«Кис-Кис», Вольга Бузава і Shaman. Хто цяпер выступае на беларускай сцэне?


Паглядзелі, хто займае канцэртныя пляцоўкі.

Скрыншот з падстаронкі «Афіша». Крыніца: relax.by

У Беларусі выступаў спявак Shaman, знаны песняй «Я русский». Ён знакаміты і песняю «Встанем», прэм’ера якой «выпадкова» адбылася 23 лютага. Да прыкладу, там ёсць такія радкі:

«Встанем,

И бьётся сильнее в груди наша вечная память, между нами.

Встанем, герои России останутся в наших сердцах до конца.

Встанем и вспомним всех тех, кого в этом огне потеряли,

Кто шёл умирать за свободу, а не за медали».

Канцэртавая зала «Менск» была запоўненая. Збольшага на выступ прыйшлі жанчыны сярэдняга веку, яны махалі расейскімі, чырвона-зялёнымі і савецкімі сцягамі.

Нам стала цікава: а хто яшчэ цяпер выступае на сцэнах Беларусі?

Разгарнулі афішу, а там.. З беларускім слухачом чакае сустрэчы Вольга Бузава. Апісанне знаёміць нас з артысткай: «Армія ейных фанатаў расла і мацнела цягам 15 гадоў дзякуючы ўдзелу ў папулярным тэлепраекце «Дом-2». Таксама не прапусціце: да нас едзе «найлепшы голас планеты» Дымаш Кудайбергенаў, які выступае ў Крамлі, і спявачка МакSім. Далей афіша прапаноўвае нам наведаць «Супер шоу дискотека СССР», шоу-мюзікл «Стриптиз души». А яшчэ чакаюцца нейкія «Кис-кис», якія выправіліся ў «шалёныя гастролі».

Асабліва заінтрыгаваў канцэрт «Возвращение легенды», але ў апісанні, на вялікі жаль, не напісана, каторай. Можа, будзе неспадзяванка?

Нядаўна ў Менску прайшоў канцэрт гурта «Воровайки». Гэта тыя самыя, што спяваюць «Хоп, мусорок, не шей мне срок». Цяпер у іхным рэпертуары ёсць песня «Хохлы» з вельмі зняважлівым і здзеклівым тэкстам пра ўкраінцаў.

Браты Запашныя, якія калісьці гулялі ў хакей з Лукашэнкам, прывязуць спектакль «Кабы я была царица…». Нядаўна Эдгар Запашны параіў Зяленскаму «прайсці пешшу мяжу і наведаць ДНР або ЛНР». Ён жа назваў «ушлёпком» беларускамоўнага гімнаста: «Уяўляеш, як ты пляваў на ўласную краіну, што на ўкраінскую мову перайшоў».

Да нас прыедзе ўкраінка Anna Asti. У апісанні да канцэрту яе называюць расейскамоўнай артысткай: «Ейныя песні і ейны голас заўжды маюць для слухачоў эфект, што лекуе душу». Спявачка будуе кар’еру ў Расеі, таму пра вайну на радзіме не выказвалася.

Запланаваны канцэрт Філіпа Кіркорава на паўзе, а выступ Валерыя Меладзэ перанеслі.

Дык а дзе беларускае? – справядліва запытаеце вы. Калі ласка: канцэрт харэаграфічнага ансамблю «Харошкі». І Аляксандр Саладуха з канцэртам «Молодые пацаны» паедзе ў Салігорск.

А што для дзетак? Калі ласка: Расейскі дзіцячы тэатр прапаноўвае спектаклі пра Зайку, які ўцёк ад Лісы ды Ваўка, і пра Ката ў ботах.

Вось так сумна выглядае беларуская сцэна, покуль Лявон Вольскі збірае залы ў Літве і Польшчы. Рэчаіснасць, ад якой нам не ўцячы. Як таму Зайку ад Лісы і Ваўка.

Аліса Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў