«І вось там, пад сталом і лаўкай, спала Слаўнікава». Сведчанні былой зняволенай камеры № 15


Былая зняволеная камеры № 15, якая ўсім складам абвяшчала на пачатку лістапада галадоўку на Акрэсціна, напісала зварот да суддзяў. Жанчына заклікае служак закону, якія прызначаюць пакаранні ў палітычных справах, самім прайсці праз арышт у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў і спазнаць уласныя пастановы на сваёй скуры: 12 чалавек на 10 м2, начныя пераклічкі, шмоны, сон на падлозе…

Каля 10 содняў у камеры № 15 жанчына правяла разам з журналісткай Ірынай Слаўнікавай. Пра ўмовы выжывання ў «санаторыі нуль зорак» былая зняволеная расказала «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ірына Слаўнікава на здымку справа. Крыніца: Aleksy Dzikawicki / Facebook

«Параілі майку з коцікам надзець навыварат»

«Ірыну Слаўнікаву да нас кінулі праз некалькі дзён, як мы туды трапілі. Яна з самага пачатку добра трымалася. У яе была маечка з коцікам, і мы параілі ёй надзець яе навыварат, каб лішні раз не чапляліся нашыя слаўныя ахоўнікі. Каб не вылучалася. Бо, па-першае, майка з надпісам на беларускай мове, а па-другое – коцік. Яшчэ ў яе ружовая байка была, таксама з коцікам. Яна ў ёй аднойчы на шмон выйшла. Таксама – шыварат-навыварат надзела. У яе спыталі чаму, а яна: «Каб не запэцкалася…»

Была бадзёрая, з усімі кантактавала, размаўляла. Вельмі цікава распавядала пра свае вандроўкі. Яе вельмі прыязна ўсе прынялі. Выдатная жанчына, усе яе любяць. Наагул, у камеры ўсе адзін аднога падтрымлівалі, таму ў гэтым плане было проста».

Артыкулы
Мінімум 14 менчукоў утрымліваюцца на Акрэсціна на паўторных соднях
2021.11.18 10:34

«Падлога – уся ў целах»

«Умовы, мякка кажучы, былі абмежаваныя. Бо ў двухмясцовай камеры нас было 10 чалавек. А даходзіла і да 12-ці. Дзяўчаты казалі, што і 15 бывала. Але пры мне было найбольш 11–12. Ну, плошчай камера 10 м2 разам з прыбіральняй.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ирина Славникова / Facebook

Неяк выжывалі, бо іншага выбару не было. Улегчыся спаць – гэта кўэст. Я ў прынцыпе кепска сплю, дык першыя ночы, калі было зімна, часта прачыналася ўначы і назірала цішком за ўсім. Прайсціся магла толькі на тым месцы, дзе ляжала: астатняя падлога – уся ў целах. І гэта з улікам таго, што два чалавекі маглі быць на шконках, а адзін на стале спаў.

Артыкулы
Журналістку Ірыну Слаўнікаву і яе мужа Аляксандра Лойку асудзілі другі раз запар. Ізноў арышт
2021.11.15 16:14

Ірына першую ноч, а можа, нават і не адну, спала ў такой прасторы… нават не магу патлумачыць. Там такі вузкі, паўметра шырынёй, стол і побач лаўка, ножкі прыкручаныя да падлогі. І вось пад гэтай канструкцыяй – пад сталом і лаўкай, – неяк скруціўшыся літарай «зю», і спала Слаўнікава. Адзіны плюс там быў, што стальніца і лаўка засланялі цябе крыху ад святла, якое гарыць усю ноч».

«Елі толькі для таго, каб жыць»

«Мы пазбаўленыя і так усяго, але спрабавалі і тое, што маем, забраць. Для іх гэта нейкая асаблівая асалода – штосьці такое зрабіць, каб нам было горш, хаця куды ўжо можна быць горш… Выжываюць там толькі праз узаемную падтрымку. І ёсць вельмі вялікае жаданне паказаць ім, што, наадварот, табе нармальна, зусім някепска. Але гэта іх яшчэ больш заводзіць. І вось тут шукаеш нейкі баланс.

Hавiны
На фестывалі «Сэрца Еўропы» зарэзервавалі месцы для зняволеных журналістаў
2021.11.05 22:02

Ёсць такія рэчы, што чалавеку з нармальнай здаровай псіхікай проста не ўцяміць. Напрыклад, тыя шмоны. Што яны там шукаюць? Ці наконт забраць нешта – зусім незразумела. Перадач жа няма ніякіх. Дзяўчаты па крупінцы збіраюць нейкія крыхі пасля тых, хто сышоў, але і іх гатовыя адабраць. Гэта жахліва!

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дырэктар і галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына і Ірына Слаўнікава падчас прэміі імя Алеся Ліпая «Гонар журналістыкі».
Фота: ТК / Белсат

Харчаванне? Усё шэрае і без смаку. Толькі для таго, каб людзі заставаліся жывымі. І мы елі, толькі для таго, каб жыць».

«Санаторый нуль зорак»

«Так, гэта чыста «палітычная» камера. Адзін раз толькі памылкова жанчыну закінулі да нас. Яе прывялі падчас адбою, мы толькі свой тэтрыс склалі, каб паспаць – прыйшлося троху перайграць і даць месца чалавеку. Павіншавалі яе з тым, што ёй пашанцавала трапіць у нашую камеру. Уначы два разы будзілі на пераклічку, дык падчас адной з іх забралі гэтую жанчыну.

Дзве пераклічкі за ноч – а 2-й начы і а 4-й. Пад’ём – а 6-й. Многія патрабавалі, каб мы ўставалі на ногі. Трэба было зрабіць пералік або называць імя, прозвішча і імя па бацьку. Але былі вартаўнікі, якія больш мякка ставіліся – будзіць будзілі, але пераклічку маглі не да канца весці, не прымушалі на ногі ўставаць – на каленях прыўстанеш і ўсё. Адзін дакладна такі быў, дзяўчаты яго коцікам празвалі, таму што ён «мур-мур» – і сыходзіў.

Мы гэтае памяшканне і камерай нават не называлі, а жартам – «пакоем», «палатай». Ці – «санаторый нуль зорак».

Артыкулы
Катуюць за скаргі. Што вядома пра камеру № 15 на Акрэсціна, дзе 10 жанчын абвясцілі галадоўку
2021.11.05 12:01

Падсрачнік на развітанне

«Калі хтосьці вызваляўся і сыходзіў, то забіраў з сабой некалькі чалавек, у сэнсе – запамінаў нумары тэлефонаў некалькіх чалавек. Таму што напісаць цыдулку было немагчыма і не было чым, ды і вынесці адтуль нельга было, бо ўсё правяралася дасканала, мы пра гэта ведалі. У нас была традыцыя: на развітанне памыць падлогу – замыць сляды, як кажуць, каб не вяртацца. І яшчэ: калі па цябе прыходзяць, ты абуваешся, апранаешся – і дзяўчаты даюць табе пад дупу з нагі. Падсрачнік такі, каб вылецела і не вярнулася. Так рабілі з кожнай, хто вызваляўся.

Международный фестиваль «TV Heart of Europe», организован Польским национальным телевидением
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Падчас фестывалю «TV Heart of Europe» у аўдыторыі «зарэзервавалі» месцы для затрыманых белсатаўцаў Кацярыны Андрэевай, Дар’і Чульцовай і Ірыны Слаўнікавай.
Фота: ЮШ / Белсат

Вельмі перажываю, што Ірыну не выпусцілі. Гэта жах! Але яна зноў трапіла да нашых дзяўчат – хоць нейкі плюс. Помню пачуцці, калі ты чакаеш выхаду. А калі ты выходзіш і цябе па новай прыводзяць назад, то нават не ўяўляю, як гэта можна перажыць…

Веру і спадзяюся, што вытрымаюць! Дзяўчаты – моцныя ўсе, вельмі адважныя, усе свае і ўсе ставяцца адна да адной як да самага блізкага. Хоць у гэтым лёгка – з выдатнымі людзьмі сядзіш».

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў