Пасярод сезону аднаго з лідараў гандбольнага СКА адправілі ў войска. Спрабуем адшукаць прычыну


Кірыл Самойла – таленавіты 19-гадовы гулец зборнай Беларусі і менскага СКА – пасярод сезону апынуўся ў войску. Адна з магчымых прычынаў – гандбаліст адмовіўся ад таго, што зрабіла большасць гульцоў ягонага клубу, – падпісаць ліст за Лукашэнку.

Кірыл Самойла.
Фота: Мяшкоў Берасце

Мінулаю зімою Кірыл Самойла, нягледзячы на малады ўзрост, дэбютаваў за зборную Беларусі ў фінальным турніры чэмпіянату свету ў Егіпце. І там выглядаў няблага. Мусіў Кірыл ехаць і на фінальны турнір чэмпіянату Еўропы, які адбудзецца праз два месяцы, але замест гэтага абуў боты ў складзе ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь і ўжо нават прыняў прысягу. Яшчэ 13 лістапада СКА з Самойлам у складзе адабраў пункты ў нязменнага чэмпіёна Беларусі, клубу «Мяшкоў Берасце» (матч скончыўся з лікам 33:33), а потым Самойла прапусціў збор нацыянальнай зборнай і гульню супраць «Гомля». У апошняй без свайго лідара СКА сенсацыйна саступіў – 26:29.

Ужо былі выпадкі, калі армейцы «выхоўвалі» сваіх гульцоў, адпраўляючы іх у войска, але гэты выпадак вельмі падобны да палітычнай расправы.

Максім Лапіцкі.
Фота: СКА Менск

У лютым сёлета 30-гадовы галкіпер СКА Максім Лапіцкі падпісаў ліст свабодных спартоўцаў і ўжо на наступны дзень згубіў працу. У войска яго адправіць было нельга, таму СКА разарваў з галкіперам кантракт паводле згоды бакоў. Гульцу давялося шукаць працу за мяжою, у Расеі. Цяпер Максім выступае за «Віктар» са Стаўрапалю.

«Цяпер мы правяраем інфармацыю, якая датычыць Кірыла Самойлы. Пакуль мы не можам назваць дакладнай прычыны адпраўкі аднаго з найлепшых гульцоў СКА ў войска, але звернем увагу, што ён не падпісаў ліста ў падтрыманне Лукашэнкі, як зрабіла большасць гульцоў гэтай каманды. Але хачу адзначыць: калі Кірыл ці ягоныя сваякі папросяць дапамогі, то Свабоднае аб’яднанне спартоўцаў «SOS-BY» і Фонд спартовай салідарнасці (BSFF) гатовыя дапамагаць», – заявіў у размове з «Белсатам» трэнер і актывіст Свабоднага абʼяднання спартоўцаў Канстанцін Якаўлеў.

Пагроза войскам вядомая і ў іншых спартовых клубах Беларусі. Напрыклад, такі кейс быў у менскім футбольным «Дынама». Іван Бахар яшчэ ў жніўні 2020 г. выходзіў на поле з белай бранзалеткай, а пазней падпісаў праўладны ліст. Адмыслоўцы кажуць, што ціск праз войска на маладых спартоўцаў – гэта вельмі дзейсны механізм.

Іван Бахар яшчэ год таму гуляў з белай бранзалеткай.
Фота: ФК Дынама Менск

Напрыклад, вядома, што войскам пагражалі і форварду кіеўскага «Дынама» Іллю Шкурыну, калі ён заявіў, што не будзе выступаць за беларускія зборныя, пакуль краінаю кіруе Лукашэнка. З таго часу Шкурын не рызыкуе наведваць радзіму.

Hавiны
Вядомыя абутковыя брэнды заявілі пра спыненне паставак прадукцыі ў Беларусь
2021.11.18 09:59

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў