Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 22 лістапада


«Белсат» падводзіць вынікі 272-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 22 лістапада чытайце ў нашым аглядзе.

Аператыўная сітуацыя на украінска-расейскім фронце, па стане на раніцу 22 лістапада 2022 г.
Фота: Europa Press / Zuma Press / Forum

Цягам апошніх содняў істотна не мянялася сітуацыя на лініі фронту ў паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці. Ніводны з бакоў канфлікту не паведамляе аб правядзенні наземных аперацыяў, пры гэтым праціўнікі працягваюць наносіць артылерыйскія ўдары па чужых пазіцыях.

Міністэрства абароны РФ паведамляе, што па лініі фронту ў заходняй частцы Луганскай вобласці Збройныя сілы Украіны безвынікова атакавалі каля населеных пунктаў Навасёлаўскае і Стэльмахоўка.

У гэты ж час генеральны штаб ЗСУ таксама піша пра адбіццё атакі праціўніка каля Стэльмахоўкі ў Сватаўскім раёне.

Пры гэтым дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч сказаў, што ёсць звесткі пра вызваленне ЗСУ асобных населеных пунктаў каля Крэмінной, аднак украінскае камандаванне пакуль не пацвердзіла гэтую інфармацыю.

Аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW) са спасылкай на свае крыніцы сцвярджаюць, што запаволенне баявых дзеянняў на паўночна-ўсходнім участку фронту ва Украіне звязана з моцнымі дажджамі ў рэгіёне, якія робяць немагчымымі хуткія наземныя аперацыі з выкарыстаннем тэхнікі.

На тэрыторыі Данецкай вобласці шырокім фронтам працягвалі наступаць расейскія вайскоўцы. Генштаб ЗСУ піша пра адбіццё атак праціўніка каля Спірнага, Белагораўкі, Якаўлеўкі, Салядару, Бахмуту, Камянкі, Вопытнага, Вясёлага, Первамайскага, Краснагораўкі, Мар’інкі і Новаміхайлаўкі.

Пры гэтым Мінабароны Расеі паведамляе пра ўкраінскія контратакі ў рэгіёне, што ўказвае на вядзенне ўкраінцамі актыўнай абароны.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць пра атаку войскаў РФ на Курдзюмаўку, а таксама пра баі ў Бахмуце і спробу арміі РФ абысці горад з поўначы, каб узяць ягоных абаронцаў у паўкальцо.

У Запарожскай вобласці, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы засяродзіліся на вядзенні абароны і нанясенні артылерыйскіх удараў. Пегаў піша, што ўкраінскі бок працягвае назапашваць сілы для будучага контрнаступу ў Запарожскай вобласці.

Украінскія сілавікі каля Кіева-Пячэрскай лаўры.
Фота: VALENTYN OGIRENKO / Reuters / Forum

Між тым тэлеграм-канал «Иди и смотри», спасылаючыся на свае крыніцы, сцвярджае, што ЗСУ рыхтуюць дэсант для захопу Запарожскай АЭС.

Лінія фронту ў Херсонскай вобласці застаецца нязменнай і па-ранейшаму праходзіць па Дняпры. Пры гэтым бакі працягваюць наносіць кропкавыя артылерыйскія ўдары па жывой сіле і тэхніцы праціўніка.

Пра змены ў лініі фронту ў Мікалаеўскай вобласці таксама не паведамляецца. Разам з тым начальніца аб’яднанага каардынацыйнага прэс-цэнтру сілаў абароны поўдня Украіны Наталля Гумэнюк заявіла, што Кінбурнская каса пакуль знаходзіцца па расейскім кантролем, але цяпер праводзіцца ваенная аперацыя па яе вызваленні. Пры гэтым Гумэнюк сказала, што дэталі аперацыі будуць агучаныя толькі тады, калі з’явяцца канкрэтныя вынікі.

Генеральны штаб ЗСУ паведаміў, што за апошнія содні было знішчана каля 400 расейскіх вайскоўцаў, пасля чаго агульныя беззваротныя страты РФ дасягнулі 85 тысяч чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

ВК belsat.eu 

Стужка навінаў