«Гэта залежыць не ад Белстату». У ведамстве распавялі, чаму ніяк не могуць падлічыць смяротнасць за 2020 год


Намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэту Цімафей Жыгараў 22 кастрычніка падчас наўпроставай тэлефоннай лініі адказаў на пытанні карэспандэнтаў «Белсату» адносна прычынаў усё большага засакрэчвання афіцыйнай статыстыкі Беларусі.

Стоўбцы, могілкі
Могілкі ў Стоўбцах падчас эпідэміі.
Фота: «Белсат»

Яшчэ з вясны 2020 года ў Беларусі адсутнічаюць звесткі адносна смяротнасці. Іх засакрэцілі адразу пасля таго, як распачалася пандэмія каронавіруса, якую Аляксандр Лукашэнка прапаноўваў лекаваць хакеем і трактарам. І вось ужо больш як два гады звесткі пра смяротнасць у Беларусі не публікуюцца.

Адказваючы на пытанне карэспандэнткі «Белсату» Цімафей Жыгараў заявіў, што звесткі пра смяротнасць не засакрэчаныя, а «гэтая інфармацыя пакуль знаходзіцца ў стадыі распрацоўцы. Ідзе ўдакладненне». Каб палічыць, колькі ж памерла беларусаў, ведамства нібыта праводзіць «працу разам з Міністэрствам аховы здароўя, з нашымі консульскімі ўстановамі за мяжой».

Аналітыка
«Прынцып утойвання і хлусні». Як «Экономика Беларуси» таксама стала экстрэмісцкай
2022.05.24 11:01

«Гэтая інфармацыя будзе дасяжная, як толькі яна будзе разлічаная і правераная», – паведаміў Жыгараў.

Але ўдакладніў: «Пакуль спрагназаваць гэта нельга», бо «гэта залежыць не ад Белстату».

«Звесткі дагэтуль удакладняюцца», – падкрэсліў намеснік старшыні Белстату.

Як з дапамогай інфармацыі абысці санкцыі

Цімафей Жыгараў таксама прызнаў закрыццё шэрагу эканамічнай інфармацыі, бо праводзіцца «актыўная несяброўская санкцыйная палітыка ў дачыненні нашых прадпрыемстваў». У прыватнасці, былі засакрэчаныя пэўныя звесткі адносна прамысловасці, энергетыкі, гандлю з іншымі краінамі.

У выніку, заявіў прадстаўнік Белстату», прадпрыемствы працягваюць працаваць, «паспяхова прадаваць на экспарт сваю прадукцыю, у тым ліку і ў несяброўскія краіны».

«Фактычна так» – сказаў ён, адказваючы на пытанне, ці не дапамагае гэта абыходзіць санкцыі.

Чыноўнік таксама не выключыў і далейшага закрыцця статыстычных звестак, хоць і прызнаў: ведамства павінна даваць як мага больш інфармацыі, а не засакрэчваць яе.

Hавiны
Часам не да статыстыкі. Навошта ўлады Беларусі ўсё часцей хаваюць дадзеныя і ці можна ім давяраць
2022.01.14 17:32

«Нашая наагул асноўная задача – гэта падрыхтоўка і публікацыя афіцыйнай статінфармацыі. Давядзенне да шырокага кола карыстальнікаў усяго, што адбываецца ў нашай краіне і не толькі. Але, на жаль, гэтыя пэўныя моманты нашай рэчаіснасці не дазваляюць нам гэта рабіць. Тут ідзе забеспячэнне нацыянальнай бяспекі, забеспячэнне нармальнай працы эканамічнага сектару – нашых прадпрыемстваў. Таму тут такія мэты пастаўленыя на чале», – падкрэсліў Жыгараў.

У кастрычніку дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў першым чытанні прынялі законапраект «Аб змяненні закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай статыстыцы». Змяненні прадугледжваюць далейшае абмежаванне распаўсюду статыстычных звестак.

Hавiны
Хаваюць інфармацыю ад грамадства. У Беларусі прымаюць змены ў Закон аб статыстыцы
2022.10.12 14:09

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў