Вынікі пошуку для:

Правал гамбіту, віла на Рывіеры і яйкі зязюлі. Што пішуць пра Лукашэнку ў заходніх медыях

Беларусь вярнулася на перадавіцы медыяў па ўсім свеце, і зноў не з пазітыўнай нагоды. Пра падзеі вакол Беларусі піша нават чылійская газета «La Tercera», а публікацыі БелТА аналізуе радыё «France Inter».

Калаж з фота: president.gov.by / перадавіцы газет «Die Welt», «Gazeta Wyborcza», «20 minuten», «ABC», «The Guardian», The New York Times», «Le Monde», «La Croix»

Мінулы тыдзень з гледзішча беларускіх дзяржаўных медыяў быў пазітыўным у стасунках з Захадам: з Аляксандрам Лукашэнкам двойчы размаўляла канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель, «Бі-Бі-Сі» ўзяло ў Лукашэнкі гадзіннае інтэрв’ю і нават (што асобна адзначалі на БТ) назвала яго «прэзідэнтам».

«Белсат» пачытаў еўрапейскія і амерыканскія медыі за мінулы тыдзень і перадае, якімі Беларусь і Лукашэнку цяпер бачаць на Захадзе.

Лукашэнка сам прызнаўся

Ды ўласна «Бі-Бі-Сі» палічыла галоўным тое, што Лукашэнка прызнаў: ягоныя сілавікі дапамагалі мігрантам трапіць у Еўразвяз. З гэтага пачынаецца тэлесюжэт, гэта ж – у загалоўку навіны на сайце. І нават калі ў тэлеэфіры прагучала слова «прэзідэнт», у тым жа эфіры Лукашэнка прызнае катаванні зняволеных. Поўную версію размовы апублікавалі толькі 22 лістапада.

«Лукашэнка прызнае сябе вінаватым… і ўмывае рукі», – так апісвае інтэрв’ю французскі «Le Point». Часопіс згадвае, што Лукашэнка не прызнаў вінаватым у міграцыйным крызісе асабіста сябе, ды нагадвае, што сваю «праграму» крызісу ён адкрыта анансаваў яшчэ вясной.

«Бі-Бі-Сі» не крытыкавалі за размову з Лукашэнкам. Хіба ў беларускіх сацсетках спрачаліся: хтосьці крытыкаваў за тое, што яго назвалі «прэзідэнтам» у навінах «Бі-Бі-Сі», іншыя ж нагадвалі, што ў англійскамоўных медыях прэзідэнтам называлі і самаабвешчанага імператара Жана-Бэдэля Бакасу – Цэнтральнаафрыканскага дыктатара, які кідаў сваіх апанентаў на з’ядзенне львам і кракадзілам. Больш крытыкі дасталася Мэркель.

Лукашэнка даў інтэрв’ю BBC, у якім сказаў, што сілавікі «магчыма дапамагалі» мігрантам трапіць у Польшчу

Ці варта весці перамовы з тым, хто захапіў закладнікаў?

Ангелу Мэркель крытыкавалі за перамовы з Лукашэнкам і ў Нямеччыне, і ў Польшчы.

Нямецкі «Bild» дае загаловак «Мэркель зняважыла Еўропу!». Іспанская газета «El País» паказвае акцыю беларусаў Варшавы і звяртае ўвагу на плакат «Мэркель, на чыім ты баку?».

Жанчына з плакатам стаяць насупраць амбасады Беларусі падчас акцыі «Лукашэнка перайшоў межы». Варшава, Польшча. 21 лістапада 2012 года. Фота: Белсат

Старшыня Камітэту замежных справаў эстонскага парламенту Марка Міхкельсан у размове з ERR кажа, што Мэркель не мела мандату на такія перамовы, а Лукашэнку месца не на лініі з Мэркель, а ў Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе. Нават іранскі «Клуб маладых журналістаў» цытуе словы польскага прэм’ера Матэўша Маравецкага аб тым, што любы наўпроставы кантакт з Лукашэнкам легітымізуе ягоны рэжым, таму такія перамовы весці не варта.

Але прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў інтэрв’ю LRT прывёў аналогію са згонам самалёта: з захопнікамі ж вядуць перамовы, а не проста дазваляюць расстраляць закладнікаў.

Нямеччына ж афіцыйна падкрэслівае, што разам з астатнім Еўразвязам не прызнае Лукашэнку прэзідэнтам пасля выбараў 2020 года.

Ці азначаюць званкі Мэркель, што Лукашэнка «нахіліў» Еўропу?

Доказаў усё больш

Прызнаўся ці не, а «Вялікая сямёрка» лічыць арганізатарам міграцыйнага крызісу менавіта рэжым Лукашэнкі. І гэта спрабуюць давесці да ўсяго свету, у тым ліку да краінаў паходжання мігрантаў: напрыклад, на курдскім тэлеканале «Rûdaw» пра гэта расказваў віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі Маргарытыс Схінас – і дадаваў, што мае дастаткова доказаў змовы рэжыму Лукашэнкі з міжнароднымі сеткамі кантрабандыстаў.

Мігранты, якія дабраліся да Нямеччыны, расказваюць журналістам, што перажылі, у тым ліку апісваюць дзеянні беларускіх сілавікоў. Свежыя іхныя гісторыі можна пачытаць па-нямецку на «Bild» і нават па-англійску на «Der Spiegel». У першым выданні мігрант расказвае, што беларускія памежнікі нажніцамі разразалі ягонае адзенне і прымушалі праглынуць польскія грошы.

Як гэты крызіс быў арганізаваны, расказвае ўжо і «The New York Times» – пры тым адзначае, што цяперашняя сітуацыя не падобная да сірыйскага ці афганскага крызісаў, а для ўладаў Беларусі стварае рызыку, бо мігранты могуць захацець застацца ў Беларусі. Амерыканскі Інстытут сучаснай вайны называе гэты міграцыйны крызіс «класічным прыкладам» гібрыднай вайны.

Амерыканскі часопіс «Time» нагадвае пра захоп рэйсу «Ryanair» і называе цяперашні крызіс «вынікам дзеянняў усё больш няўстойлівага і адчайнага аўтакрата, які бярэ закладнікаў, і каб весці перамовы з тымі, хто хоча іхнага вызвалення, бярэ яшчэ больш закладнікаў».

Мігранты на польскай мяжы распавялі, як іх абакралі беларускія сілавікі

Лукашэнка гуляўся мігрантамі – і прайграў

«Самыя бязлітасныя аўтарытарныя кіраўнікі ўмеюць знайсці палітычную выгаду ў чалавечых пакутах, – разважае калумніст амерыканскага «Bloomberg» у матэрыяле пад загалоўкам «Лукашэнка засвоіў метадычку глабальнага аўтакрата». – Лідар Беларусі Аляксандр Лукашэнка нядаўна прапанаваў майстар-клас у гэтых жорсткіх разліках».

Ды многія лічаць, што Лукашэнка пралічыўся. Напрыклад, амерыканскі Цэнтр стратэгічных і міжнародных даследаванняў піша аб «правале гамбіту Лукашэнкі»: пад пытанне ставяць хіба датычнасць Крамля да арганізацыі крызісу, але ніяк не рашучасць Еўропы процістаяць гульні Лукашэнкі.

Мігранты ў лагістычным цэнтры ў пункце пропуску «Брузгі» на беларуска-польскай мяжы. 19 лістапада 2021 года. Відэа: bnkbel / Telegram

Еўрапейская камісарка ўнутраных справаў Ільва Югансан піша ў сваім афіцыйным блогу, што Лукашэнка прынамсі на дадзены момант прайграў: спадзяваўся раз’яднаць Еўропу, а пабачыў Еўропу аб’яднанай і гатовай да пашырэння санкцыяў.

Пасля другога тэлефанавання Мэркель брытанскі «The Guardian» адзначае, што Лукашэнка дамогся таго, чаго хацеў: увагі Еўропы. Але гэта, мяркуе выданне, яму не дапаможа, бо Еўропа паказала, што яе нельга шантажаваць і тым больш схіліць да прызнання легітымнасці «тактыкай у гангстарскім стылі».

А намеснік міністра ўнутраных справаў Польшчы Мацей Вонсік дадае, што Лукашэнка застаўся з мігрантамі, «як з яйкамі зязюлі»: калі не ўдалося закінуць людзей у Еўразвяз, давядзецца нешта рабіць з імі на беларускай тэрыторыі. Пра тое ж піша брытанскі «The Week»: пасля паразы з мігрантамі Лукашэнка стварыў крызіс самому сабе, бо будзе вымушаны даваць прынамсі часовы прытулак тысячам мігрантаў у Беларусі.

Міжнароднае выданне «Fair Obsrever» прызнае за Лукашэнкам перамогу ў тым, што ён праз міграцыйны крызіс адцягнуў увагу ад задушэння апазіцыі ў Беларусі.

Паралелі з палітвязнямі. Як беларусам не перасварыцца, дапамагаючы мігрантам?

Лукашэнку трэба спыніць. Напрыклад, прапановай вілы на Рывіеры

«Танчыць з дыктатарам небяспечна, – перадае амерыканскі «ABC News» словы старэйшага дарадцы Святланы Ціханоўскай Франка Вячоркі. – Замірэнне вядзе да беспакаранасці. Калі ён адчуе, што шантаж працуе, што яму дадуць, што ён хоча, то ён пачне эскалацыю і давядзе да яшчэ большых ахвяраў, калі будзе трэба».

Пэўнага шуму нарабілі разважанні колішняга дарадцы прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Джона Болтана на амерыканскім CNBC: ён казаў, Штаты мусяць знайсці шлях прыбраць Лукашэнку з пасады, каб не даць Расеі захапіць Беларусь. Напрыклад, ад імя прэзідэнта ЗША прапанаваць Лукашэнку «добрую вілу на Рывіеры».

«Лукашэнка разумее толькі мову сілы». У Вене прайшла канферэнцыя аб Беларусі

Такую прапанову агучыў пакуль толькі Болтан, гэта не пазіцыя дзейнага кіраўніцтва Штатаў. Як перадае «Associated Press», афіцыйны прадстаўнік амерыканскага Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША казаў, што Штаты рыхтуюць пашырэнне санкцыяў, каб «працягваць прыцягваць рэжым Лукашэнкі да адказнасці за яго пастаянныя напады на дэмакратыю, правы чалавека і міжнародныя нормы».

Але фраза «Лукашэнку трэба спыніць» з’яўляецца ў заходніх медыях усё часцей. Напрыклад, былы прэзідэнт Асацыяцыі еўрапейскіх журналістаў Отмар Лягадынскі піша ў «New Europe», што Еўразвяз мусіць пайсці на дыялог з Расеяй, бо гэта «адзіны спосаб перадухіліць далейшыя правакацыі Лукашэнкі і, як вынік, яшчэ большыя чалавечыя пакуты». На ягоную думку, сітуацыя цяпер такая, што можа перарасці ў сапраўдную вайну.

«Гэта яшчэ кветачкі, а будуць ягадкі». Віталь Портнікаў аб тым якой можа быць гібрыдная вайна

«Ізаляваны і пазбаўлены еўрапейскага прызнання», Лукашэнка ўсё больш звяртаецца па дапамогу да Расеі, піша амерыканскі «Boston Globe». Калумніст «Bloomberg» непакоіцца: калі Уладзімір Пуцін і Лукашэнка захочуць эскалацыі канфлікту, яны лёгка яе ўтвораць, і такі сцэнар прынясе не толькі чарговую гібель мігрантаў, але і шырэйшую вайну. Некаторыя, як былы генеральны сакратар NATO Андэрс Фог Расмусэн у інтэрв’ю «Euronews», называюць Лукашэнку «ўсяго толькі марыянеткай» Пуціна.

І пакуль «The New York Times» нагадвае, чым усё канчалася, калі раней Еўропа ішла на пагадненне з аўтакратамі, тэлеканал «Al Arabiya» з Эміратаў цытуе намесніка міністра замежных справаў Польшчы Паўла Яблоньскага: «Лукашэнку нельга давяраць».

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны