Сі Цзінь Пін ідзе на новы тэрмін. Апанентаў выводзяць проста са з’езду Кампартыі


У Пекіне 22 кастрычніка завяршыў працу XX з’езд Камуністычнай партыі Кітая (КПК). Пра гэта паведамляе мясцовае агенцтва «Сінь-Хўа». Як мяркуецца, у выніку з’езду кіраваць Кітаем працягне Сі Цзінь Пін.

Сі Цзінь Пін.
Фота: ussian.news.cn

На з’ездзе КПК абралі 205 чальцоў Цэнтральнага камітэту (ЦК) партыі, якія ў сваім чаргу 23 кастрычніка зацвердзяць кіраўніцтва краіны на наступныя пяць гадоў. У прыватнасці, яны абяруць склад Палітбюро ЦК і Пастаяннага камітэту Палітбюро – найвышэйшага органа прыняцця рашэнняў у Кітаі. Таксама будзе абраны генеральны сакратар ЦК КПК.

У спіс новых чальцоў ЦК не ўвайшлі чатыры дзейныя чальцы Пастаяннага камітэту Палітбюро: Лі Кэ Цян, Лі Чжань Шу, Ван Ян і Хань Чжэн. Такім чынам, яны не змогуць увайсці ў новы склад Палітбюро і зноў заняць найважнейшыя дзяржаўныя пасады.

Па ўсёй бачнасці, старшыня КНР Сі Цзіньпін вырашыў абнавіць кіруючы орган ЦК і ўвесці туды больш людзей са сваёй каманды, піша South China Morning Post.

Акрамя таго, падчас цырымоніі закрыцця XX зʼезда Кампартыі з залы вывелі 79-гадовага былога генсака кампартыі Ху Цзінь Таў. Прычыны гэтага невядомыя. Мяркуючы па відэа, просьба пакінуць залу стала для былога кіраўніка Кітаю нечаканасцю, і ён не хацеў сыходзіць. Таму яго вывелі, фактычна ўзяўшы яго пад рукі. Цзінь Таў узначальваў Кітай з 2003 па 2013 год і перадаў уладу якраз Сі Цзінь Піну, пасля чаго стаў апанентам цяперашняга кіраўніка.

Сі застаецца ва ўладзе?

Сі Цзіньпін прыйшоў да ўлады ў 2012 годзе і ўжо 10 гадоў застаецца нязменным лідарам Кітая. Ён з’яўляецца генеральным сакратарам ЦК КПК, старшынём Кітайскай Народнай Рэспублікі, а таксама старшынём Цэнтральнага вайсковага савету КНР.

Традыцыя апошніх часоў прадугледжвала змену кіраўніцтва КПК і Кітаю праз 10 гадоў кіравання. Але пра тое, што Сі не збіраецца пакідаць пасаду, ускосна сведчыць, напрыклад, яго двухгадзінны даклад на адкрыцці зʼезда. Згодна з дакументам, да 2035 года Сі ператворыць Кітай у дзяржаву.

ХХ з’езд КПК.
Фота: ussian.news.cn

Прафесар паліталогіі Калумбійскага ўніверсітэту Эндру Натан лічыць, што стварэнне Сі Цзінь Пінам прэцэдэнту працяглага знаходжання адной асобы на чале КПК і на пасадзе старшыні КНР на нявызначаны час могуць дэстабілізаваць партыю.

«Тое, што Сі збіраецца ісці на трэці тэрмін, расхіствае сістэму пераемнасці. Калі нешта здарыцца падчас яго знаходжання на пасадзе, то існуе рызыка неўрэгуляванай перадачы ўлады, якая ператворыцца ў барацьбу за ўладу», – адзначае Натан.

А кітаіст Леанід Кавачыч у размове з «Вот Так» заявіў, што ў рэальнасці тых, хто мог ці жадаў бы супрацьстаяць Сі ў рамках КПК, не існуе. А даклад Сі Цзінь Піна на з’ездзе сведчыць пра кансалідацыю КПК вакол яго.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў