіч і кнігу напісаў, гэта людзі інтэлігентныя, акрамя іншага. І вось самая галоўная рыса, што яны не проста выпадковая ў гэтым руху, а асобы перакананыя. І гэтая ідэйнасць яна падштурхоўвае ўлады да таго, што калі даць ім адносна малыя тэрміны, то калі яны выйдуць на волю, будуць працягваць займацца тым жа. Таму чыста прагматычны разлік уладаў запіхнуць іх у турму, заканапаціць як мага большыя тэрміны, каб як мага даўжэй яны не выйшлі і не маглі працягваць сваю дзейнасць», – адзначае Аляксандр Класкоўскі.

Аналітыка
14, 16, 18 гадоў… Што значаць лічбы прысудаў у «справе Ціханоўскага»?
2021.12.16 00:11

Палітычны аглядальнік таксама кажа, што анархісты – гэта даволі спецыфічны такі рух, звязаны ў тым ліку і з гвалтам. Такі падыход для большасці беларусаў не зусім адпаведны. Таму казаць, што такія прысуды анархістам сігнал грамадству, не выпадае.

«Калі людзей судзяць за пратэсты, за лайкі ў Фэйсбуку, то кожны можа прымераць на сябе. А што тычыцца анархістаў, то я думаю, мала хто з абывацеляў у краіне гэта прымервае на сябе. У часткі людзей можа мільгануць думка, што яны і самыя там мелі кактэйлі Молатава, нехта можа падумаць, што яны і самыя вызнаюць гвалт. Таму тут цяжка казаць пра сігнал усёй масе прыхільнікаў пераменаў, бо пратэсты амаль выключна былі мірныя. Таму жорсткія прысуды для іншай мэтавай аўдыторыі, гэта сігнал вось рэвалюцыйна настроенай моладзі6 маўляў, калі пойдзеце такім шляхам, то мала вам не будзе», – адзначае Аляксандр Класкоўскі.

Аб’ектыў
Чым турма адрозніваецца ад калоніі, а агульны рэжым ад узмоцненага?
2021.12.17 21:50

СК belsat.eu

Стужка навінаў