Гібрыдная агрэсія Аляксандра Лукашэнкі – гэта пачатак. Расея рыхтуецца да вялікай вайны?


Напружанне на беларуска-польскай мяжы выклікае шмат у каго лагічнае пытанне: што далей? Бо жыхары памежных тэрыторыяў больш за ўсё баяцца не мігрантаў, а таго, што крызіс перарасце ў паўнавартасны ваенны канфлікт. Ці можа Лукашэнка распачаць узброены канфлікт? І ці трэба гэта Крамлю?

Польшча бароніцца ад плыняў нелегальных мігрантаў, якіх пхаюць на штурм мяжы загараджальныя атрады Лукашэнкі, а нелегітымны кіраўнік Беларусі спрабуе выставіць гэта актам агрэсіі ды атрымаць ад Расеі вайсковую дапамогу.

«Цяпер тармашу вашага прэзідэнта, мне патрэбныя тут нашыя гэтыя 500-кіламетровыя ракетныя ўстаноўкі. «Іскандэр». Мне патрэбныя некалькі дывізіёнаў на заходнім, на паўднёвым кірунку, хай стаяць. Гэта 500 кіламетраў, бо наш «Паланэз» – да 300 кіламетраў», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Але відавочна, што калі Пуцін і дасць Лукашэнку такую дарагую зброю, як «Іскандэр», дык толькі ў камплекце са сваймі жаўнерамі. І такі варыянт цяпер ужо не выглядае цалкам неверагодным.

Роман Полька, генерал дывізіі ў адстаўцы, Польшча

«Тут бачна інспірацыя гэтай сітуацыі Пуціным. Бо ён размяшчае ў Беларусі свае сілы, разбудоўвае там расейскі вайсковы патэнцыял. Расейская армія ўспрымае Беларусь як сваю тэрыторыю. І гэта далейшая спроба вярнуць Расеі статус сусветнай дзяржавы. Таксама канцэнтруюцца сілы побач з Украінай. Ідуць спробы рэалізаваць сцэнар дэстабілізацыі Украіны, давядзення яе да падзення ўраду, каб пасадзіць там свайго васала».

Распаўзанне расейскай ваеннай прысутнасці ў Беларусі сапраўды ўражвае. Спачатку гэтак званы навучальна-баявы цэнтр пад самай мяжой з Польшчай ды дзяжурства ў Беларусі расейскіх зенітных ракетных комплексаў С-300 і самалётаў Су-30, а цяпер – раптоўныя вучэнні на памежжы і патруль у Беларусі расейскіх стратэгічных бамбавікоў Су-22М3.

ВІДЭА
Калі скончыцца міграцыйны крызіс?
2021.11.19 15:52

Марус Лаўрынавічус, незалежны вайсковы аналітык, Літва:

«Мы гэта бачым з пачатку года. І гэта нашмат важней, чым публічныя выступы наконт саюзнай дамовы і ўсіх гэтых падпісаных дарожных мапаў. Тое, што адбываецца ў вайсковай сферы, – гэта рэальна. І гэта большыя крокі да яшчэ большай інтэграцыі, і, я б сказаў, вайсковага паглынання Беларусі, чым тое, што робіцца на палітычным узроўні».

Прапаганда ж Лукашэнкі ўжо адкрыта пужае Захад расейскай зброяй.

«Але калі дзіцячыя слёзы вас не прыводзяць у прытомнасць, то прывядуць стратэгічныя самалёты Ту-22М3 вайскова-касмічных сілаў Расейскай Федэрацыі. Можаце выкідваць свой натаўскі металалом», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Дарэчы, тут варта прыгадаць, што падчас вучэнняў «Захад-2021» у верасні расейскія бамбавікі адпрацоўвалі фактычна прарыў на тэрыторыю Польшчы і знішчэнне сродкаў супрацьракетнай абароны. Цяпер жа Расея не проста павялічыла сваю прысутнасць у Беларусі, але таксама сцягнула да межаў з Украінай больш за 90 тысячаў вайскоўцаў.

Уладзімір Горбач, палітычны аналітык Інстытуту еўраатлантычнай супрацы:

«Гэтымі перафармаваннямі і перагрупаваннямі Расея стварае ўдарныя групоўкі, адмыслова сфарматаваныя для наступальных баявых дзеянняў. Але занепакоенасць ва Украіне і свеце магчымаю расейскай агрэсіяй дыктуецца не толькі назіраннямі за манеўрамі вайскоўцаў. Хутчэй за ўсё, выведныя звесткі заходніх краінаў кажуць, што атака на Украіну рыхтуецца менавіта на палітычным узроўні».

І пакуль Заходняя Еўропа звяртае асноўную ўвагу на гуманітарны аспект міграцыйнага крызісу, Крэмль спрабуе здабыць перавагу ў сферы бяспекі. І не толькі непасрэдна ў ваенным вымярэнні: гібрыднае супрацьстаянне паміж Расеяй і Захадам ужо трывае напоўніцу.

Роман Полька, генерал дывізіі ў адстаўцы, Польшча:

«Дэкларацыі NATO кажуць, што вайна ў кіберпрасторы – прычына для актывацыі арт. 5 NATO. А інфармацыйны канфлікт і вайна ў кіберпрасторы ўжо сапраўды ідуць. І NATO разглядае магчымасць кансультацыі замест канкрэтных дзеянняў. І я не кажу аб неабходнасці адправіць танкі на беларуска-польскую мяжу, хоць дэманстрацыя сілы ў адказ на адпаведныя дзеянні Расеі прыдалася б».

Эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што такія дзеянні Крамля, скіраваныя на прымушэнне Захаду да перамоваў на ўмовах Пуціна, – гэта чыстай вады шантаж і спроба запалохвання.

Уладзімір Горбач, палітычны аналітык Інстытуту еўраатлантычнай супрацы, Украіна:

«На прамую буйнамаштабную агрэсію расейскі бок так проста не пойдзе. Але будзе спрабаваць стварыць для гэтага перадумовы: падарваць палітычную і эканамічную сітуацыю, энергетычную бяспеку ўнутры Украіны. Стварыць нестабільнасць, аслабіць цэнтральную ўладу. І спрабаваць тыя спецаперацыі гібрыднай вайны, якія яны рэалізоўвалі ў 2014 годзе, калі расейскі спецназ можа захопліваць адміністрацыйныя будынкі на поўначы і ўсходзе, а ўжо пасля расейскія войскі пад выглядам міратворцаў будуць абараняць іх ад дзеянняў украінскіх сілавых структураў».

ВІДЭА
«Гэта яшчэ кветачкі, а будуць ягадкі». Віталь Портнікаў аб тым якой можа быць гібрыдная вайна
2021.11.20 12:02

Марус Лаўрынавічус, незалежны вайсковы аналітык, Літва:

«Мы мусім рыхтавацца да доўгатэрміновай канфрантацыі, адна з частак якой – і ваенная пагроза. Вядома, Крэмль рыхтуецца нават да сур’ёзнай вайны з NATO, і мы мусім быць гатовымі да абароны. Але гэта доўгатэрміновая перспектыва».

У той жа час варта разумець, што лакальны канфлікт на мяжы можа быць часткаю плану Лукашэнкі, каб затым аб’явіць у Беларусі ваеннае становішча ў сувязі з атакай на краіну ды цалкам прыбраць з парадку дня такія балючыя для рэжыму пытанні канстытуцыйнай рэформы, рэферэндуму ды адзінага дня галасавання.

Роман Полька, генерал дывізіі ў адстаўцы, Польшча:

«Лукашэнка, застаючыся ва ўладзе, цалкам непрадказальны. І ён акурат можа ўзброіць групы мігрантаў на мяжы з Польшчай ды прымусіць іх весці тыпова ваенныя дзеянні. У акце адчаю і абароны ўласных пазіцыяў, калі б ён пачуў, што ягонае становішча на тэрыторыі Беларусі – пад пагрозай, ён з вялікай доляй імавернасці мог бы перайсці чарговую чырвоную лінію».

Да таго ж, калі побач размяшчаюцца ўзброеныя сілы розных бакоў канфлікту, у гульню можа ўступіць і чалавечы фактар.

Марус Лаўрынавічус, незалежны вайсковы аналітык, Літва:

«Мы маем узброеныя сілы і з аднаго, і з другога боку мяжы. Могуць быць і розныя правакацыі, якія не абавязкова будуць спланаваныя Крамлём ці Менскам. Могуць быць памылкі, можа быць што заўгодна. Выключыць магчымасці ваеннага сутыкнення, вядома, нельга».

Сітуацыя можа ўскладніцца тым, што і Захад, і Пуцін ды Лукашэнка імкнуцца захаваць твар ды не здаць пазіцыяў у вачах свайго электарату і міжнароднай супольнасці. А такія сітуацыі якраз і могуць завесці ў пастку канфлікту, які з першага погляду нікому не выгадны.

Зміцер Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum

Стужка навінаў