«Ляцець у пекла – дык бізнес-класам». Чаму расейцы вяртаюцца з эміграцыі


Мэр Масквы Сяргей Сабянін заявіў 19 лістапада, што большасць масквічоў, якія з’ехалі з Расеі, ужо вярнуліся. Відавочна, што чыноўнік перабольшвае, але некаторы зваротны паток дакладна існуе. Адныя паверылі ў канец мабілізацыі, іншыя не змаглі ўладкавацца за мяжой. Мы знайшлі некалькі чалавек, якія вярнуліся ў Расею пасля экстранага або запланаванага адʼезду, пачынаючы з 24 лютага. Вось іх гісторыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына праходзіць міма шчытоў з партрэтамі расейскіх вайскоўцаў, якія загінулі на вайне супраць Украіны. Масква, Расія. 4 лістапада 2022 года.
Фота: Shamil Zhumatov / Reuters / Forum

«Збіраем грошы і спадзяемся на цуд»

Барбер Міхаіл з Екацярынбургу – адзіны з нашай чацвёркі герояў, які з’ехаў з краіны ў 20-х чыслах лютага. Складаны маршрут, поўная нявызначанасць, але праз два тыдні давялося вярнуцца.

«Мы з дзяўчынай вырашылі зʼязджаць амаль адразу пасля пачатку вайны: жыць у краіне-агрэсары, побач з людзьмі, якія падтрымліваюць вайну, было б вельмі цяжка. Выбар невялікі, вырашылі ляцець у Грузію, нібы і аб працы ўжо дамовіліся, і жытло было нескладана знайсці. Паехалі ў Чэлябінск, адтуль рэйс у Бішкек, пагулялі па горадзе і паляцелі ў Тбілісі. Але па прылёце ў Грузію высветлілася, што з-за вялікага наплыву эмігрантаў цэны на кватэры моцна падскочылі, ды і свабодных варыянтаў мала. Ездзілі ў Батумі, але і там сітуацыя з жытлом складаная. Тыдзень у Грузіі памыкаліся, з працай не выйшла – прыйшлося вярнуцца, таму што ляцець у іншую краіну сродкаў ужо б не хапіла. Прыляцелі ў Менск – з яго быў недарагі рэйс у Санкт-Пецярбург, пару дзён пагулялі па Піцеры і вярнуліся дадому».

Паводле Міхаіла, круг зносін з 24 лютага значна скараціўся. «Але, прынамсі, не чую варʼяцкіх словаў падтрымкі вайны. Тыя людзі, якія былі мне сімпатычныя і цікавыя, апынуліся адэкватнымі. Наогул уся гэтая сітуацыя паказала, хто ёсць хто», – кажа ён.

На працы вайна таксама адбілася: «Кліентаў стала прыкметна менш, адміністратары робяць абзвон тых, хто хадзіў, але чамусьці перастаў, і амаль 90% з іх кудысьці зʼехалі. З некаторымі сталымі кліентамі я сам перастаў працаваць, таму што яны рэпосцяць Z. Кіраўніцтва прасіла мяне рабіць менш рэпостаў ў сторыз, і я стараюся менш гэта рабіць. Многія адпісаліся ад мяне і больш не прыходзяць на стрыжку. Але, я думаю, большасць з іх проста не хочуць апускацца ў гэтую тэму – такая ахоўная рэакцыя, што «мяне палітыка не тычыцца». На жаль, менавіта з-за такіх пазіцый усё гэта і здарылася».

Ці змяніўся родны горад? «У параўнанні з сакавіком Z у горадзе наогул знікла, засталіся толькі абшарпаныя ў транспарце, якія хтосьці відавочна хацеў адарваць. Але сталі знікаць звыклыя атрыбуты сучаснай цывілізацыі – McDonaldʼs, крамы адзення, звыклыя замежныя тавары ў крамах, а тыя, што засталіся, моцна падаражэлі», – распавядае Міхаіл.

Да вайны ён хадзіў у дзве трэнажорныя залы, але пасля 24 лютага перастаў – іх уладальнікі падтрымліваюць вайну. Па словах уральца, адзін з гэтых залаў ужо зачыніўся, хоць раней працаваў 10 гадоў.

«Мы ўсё яшчэ шукаем варыянты эміграцыі, але ўжо не так спантанна, як у сакавіку, выдаткаваўшы амаль усе зберажэнні, – дадае Міхаіл. – Калі будзе добры, надзейны варыянт, то будзем з дзяўчынай ужо сурʼёзна яго разглядаць, пакуль што збіраю інфармацыю, збіраем грошы і спадзяемся на цуд».

Гісторыі
«Вырашыў ратавацца тут». Чаму не ўсе расейцы бягуць з краіны
2022.10.06 18:12

«Увесь свет дагары нагамі, а тут усё нязменна»

У адрозненне ад Міхаіла, юрыст Аляксей з Масквы ад лютага спадзяваўся, што яго пранясе, а перыяд мабілізацыі перачакаў на поўдні Беларусі – практычна выпадкова, паехаўшы ў адпачынак да сваякоў. Раней ён быў у іх вясной і мог параўнаць абстаноўку.

«Я з’ехаў у Беларусь у запланаваны адпачынак 12 верасня. Было страшнавата – вёска недалёка ад мяжы, ад Чарнобыльскай зоны. Паблізу мяжы расейскія войскі стаяць цяпер, вясной адтуль ішло наступленне на Кіеў. Наогул вясной там было неспакойна – лёталі ракеты, СПА спрацоўвала, ваенная база побач, над агародамі і хатамі лёталі верталёты.

Пакуль я быў у адпачынку, пачалася мабілізацыя. Натуральна, вяртацца і не падумаў, застаўся ў сваякоў і вельмі гэтаму цешуся. У Маскве пачалася паніка, усе сталі зʼязджаць за мяжу, пакідалі добрую працу, жытло.. Я адчуваў сябе ў бяспецы ўдалечыні ад гэтага ўсяго. Чытаў навіны, але было нязвыкла, што затрымаўся і давялося прызвычайвацца да вясковага жыцця. Не было звыклай маскоўскай мітусні, ды і панікі пры выхадзе з хаты. Я ў вёсцы за паўтара месяца аднавіўся, набраўся сіл.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі наведваюць выставу на Краснай плошчы, прысвечаную гадавіне парада ў 1941 годзе, з якога савецкія салдаты ішлі на фронт. Масква, Расія. 7 лістапада 2022 года.
Фота: Evgenia Novozhenina / Reuters / Forum

У горад ездзіў у краму ці пагуляць, расейцаў амаль не бачыў. Ну, ёсць аўты з расейскімі нумарамі. Наколькі я ведаю, у вайскоўцаў ёсць ўстаноўка не свяціцца. У лесе, прама ў чарнобыльскай зоне, людзі іх бачылі, а па горадзе няма. Увесну было інакш – танкі ездзілі, вайскоўцы са зброяй заязджалі ў крамы. Зараз спакайней.

Вярнуцца давялося праз працу: месяц я працаваў здальна, але працы было мала, а потым кіраўніцтва сказала, што трэба ў офіс выходзіць. Ды і больш-менш усё сціхла. У Маскве нічога не змянілася, хіба што людзі паз’язджалі, але агульны настрой застаўся ранейшым – абыякавы (напрыклад, сярод маіх калегаў, якіх гэта не закранула). Шмат у каго меркаванне: «Нічога не зменіш, гэта ўсё палітыка, мы не ведаем, хто мае рацыю, а хто вінаваты». У людзей такая пасіўна-нейтральная пазіцыя. У цэлым, па Маскве Z-тэматыка першапачаткова не сказаць што была паўсюль. Рэклама з вайскоўцамі на прыпынках – і ўсё. Як быццам бы нічога і не адбываецца. Увесь свет дагары нагамі, а тут усё нязменна, хоць і непрадказальна. Напэўна, у Заходняй Еўропе гэтак сама».

Інтэрв’ю
«Мабілізаваныя настроеныя негатыўна». Лекар з ваенкамата – аб адборы прызыўнікоў на вайну з Украінай
2022.09.22 23:33

«Мне сказалі: “Ці з’едзеш па-ціхаму, ці цябе з ганьбай выганіць дысцыплінарная камісія”»

Яшчэ адзін масквіч – географ Антон – таксама адʼязджаў не спантанна. Ён называе гісторыю свайго жыцця ў Еўропе кароткай і з недарэчным фіналам. Ён сутыкнуўся з «новай этыкай» і расчараваўся ў вобразе ЕЗ.

«Яшчэ да пачатку бягучых сумных падзей я збіраўся паступаць у еўрапейскую аспірантуру. Падзеі лютага вымусілі мяне паскорыць свае пошукі. Вельмі хацелася вучыцца ў Каталіцкім універсітэце Лёвена, але я туды напісаў ужо пасля 24 лютага і адказу не дачакаўся. Затым усплыў варыянт з універсітэтам Коменскага ў Браціславе, туды ўдалося паступіць. Сабраўшы стос дакументаў і атрымаўшы візу, 12 верасня я прыехаў у Славакію.

З аднаго боку, ярка выяўленай русафобіі я не сустрэў нідзе. Некаторыя людзі (напрыклад, афіцэр паліцыі, якая прымала дакументы на ВНЖ), былі вельмі ветлівымі і з цеплынёй успаміналі пра свае паездкі у Маскву або Піцер. Нехта быў проста нейтральны, але на абвастрэнне пасля словаў «Я з Расеі» ніхто не ішоў.

З іншага – гладкімі паўтара месяца, што я быў там, таксама не назваць. Рахунак у банку расейцам можна адкрыць толькі пасля атрымання ВНЖ (і тое, з расейскім пашпартам можа спатрэбіцца некалькі паходаў у розныя банкі ці нават у розныя аддзяленні аднаго і таго ж банку: недзе рахунак адкрыюць, а недзе не). Для параўнання: грамадзянам Украіны для адкрыцця рахунку дастаткова пашпарта. Без банкаўскай карты жыць можна (у мяне атрымлівалася), але вельмі нязручна – у кашальку заўсёды куча дробязі, а вішанькай на торце сталі пральныя машынкі ў інтэрнаце, якія да аплаты прымаюць толькі карткі. Прыйшлося прасіць аднаго знаёмага з Арменіі плаціць за мяне, а яму аддаваць наяўнымі. Ну і ніякі квіток на аўтобус/цягнік/самалёт, як прывык у Расеі – у некалькі дотыкаў на экране смартфона – без банкаўскай карты не купіш, прыходзіцца па-старому ездзіць на вакзал.

Інтэрв’ю
«Мы павінны прапаведаваць, а не баяцца». Каталіцкі святар пра тое, чаму не чуваць голасу Царквы
2022.10.03 20:20

Усё ішло нядрэнна да таго часу, пакуль мая каляжанка з кафедры не  абвінаваціла мяне ў харасменте, якога я не здзяйсняў. Я жанаты і вернік – мне ў галаву ніколі б не прыйшло прыставаць да жанчыны. Але са мной не сталі нават разбірацца, сказалі: «Ці з’едзеш сам па-ціхаму, ці цябе з ганьбай выганіць дысцыплінарная камісія». Многія сябры раілі мне брыкацца і змагацца, але пасля такой колькасці бруду, якое на мяне вылілі, сіл і жадання ў мяне зусім не было. Ці была гэта правакацыя ці проста запалёнае ўяўленне каляжанкі – я не ведаю, але вынікам стала маё вяртанне дадому. Уся гэтая гісторыя далася мне вельмі цяжка, я адʼязджаў у падаўленым стане, з якога, прызнацца, да канца не выйшаў дагэтуль.

27 кастрычніка я выехаў на аўтобусе ў Варшаву, 28-га дабраўся з Варшавы да Берасця і сеў на цягнік у Маскву. Хтосьці раіў ехаць у Казахстан праз рызыкі з мабілізацыяй, але я не стаў – засталося зусім няшмат грошай, не было з сабой зімовага адзення і, вядома, вельмі хацелася ўбачыць жонку.

У Маскве здалося, што я быццам і не адʼязджаў. Шчыра кажучы, быў рады вярнуцца ў вялікі горад. У ім усё тое ж самае, што і ў пачатку восені; адзінае, што чамусьці кінулася ў вочы – цана на «Дашырак» ужо 69 рублёў!

Мая сістэма каштоўнасцяў, вядома, трохі змянілася: калі раней я верыў, што ў Еўропе ёсць свабода і там будзе лягчэй дыхаць, то цяпер зразумеў, што еўрапейскія ўлады «ваююць не туды». Ні адзін чалавек не мусіць быць закладнікам свайго пашпарта як мінімум таму, што сваю радзіму ён не выбіраў і тыя перашкоды, якія еўрапейскія ўлады ставяць грамадзянам РФ, не выклікаюць ніякага жадання верыць у тое, што яны хочуць нам дабра».

«Я ў Расеі адчуваю сябе госцем»

Пецябруржац Дзмітрый, у якога ўласная справа – адзіны з нашай чацвёркі, хто мэтанакіравана зʼехаў з-за мабілізацыі. Яму прынеслі позву.

«Зʼехаць я хацеў заўсёды – і гамафобныя законы, і сітуацыя ў краіне напальвалася. Калі пачалася вайна, захацелася зʼехаць яшчэ мацней, але вырашыцца было складана, чакаў нейкага штуршка. Пачалася мабілізацыя, купіў білет, але зноў не змог вырашыцца – бацькі, котка, сябры, праца, страшна ж гэта ўсё кідаць. Здаў білет, а на наступны дзень Фінляндыя закрыла мяжу [для расейцаў з турыстычнымі візамі]», – распавядае ён.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Курсант стаіць перад рэкламным шчытом, які рэкламуе службу ў войску па кантракце ў Санкт-Пецярбургу, Расея. 5 кастрычніка 2022 года.
Фота: Olga Maltseva / AFP / East News

Рашучасці Дзмітрыю надала дзяржава: «Праз тыдзень прыйшла позва і я ўвечары купіў квіток праз Стамбул у Амстэрдам, таму што там сябры. Я думаў застацца там уцекачом. Праз тры дні пасля куплі квітка і атрымання позвы паляцеў, прычым вылецеў нармальна, хоць трэсла – баяўся, што не выпусцяць і адвядуць».

Але сумневы яго не пакідалі нават пасля шчаснага вылету: «Падчас начоўкі ў Стамбуле прыйшлі ўжо іншыя эмоцыі: што ж я нарабіў, столькі грошай выдаткаваў, усё пакінуў там, што рабіць далей? Было самотна і нават галодна, таму што амаль не было лір. Нумар у гатэлі быў пракураны наскрозь, гэта таксама дзейнічала. Назаўтра прыляцеў у Амстэрдам. Там было дажджліва, але мне палягчэла. Доўга, з перасадкамі дабіраўся да сяброў, былі праблемы з купляй квіткоў, але ўсё добра.

Першы тыдзень пастаянна былі думкі: што я нарабіў? навошта я тут? Працую я на сябе, і яшчэ да позвы заўважыў, што кліентаў станавілася менш – многія з’ехалі, а іншыя сталі моцна эканоміць. А варта было мне зʼехаць, адразу ўсе пачалі мне пісаць, аказалася, што чакаюць. Я гуляю па Амстэрдаме, хачу перакусіць у кафэ або купіць новыя рэчы – але расейскія карты ў Еўропе не працуюць, можна разлічваць толькі на наяўныя, і ў выніку не мог сабе дазволіць нейкія марнаванні. Яшчэ я да адʼезду амаль год не бачыўся з бацькамі… Увогуле, вырашыў вярнуцца, купіў квіток бізнес-класу – ляцець у пекла, так ужо бізнесам!»

Дзмітрый адзначае, што спачатку і на радзіме былі тыя ж пачуцці: «Першыя адчуванні па прыездзе: якога хрэну я вярнуўся? Але праз пару дзён падсупакоіўся. Прайшло ўжо два тыдні, я ў Расеі адчуваю сябе госцем – такое класнае пачуццё! Краіна не змянілася, хіба што стала больш агрэсіі, людзі сталі нервовыя».

Як і Міхаіл з Екацярынбургу, Дзмітрый упэўнены, што яго вяртанне на радзіму часовае.

«Спадзяюся, атрымаецца зʼехаць пазней, ужо больш падрыхтаваным, – кажа пецярбуржац. – Я раней быў шапаголікаў, здымаў стрэс праз пакупкі ўсякай бздуры. Цяпер не хочацца марнаваць, затое прадаю непатрэбныя рэчы. У Нідэрландах я размаўляў з юрыстам, якога праз знаёмых знайшоў. Заставалася толькі патэлефанаваць па вызначаным нумары, падацца на прытулак і шасцяронкі б закруціліся. Трэба было толькі вырашыцца. Тут да мяне з ваенкамата быццам бы ніхто больш не прыходзіў, а ў паштовую скрыню я ўжо не гляджу і на званкі з незнаёмых нумароў не адказваю».

Іван Аляксееў /MM, belsat.eu

Стужка навінаў