Гэтыя кепскія айцішнікі

Лукашэнка прыняў справаздачу ад кіраўніка ПВТ Янчэўскага, і ён яго парадаваў. Амаль. Экспарт паслуг ПВТ за 9 месяцаў склаў «амаль» $ 2 мільярды, што «амаль» супадае з лічбамі мінулага года. Праграмісты вяртаюцца з-за мяжы, масава – ну, «амаль». Новыя кампаніі стаяць у чарзе на рэгістрацыю ў ПВТ, і выглядаюць «амаль» як тыя, ранейшыя, EPAM, «Wargaming» ды іншыя «аднарогі». Рэч у памеры гэтага самага «амаль».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Экспарт паслуг ПВТ летась склаў $ 3,2 мільярда. Калі ўжыць гэты трэнд да гэтага года, то за 9 месяцаў было б $ 2,4 мільярда. Падобна гэта на «амаль» $ 2 мільярды? Падзенне экспарту, такім чынам, складае больш за 16 %. Гэтак, разглядаючы гэтую лічбу з калькулятарам у руках, трэба памятаць і пра тое, што першыя два месяцы 2022 года былі мірныя, даваенныя, і пра тое, што працэс закрыцця дзейнасці падраздзялення ў Беларусі займае некаторы час. Так што лічба зусім не канчатковая, негатыўны трэнд сябе зусім не вычарпаў.

Пра сітуацыю на рынку працы ў ІТ-сектары кажуць простыя лічбы: сярэдні заробак на гэтым сегменце рынку ўпаў з лютаўскіх Br 8,7 тыс. да вераснёўскіх Br 5,8 тыс. У лютым маглі паўплываць гадавыя бонусы, але і ў сакавіку ж былі моцныя Br 7,4 тыс.

Кампаніі ўжо сем месяцаў звальняюць работнікаў у разы хутчэй, чымся прымаюць на працу. Паводле Белстату, колькасць занятых у галіне за гэты час скарацілася на 13 тысячаў чалавек (22 %). Дадатковы фактар, які пацвярджае тэндэнцыю «выніку», – колькасць візаў «Poland. Business Harbour», выдадзеных беларусам, – 55 тысячащ штук. Дапускаю, што не ўсе з гэтых 55 тысячаў праграмісты, і не ўсе зʼедуць. Але беларуская статыстыка мяркуе, што ў нас на гэты момант ува ўсім сектары занятыя 45 тысяч адмыслоўцаў.

Лічбы лічбамі, але ёсць і глабальныя іміджавыя страты. Цяпер плаціць у Беларусь, у тым ліку і за ІТ-паслугі, проста непрыстойна. Наяўнасць падраздзяленняў, размешчаных у Беларусі, для замоўцаў з развітых краінаў – велізарны і тоўсты мінус, чырвоны сцяжок (дакладней – чырвона-зялёны).

ПВТ быў добры. Гэта быў адзін з двух (другі – аграсядзібы) сапраўды ўдалых прыкладаў развіцця асобных сектараў эканомікі ў Беларусі.

Што было зроблена? Быў вызначаны сектар росту, у ім створаныя сапраўды ільготныя ўмовы, найперш – падатковыя. Што было далей? Далей нічога і рабіць не давялося. Параўнальна добра адукаваныя беларусы (дзякуй рэшткам савецкай сістэмы адукацыі) рванулі асвойваць новыя высокааплатныя прафесіі ды сапраўды стварылі новы брэнд на сусветным рынку – «якасны беларускі распрацоўнік».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Розніца паміж аплатай інтэлектуальнай працы ў развітых краінах і ўзроўнем сярэдняга заробку ў Беларусі стварыла такую варонку, што ў яе як пыласосам высмоктвала «маладыя мазгі». Ад гэтага быў станоўчы эфект: усе гэтыя грошы (за невялікім мінусам) заставаліся ў Беларусі і дапамагалі рухаць наперад і астатнія сектары. Не ўсё было весела, было і праз што сумаваць: розніца ва ўзроўні аплаты ўнутры краіны была настолькі крытычная, што выклікала і цалкам сур’ёзнае напружанне. Барадаты, сяк-так апрануты, сутулы малады праграміст паступова стаўся абʼектам і пажадлівасці, і сацыяльнай нянавісці.

Стварыць аазіс для аўтсортынгавага праграмавання ўдалося, аднак любыя спробы рушыць далей і развіваць не толькі «цэнтры выдаткаў», але і «цэнтры прыбытку», прыцягнуць у краіну галаўныя кампаніі хоць бы беларускага паходжання натыкаліся на «родавыя траўмы» беларускага бізнес-клімату: коснасць заканадаўства, адсутнасць фондавага рынку і абсалютна наплявальніцкае стаўленне да права прыватнай уласнасці з боку любых прадстаўнікоў дзяржавы.

Кіпр, ЗША, Брытанія і ААЭ – уладальнікі аддавалі перавагу чаму заўгодна: хоць Сінгапур, але толькі не Беларусь. Усе намаганні што Пракапені з таварышамі, што братоў Карычаў, якія таксама былі вельмі зацікаўленыя ў стварэнні ў комплексе «Менск Свет» фінансавага цэнтру, які жыве паводле англа-саксонскага права, не прывялі ні да чаго. Вынік – нуль. Не зраслося.

Потым і зусім прыйшоў 2020-ы: і выбары, і Бабарыка, і Цапкала. ПВТ перастаў быць святой каровай. Крымінальныя справы, затрыманні, фінансавыя прэтэнзіі. Дастаткова сказаць «што «справа Tut.by» будуецца менавіта на «незаконна атрыманых» ільготах удзельніка ПВТ. Казка скончылася.

Што будзе далей? Пасля вайны, пасля рэпрэсіяў, пасля… Каб вярнуць сабе статус «раю для распрацоўнікаў», Новай Беларусі спатрэбіцца зусім трохі часу: людзі нікуды не падзеліся, цяперашняя моладзь нічым не горшая за тую, якая выпускалася з інстытутаў 10–15 гадоў таму. Толькі вось сітуацыя на сусветным рынку працы ў ІТ-сектары будзе зусім іншая. Статыстыка кажа пра тармажэнне, і, цалкам магчыма, да моманту нашага вяртання, не будзе самога запыту на «разумныя рукі» з нашага рэгіёну ў такой колькасці.

І яшчэ. Малады, добра адукаваны і ўплецены ў сусветны кантэкст праграміст, які валодае англійскаю моваю, – натуральны вораг беларускага рэжыму. Грышу Азаронка, сясцёр Груздзевых, «Дажынкі» і УНС з Качанавай ён можа ўспрымаць толькі праз прызму нейкага варʼята шматсерыйнага сіткаму або пад уздзеяннем лёгкіх наркотыкаў, і ніяк інакш. Гэта два розныя светы, і гэтага не змяніць. Ніколі.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў