«Лукашэнка разумее толькі мову сілы». У Вене прайшла канферэнцыя аб Беларусі


22 лістапада ў сталіцы Аўстрыі Вене прайшла міжнародная канферэнцыя аб Беларусі, арганізаваная аўстрыйскім канцлерам Александрам Шаленбэргам.

Міжнародная канферэнцыя аб Беларусі, арганізаваная аўстрыйскім канцлерам Александрам Шаленбэргам. Вена, Аўстрыя. 22 лістапада 2021 года.
Фота: Белсат

Што за канферэнцыя

Канцлер Аўстрыі Александэр Шаленберг анансаваў правядзенне міжнароднай канферэнцыі ў Вене ў «беларускім пытанні» 31 кастрычніка. Адзначыўшы абмеркаванне новых санкцыяў супраць афіцыйнага Менску, ён заявіў, што мова санкцыяў не можа быць адзінай мовай, на якой трэба размаўляць з Беларуссю.

Hавiны
Канцлер Аўстрыі анансаваў правядзенне міжнароднай канферэнцыі па «беларускім пытанні»
2021.10.31 16:52

«22 лістапада мы арганізуем міжнародную канферэнцыю ў Вене, разам з грамадзянскай супольнасцю. І я думаю, нам усім павінна быць зразумела: гэта еўрапейская тэма і ўнутры Еўропы мы не павінны размаўляць толькі на мове санкцый», – адзначыў ён.

Як распавядаў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, на канферэнцыю былі запрошаныя таксама прадстаўнікі Расеі ды дзейных уладаў Беларусі.

Але 10 лістапада міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей паведаміў, што «канферэнцыя ў тым выглядзе, як яе задумалі арганізатары, з’яўляецца абсалютна бясплоднай і бессэнсоўнай задумай». Больш за тое, ён назваў яе «недружалюбным крокам». Раскрытыкаваў канферэнцыю і кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў.

Мэтай канферэнцыі аўстрыйскі МЗС называе «ўнесці канструктыўны ўклад, накіраваць важны палітычны сігнал і вызначыць магчымыя рашэнні», паведамляе «Tiroler Tageszeitung».

Паводле выдання, у канферэнцыі апроч Святланы Ціханоўскай, якая прыбыла ў Аўстрыю напярэдадні, канцлера і міністра замежных справаў Аўстрыі бяруць удзел таксама камісар ЕЗ у пытаннях пашырэння і палітыкі суседства Олівэр Вархэі і кіраўнікі вонкавапалітычных ведамстваў Эстоніі, Латвіі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі і Нямеччыны. Але саму падзею з прычыны каронавіруснага лакдаўну ў Аўстрыі часткова перанеслі ў онлайн.

Hавiны
Венскую канферэнцыю перанеслі ў онлайн, але не скасавалі. Што там будзе
2021.11.20 18:55

Што абмяркоўваецца

Онлайн канферэнцыі вядзе афіцыйны тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай.

Абраная лідарка Беларусі распавяла гісторыі апошніх рэпрэсій у краіне і нагадала міжнародным партнёрам іх словы аб адзінстве ў падтрымцы беларусаў. Яна паўтарыла пазіцыю дэмакратычных сілаў: «Трэба працягваць ціск на рэжым, вызваліць усіх зняволеных паводле палітычных матываў і не рабіць ніякіх саступак нелегітымнаму рэжыму». Дыялог можа пачацца толькі пасля вызвалення ўсіх невінаватых, сказала Святлана Ціханоўская.

У сваім выступе канцлер Аўстрыі Александэр Шаленбэрг заявіў, што сітуацыя ў Беларусі непрымальная. Ён згадаў і крызіс правоў чалавека, і штучна створаны мігранцкі крызіс. Таксама ён сказаў, што Еўропа мусіць паважаць барацьбу беларускага народу.

Еўракамісар Олівэр Вархэі назваў будучыню Беларусі прыярытэтам для Еўропы. Паводле яго, Еўропа павінна аказваць падтрымку ахвярам рэпрэсій, медыяў, а таксама надаць вакцыны для беларусаў. Еўракамісар адзначыў, што ўжо распрацаваны Усеабдымны план для дэмакратычнай Беларусі на 3 млрд еўра для стабілізацыі эканомікі пасля будучага транзіту ўлады. Ён адзначыў, што макраэканамічную дапамогу дадуць для будучых рэформаў, прыватнага бізнесу, вяртання законнасці.

Перад самым пачаткам канферэнцыі ў размове з Ціханоўскай Вархэі распавёў, што Еўразвяз разам з Сусветнай арганізацыі аховы здароўя займаюцца пытаннем дастаўкі ў Беларусь 1 млн вакцынаў ад каронавіруса. Ён яшчэ раз падкрэсліў, што вакцыны – гэта не пытанне палітыкі, а пытанне жыццяў беларусаў.

Тым часам на канферэнцыі міністр замежных спраў Нямеччыны Гайка Маас, згадаўшы пра катаванні ў Беларусі, падкрэсліў, што Лукашэнка адмаўляецца чуць народ. Ён крытычна выказаўся аб заяўленым рэферэндуме і падкрэсліў, што ЕЗ працягвае працаваць над санкцыямі ў дачыненні да рэжыму: на мінулым тыдні быў прыняты базіс пятага пакета, куды ўвайшлі суддзі, пракуроры, службы бяспекі, якія маюць дачыненне да рэпрэсій. Таксама ЕЗ і Нямеччына падтрымліваюць запуск спраў па ўніверсальнай юрысдыкцыі, каб спыніць беззаконне. У канцы Маас заявіў, што на Саміце Усходняга партнёрства мусіць прагучаць голас дэмакратычных сілаў Беларусі.

У сваю чаргу міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Раў адзначыў, што «беларусы заплацілі вялізную цану за сваю мару». Ён падкрэсліў, што Еўразвяз і ЗША павінны быць адзіныя, а санкцыйны спіс – шырокім.

«Мы не вернемся ў статус-кво, які быў да выбараў 2020-га», – адзначыў Збігнеў Раў.

Не паддавацца на шантаж Лукашэнкі

Выступаючы на прэс-канферэнцыі па выніках падзеі, канцлер Аўстрыі Шаленбэрг падкрэсліў, што Беларусь па-ранейшаму застаецца найвялікшым вынікам для Еўразвязу, бо ў краіне працягваюцца рэпрэсіі, але беларусы надалей праяўляюць надзвычайную мужнасць у змаганні за свабоду і правы. Сітуацыя нават на мяжы пагаршаецца, адзначыў.

Кіраўнік аўстрыйскага ўраду адзначыў, што еўрапейскі краіны не павінны падавацца на шантаж Лукашэнкі, а мусяць быць адзінымі, каб адказаць на гібрыдныя выклікі. Пры гэтым ён выказаў падтрымку Польшчы, Літве і Латвіі.

Александр Шаленбэрг.
Фота: LEONHARD FOEGER / Reuters / Forum

Шаленбэрг заявіў і пра важнасць змагацца з беспакаранасцю. Паводле яго, «тыя, хто парушае правы чалавека, павінны ведаць, што раней ці пазней ім давядзецца адказаць».

Тым не менш, паводле яго, дыялог – гэта адзіны шлях да мірнага транзіту ў Беларусі і справядлівых выбараў. Пакуль жа, прызнаў канцлер, у беларускім пытанні вельмі малы прагрэс. Але ён паабяцаў і надалей займацца беларускім пытаннем змагання за свабодную і незалежную Беларусь, падкрэсліўшы разам з тым, што беларусы павінны самі вырашаць свой лёс.

Ніякага дыялогу з Лукашэнкам

У сваю чаргу Святлана Ціханоўская назвала канферэнцыю ў Вене гістарычнай і вельмі эфектыўнай. Яна падкрэсліла, што «ўсе кажуць адным голасам» пра тое, што Беларусь павінна быць свабоднай і дэмакратычнай.

Абраная лідарка Беларусі падкрэсліла, што дыялог павінен адбывацца не паміж Захадам і рэжым, а паміж беларусамі. Яна заклікала не весці «ніякага дыялогу з Лукашэнкам», падкрэсліўшы ягоную недамоваздольнасць.

Пры гэтым Ціханоўская падкрэсліла, што рэальны дыялог можа быць толькі пасля вызвалення ўсіх палітвязняў, і заклікала не пачынаць яго без гэтай умовы. Таксама, паводле яе, незалежнасць Беларусі не павінна быць пад пагрозай, а дамовы, якія заключаюць дзейныя ўлады, не павінны быць прызнаныя. Што датычыць палітыкі Еўразвязу да Беларусі, то яна павінна ўключаць санкцыйны ціск і дапамогу грамадзянскай супольнасці.

Святлана Ціханоўская.
Фота: LEONHARD FOEGER / Reuters / Forum

Адказваючы на пытанне пра тэлефанаванне в.а. канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель Лукашэнку, Ціханоўская заявіла, што хоць і разумее гуманітарныя прычыны званка, «у беларусаў гэта выклікала здзіўленне». Паводле яе, павінны не паміраць і не галадаць не толькі людзі на мяжы, але і людзі ў беларускіх турмах. Яна заклікала бачыць прычыны праблемаў.

Лукашэнка разумее толькі мову сілы

Гаворачы пра ўздзеянне санкцыяў, Ціханоўская адзначыла, што іх трэба працягваць, каб ціснуць на дзяржаўныя прадпрыемства. Паводле яе, «Лукашэнка разумее толькі мову сілы», а санкцыі пакуль не аказваюць моцнага ціску.

У сваю чаргу еўракамісар Олівэр Вархэі падкрэсліў, што выкарыстанне рэжымам людзей для атак на ЕЗ будзе не толькі спыненае, але і будзе мець наступствы.

Пры гэтым ён паабяцаў усеабдымны план эканамічнай дапамогі Беларусам і падрыхтоўку яснага бачання таго, што Беларусь можа чакаць ад Еўразвязу. У прыватнасці, ЕЗ бярэцца дапамагчы стабілізаваць эканоміку Беларусі, дэмакратызаваць інстытуты, стварыць умовы пераходу ў цалкам дэмакратычную краіну.

Што датычыць санкцыяў супраць «Белавія», то еўракамісар заявіў, што дэбаты адносна канкрэтнага напаўнення пятага пакету еўрапейскіх санкцыяў пакуль ідуць і казаць пра іх змест пакуль рана.

«Мы не хочам санкцыямі пашкодзіць звычайным людзям. Мы не павінны нашкодзіць тым, каго хочам абараніць», – заявіў у сваю чаргу канцлер Аўстрыі Шэленбэрг, каментуючы аўстрыйскія інвестыцыі ў Беларусь.

Святлана Ціханоўская і Александэр Шаленбэрг.
Фота: LEONHARD FOEGER / Reuters / Forum

Кіраўнік аўстрыйскага МЗС Міхаэль Лінгарт падкрэсліў, што Еўразвяз хоча бачыць вольную, дэмакратычную, стабільную і квітучую Беларусь, якая мае добрыя стасункі і з ЕЗ, і з Расеяй. Ключом да гэтага, на яго думку, з’яўляецца дыялог.

«Калі я гляджу на заявы Лукашэнкі, я сумняюся, што дыялог з ім магчымы», – адзначыў на заканчэнне прэс-канферэнцыі канцлер Аўстрыі Шаленбэрг.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў