Анастасія Крупеніч-Кандрацьева пра 111 содняў за кратамі: «Гэта была свайго роду помста»


Сяргей і Анастасія Крупенічы, якія на дваіх правялі за кратамі 224 содні за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», змаглі выехаць з Беларусі, цяпер яны ў бяспецы. Пра сваё жыццё ў няволі, а таксама пра планы на бліжэйшую будучыню яны распавялі ў студыі «Белсату».

Сям’я Крупенічаў у першую чаргу выказвае падзяку ўсім тым беларусам, якія падтрымоўвалі іх і дапамагалі выехаць з краіны.

«Падтрыманне адчувалася нават за сценамі Акрэсціна, гэта надавала нам сілаў і ўпэўненасці. Мы разумелі, што ўсё недарэмна», – адзначае Анастасія Крупеніч-Кандрацьева, якая правяла ў ізалятары 111 содняў.

Сяргей і Анастасія заўважаюць, што гэты содні за кратамі вельмі моцна аб’ядналі іх як сям’ю і зрабілі іх свайго роду «жалезнымі людзьмі». Паводле Сяргей Крупеніча, у камеры яму ў першую чаргу даводзілася вырашаць побытавыя пытанні.

«Калі я сам пра гэта чытаў, не разумеў, як там людзі сядзяць па 15 содняў, па 30. Калі я туды патрапіў, арганізм мабілізаваўся і вырашаў банальныя пытанні кшталту «дзе ўзяць зубную шчотку», «дзе пераначаваць» і гэтак далей. Таму калі я сядзеў унутры, асабліва моцных перажыванняў не было».

Анастасія Крупеніч-Кандрацьева гаворыць, што самымі складанымі для яе былі першыя дні ў няволі.

«Калі я прыйшла, для мяне гэта быў шок. Гэта было лета, было 36 градусаў спёкі, нас у камеры было 13–14 чалавек, было вельмі горача. І ў мяне проста былі слёзы на вачах. Потым, калі дадавалі содні, дні цягнуліся, і я прымала гэта як належнае».

Сяргей Крупеніч і Анастасія Крупеніч-Кандрацьева.
Фота: Sprind96.org

Са словаў Анастасіі Крупеніч-Кандрацьевай, апошнія содні ў няволі яна правяла разам з журналісткаю Ірынай Слаўнікавай, якая таксама адбывае пакаранне на Акрэсціна.

«Я сядзела апошнія 3–4 дні з Ірынай Слаўнікавай. Гэта вельмі моцная жанчына, яна прыйшла на такім уздыме, падбадзёрвала ўсіх. Ірына сказала, што была гатовая да гэтага. Яны з мужам прыляцелі з Егіпту і адразу ў аэрапорце іх сустрэў ГУБАЗіК. Як я разумею, яна ведала ўсе ўмовы. Ірына спала пад сталом, дзе было вельмі вузкае месца, зусім побач са мной, але трымалася вельмі добра, вельмі моцная жанчына».

На дваіх сям’я Крупенічаў адседзела 224 содні, і вызваленне для іх сталася нечаканым, бо перад гэтым Сяргею і Анастасіі прысудзілі яшчэ па 15 содняў. Са словах Анастасіі, усе суды над іхнай сям’ёй былі помстай.

«Гэта была свайго роду помста. Першапачаткова мяне бралі за каментар у Telegram-канале «Черная книга Беларуси». Я ўбачыла твар знаёмага мне дзейнага супрацоўніка Следчага камітэту і напісала, што ведаю гэтага чалавека, што ягонае дзіцё ходзіць да мяне ў школу. Мяне вылічылі і пачалі мне помсціць. Яны палічылі гэта злівам інфармацыі і вырашылі правучыць».

Цяпер Сяргей і Анастасія – за мяжой і не ўпэўненыя, ці захочуць вярнуцца ў Беларусь. Яны афармляюць дакументы, збіраюцца вывучыць польскую мову і знайсці ў Польшчы працу. Пасля вызвалення самае каштоўнае для іх – гэта свабода і бяспека, а таксама магчымасць быць разам.

«Для мяне важна, што мой муж побач са мной, што я не проста стаю ў камеры і слухаю ягоны голас, калі ён называе сваё прозвішча, і я ведаю, што ён проста жывы. Вось ён цяпер побач са мной – гэта самае галоўнае для мяне», – пракаментавала «Белсату» сённяшнюю сітуацыю Анастасія Крупеніч-Кандрацьева.

Поўную размову з сям’ёй Крупенічаў можна паглядзець тут.

Артыкулы
«І вось там, пад сталом і лаўкай, спала Слаўнікава». Сведчанні былой зняволенай камеры № 15
2021.11.22 18:04

ВК belsat

Стужка навінаў