Канада ўвяла санкцыі супраць Беларускай чыгункі, банкаў і прадпрыемстваў ваеннай прамысловасці


Канада 22 лістапада ўвяла санкцыі супраць беларускіх банкаў, чыгункі і ваенна-прамысловых прадпрыемстваў. Усяго ў спіску 16 юрыдычных асобаў і 22 службовыя асобы Беларусі. Аб гэтым паведамляецца на сайце канадскага ўраду. 

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Forum

Паводле заявы ўрада Канады, генерал-губернатар Мэры Сайман падпісала папраўкі ў Палажэнне аб асаблівых эканамічных мерах адносна Беларусі.

«Дзеянні Рэспублікі Беларусь уяўляюць сабой сурʼёзнае парушэнне міжнароднага свету і бяспекі, якое прывяло або можа прывесці да сурʼёзнага міжнароднага крызісу», – гаворыцца ў паведамленні ўрада Канады.

Згодна з папраўкамі, новыя канадскія санкцыі закранулі 16 прадпрыемстваў і арганізацый. Сярод іх пяць банкаў – «Беларускі народны банк», «Парытэтбанк», «МТБанк», «Альфа-Банк», «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь». У спісе арганізацый і прадпрыемстваў таксама «Беларуская чыгунка», «Мінскі завод колавых цягачоў», «ВОЛАТАВТО», Завода дакладнай электрамеханікі, «АГАТ–сістэмы кіравання», «Агат-Сістэм», «КБ Радар», «Гомельскае канструктарскае бюро «Прамень»,  «Алевкурп», «Тэтраэдр», «АРБ».

Персанальныя санкцыі ўведзены ў дачыненні старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай і міністра сельскай гаспадаркі Івана Крупко. Сярод найбольш заўважных беларускіх службовых асобаў у канадскім санкцыйным спісе з 22 лістапада таксама:

  • Уладзімір Марозаў – начальнік Беларускай чыгункі
  • Пётр Кірычэнка – старшыня Гомельскага гарвыканкаму
  • Юрый Шулейка – старшыня Берасцейскага аблвыканкаму
  • Віктар Гулевіч – першы намеснік міністра абароны, генерал-маёр
  • Алег Белаконеў – першы намеснік міністра абароны, генерал-маёр
  • Дзмітрый Гора – старшыня Следчага камітэту
  • Камандзіры вайсковых частак і начальнікі штабоў Алег Эйбатаў, Аляксандр Пашкевіч, Юрый Піжык
  • Уладзімір Андрэйчанка – старшыня Палаты прадстаўнікоў
  • Андрэй Лук’яновіч – палкоўнік, намеснік камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі
  • Аляксей Ляхновіч – першы намеснік міністра транспарту і камунікацый
  • Мікалай Рагашчук – намеснік кіраўніка спраў «прэзідэнта»
  • Уладзімір Купрыянюк – першы намеснік камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл

Агулам Канада сёння ўвяла персанальныя санкцыі ў дачыненні 22 чалавек і цяпер ўсанкцыйным спісе 85 беларускіх кіраўнікоў і бізнесоўцаў.

Канада ўваходзіць у лік краінаў, якія наклалі сур’ёзныя фінансавыя санкцыі на Расею за яе ўварванне ва Украіну 24 лютага і наступную вайну, для якой яна выкарыстоўвае Беларусь у якасці плацдарму.

Паводле канадскага МЗС, краіна ўвяла санкцыі супраць больш як 1500 чалавек і групаў, у тым ліку з Беларусі.

Нагадаем, што ў Канадзе з афіцыйным візітам цяпер Святлана Ціханоўская. Раней яна заяўляла, што будзе заклікаць улады краіны ўзмацніць жорсткасць санкцыі супраць атачэння Аляксандра Лукашэнкі.

Hавiны
«Дзейнічаць неадкладна». Ціханоўская ў Канадзе заклікала выключыць Лукашэнку з «ураўнення»
2022.11.20 18:09

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў