Як Лукашэнка прыйшоў да ковід-дысідэнцтва. Згадваем галоўныя выказванні


«Псіхоз», «хакей» і «козачкі», кпіны з памерлых і забарона на супрацьэпідэмічныя абмежаванні.

Аляксандр Лукашэнка наведвае 2-ю гарадскую дзіцячую клінічную лякарню Менску. 19 чэрвеня 2021 года.
Фота: president.gov.by

Сёння можа здавацца, што Аляксандр Лукашэнка з самога пачатку быў «на баку каронавіруса» і адразу выступаў супраць барацьбы з пандэміяй. Аднак першая ягоная публічная рэакцыя на вірус гучала надзіва сур’ёзна.

Першая рэакцыя Лукашэнкі на каронавірус была адносна нармальнаю

У канцы студзеня 2020 года, калі стала вядома пра вірус у Кітаі, Лукашэнка даручыў выправіць туды гуманітарную дапамогу з маскамі, халатамі і пальчаткамі, сродкамі дэзынфекцыі ды іншым медычным абсталяваннем. А потым яшчэ і пісаў кіраўніку Кітаю: «Скажы, што яшчэ мы маглі б зрабіць». Высілкі кітайцаў у барацьбе з вірусам ён хваліў.

Аднак ужо тады рабілася відавочным, што вірус наўрад ці ўтрымаюць у межах краіны паходжання. У пачатку лютага 2020 года Лукашэнку пра гэта спыталі: ці непакоіцца беларусам пра эпідэмію? Ён даў параду, якая на той момант гучала рэзонна: не трывожыцца, мыць рукі і менш стасавацца з незнаёмцамі. Тады нават Сусветная арганізацыя здароўя (WHO) рэкамендавала насіць маскі толькі медыкам і людзям з сімптомамі рэспіраторных хваробаў.

Hавiны
Дактары: Чацвёртая хваля каронавіруса ў Беларусі нагадвае сітуацыю падчас першай хвалі ў Італіі ці Іспаніі
2021.09.30 11:32

Першы афіцыйна пацверджаны выпадак каронавіруса ў Беларусі зафіксавалі 28 лютага 2020 года. І тады словы Лукашэнкі гучалі адносна адэкватна: дзякаваў дактарам, што робяць тое, што робяць іншыя краіны, але спакойна – «без шуму і пылу». Ён заклікаў не панікаваць, «бо маскі ў аптэках скончацца». Але ўжо тады даволі дзіўна выказваўся: дзякаваў дактарам у тым ліку за тое, што яны не закрываюць межаў (хоць вырашаюць гэта не дактары, а кіраўнікі дзяржаваў). Ды на той момант закрыццё межаў не было шырока распаўсюджаным, трывалі спрэчкі.

Затым стала зразумела, што каронавірус – гэта крызіс, які пашкодзіць выбарам

У канцы лета 2020 года мусілі прайсці (і прайшлі) прэзідэнцкія выбары. Лукашэнка ў сакавіку-2020 у публічных выступах найбольш непакоіўся, ці не будзе панікі, і хацеў, каб «усё абышлося».

«Мяне найпершхвалюе галоўнае пытанне – кіравальнасць сістэмы», – казаў Лукашэнка 12 сакавіка 2020 года.

Гэтыя словы былі пра сістэму аховы здароўя, але ўжо на наступны дзень Лукашэнка разважаў пра ролю міліцыі ў барацьбе з каронавірусам і захаванне «стабільнага грамадства». 31 сакавіка прызнаў, што перад выбарамі яго непакоіць эканоміка, якой нашкодзіць вірус.

Hавiны
Вынікі 2020 года: чатыры памылкі Лукашэнкі, якія пазбавілі ягоны рэжым будучыні
2020.12.29 11:34

Калі Расея 16 сакавіка закрыла свае межы (а Беларусь засталася адзінаю краінаю рэгіёну з адкрытымі межамі), Лукашэнка абурыўся: як гэта не параіліся, калі ў Расеі і Беларусі «няма мяжы»? Таксама ён выказваў крыўду: як гэта Расея прапанавала Беларусі тэсты на каронавірус, калі нядаўна «лыжку нафты не маглі падзяліць»? Тады Лукашэнка казаў, што берагчы трэба не толькі людзей, але і эканоміку (пазней шкадавання пра людзей практычна не выказваў).

У той жа дзень Лукашэнка агучыў першыя фэйкавыя рэцэпты ад каронавіруса: «труціць вірус гарэлкай» і «трактар вылечыць усіх, поле ўсіх лечыць».

Праз тры дні ён ужо прызнаваў, што чуе крытыку ў свой бок, і заявіў, што ад панікі Беларусь больш пацярпіць, чым ад каронавіруса:

«Я гэты каронавірус называю не іначай як псіхозам і ад гэтага ніколі не адмоўлюся, бо разам з вамі перажыў ужо шмат якія псіхозы».

Урэшце, на наступны дзень заявіў, што ў каронавірус не верыць, і падазраваў, што каронавірусную «псіхапатыю» хтосьці спланаваў.

І пачаліся рэцэпты. Вось некаторыя з прапанаваных Лукашэнкам:

  • гарэлка,
  • трактар і поле,
  • лазня,
  • хакей,
  • тлустая ежа і масла,
  • козачкі,
  • дым вогнішча,
  • мёд,
  • купанне ў крыніцы,
  • беларускі сыр…

Усё гэта казаў той самы Лукашэнка, які 21 сакавіка 2020 года загадаў кіраўніку КДБ разабрацца з распаўсюднікамі фэйкаў пра каронавірус. Усе гэтыя рэцэпты – фэйкавыя.

Аднак лекаў ад каронавіруса, як бы іх ні «шукаў» Лукашэнка, навукоўцы не знайшлі і да сёння. Ёсць хіба лекі, якія змагаюцца з сімптомамі, але не з прычынаю COVID-19, і вакцыны, якія вучаць арганізм змагацца з вірусам (прапанаваныя Лукашэнкам метады гэтаму арганізм не навучаць).

Да чаго гэта прывяло

Ад жартаўлівага стаўлення да віруса Лукашэнка перайшоў да адкрытай знявагі ахвяры. 31 сакавіка стала вядома, што ад ковіду ў Беларусі памёр першы чалавек – віцебскі актор Віктар Дашкевіч (пазней выявілася, што ён быў нават не першай ахвярай). Лукашэнка адрэагаваў на гэтую смерць словамі, што «небарака не вытрываў», а мусіў бы ў пенсійным узросце не працаваць. Потым звінаваціў аднаго з памерлых ад каронавіруснай інфекцыі ў лішняй вазе: «А як жыць можна? 135 кілаграмаў вагі».

Лукашэнка раз за разам забараняў супрацьэпідэмічныя захады, каранціны, пераход на дыстанцыйную адукацыю ды абавязковую вакцынацыю. Масачны рэжым у Беларусі ўвялі праз паўтара года пасля пачатку пандэміі. І праз 13 дзён скасавалі на загад Лукашэнкі. У выніку беларусы самі сталі масава шыць маскі, даваць грошы фонду «ByCovid», збіраць дапамогу дактарам і шпіталям.

Рэпартаж
«Усе зрухі ў нашым грамадстве пачаліся з ByCovid-19». Выстава фотагісторый валанцёраў у Бабруйску
2021.02.06 12:53

Сёння папулярнае меркаванне, што несур’ёзнае стаўленне Лукашэнкі да пандэміі ды самаарганізацыя беларусаў супраць каронавіруса сталі важным складнікам пратэстаў-2020. Тых самых пратэстаў, якія Лукашэнка хацеў перадухіліць, калі «клапаціўся пра эканоміку» і не ўводзіў каронавірусных абмежаванняў.

Але каронавірус прывёў не проста да незадаволенасці, але і да шматлікіх смерцяў беларусаў. Паводле афіцыйных звестак, усяго да 4000 смерцяў, паводле выцеклых звестак з сістэмы «Пашпарт», да 32 000 «лішніх» смерцяў, паводле незалежных ацэнак – прынамсі да 40 000. Паводле смяротнасці на душу насельніцтва, калі ўлічваць апошнія ацэнкі, Беларусь – у еўрапейскім топ-5.

Магчыма, выказванні Лукашэнкі сталі адною з прычынаў таго, што беларусы не хочуць вакцынавацца (а значыць, будуць паміраць толькі часцей). Паводле тэмпаў вакцынацыі, Беларусь адстае ад практычна ўсёй Еўропы (абганяе толькі Украіну ды Боснію і Герцагавіну). Увядзенне і скасаванне масачнага рэжыму наўрад ці прывядзе да паляпшэння сітуацыі з нашэннем масак.

Hавiны
Доктар – пра адмену масачнага рэжыму: «Службовым асобам давядзецца адказваць і перад законам, і перад людзьмі»
2021.10.22 13:53

АА, belsat.eu

Стужка навінаў