Былога палітвязня і валанцёра Іллю Міронава арыштавалі на 5 дзён


Былога палітвязня і актывіста з Гомля Іллю Міронава арыштавалі на 5 содняў. Яго затрымалі 21 лістапада паводле адміністратыўнай справы проста ў РАУС, паведамляе тэлеграм-канал «Штодзень Гомель».

Ілля Міронаў.
Фота: Илья Миронов/Facebook

Іллю Міронава асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (19.11 КаАП) – у яго знайшлі падпіску на рэсурс, занесены ў спіс «экстрэмісцкіх».

19 лістапада Ілля паведаміў: пакуль ён быў у Менску, да яго прыходзілі сілавікі, а прычына візіту міліцыянтаў стане вядомая ў панядзелак.

Нагадаем, што 24 кастрычніка 2022 года Іллю асудзілі паводле «справы Зельцара», распачатай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і IT-спецыяліста Андрэя Зельцара. Спачатку Іллю абвінавачвалі паводле арт. 130 КК («Распальванне варажнечы»), але падчас следства абвінавачанне замянілі на арт. 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).

Іллю прызналі вінаватым і прызначылі яму паўтара года зняволення, а таксама 200 базавых велічыняў штрафу. Праз тое, што валанцёр больш за год утрымліваўся за кратамі, яго вызвалілі ў зале суда.

Ініцыятыва Іллі Міронава «Пішыце лісты» была ў ліку прэтэндэнтаў на перамогу ў Нацыянальнай прэміі за дасягненні ў галіне правоў чалавека ў намінацыі «Кампанія/ініцыятыва года – 2021». Нават за кратамі Ілля працягваў падтрымліваць беларусаў лістамі салідарнасці.

Артыкулы
«Апроч як працягваць рабіць тое, што раблю, варыянтаў у мяне няма». Размаўляем з валанцёрам Іллём Міронавым, які выйшаў з чарговых содняў
2021.09.16 08:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў