Прыродны імунітэт, пабочныя эфекты, цяжарнасць, дзеці. 10 частых пытанняў пра вакцыны супраць COVID-19


Галоўнае: кожны вакцынаваны бароніць не толькі самога сябе, але і людзей навокал. І пакуль большасць людзей на Зямлі не атрымае імунітэту, каронавірус (а з ім і супрацьэпідэмічныя абмежаванні ды эканамічны крызіс) наўрад ці сыдзе.

Вакцынацыя работнікаў і студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту.
Фота: Максім Кубарскі / Медыяцэнтр БНТУ

Сціслы пераказ тут:

Hавiны
365 важных словаў пра вакцынацыю супраць COVID-19. Сцісла пра галоўнае
2021.10.23 12:18

Ніжэй часам будуць ужывацца фармулёўкі са значэннем няпэўнасці: «падобна», «магчыма» і гэтак далей. Яны значаць, што даследаванняў на гэтую тэму мала або наконт значэння іх вынікаў спрачаюцца, але большасць даследчыкаў і асацыяцыяў аховы здароўя схіляюцца да такіх высноваў, хоць далейшыя даследаванні могуць удакладніць рэкамендацыі. У гэтым сутнасць навуковага падыходу: правяраць, пераправяраць, сумнявацца і даказваць.

1. Вакцына гарантуе абарону ад COVID-19?

Не. І маску ўсё роўна трэба насіць. Вакцынаваныя могуць усё роўна захварэць на COVID-19, заразіць іншых і нават памерці. Але прышчэпка істотна зніжае небяспеку. У залежнасці ад вакцыны, умоваў ды канкрэтнага даследавання (іх сотні) слова «істотна» значыць ад прынамсі 50% дзейснасці супраць бессімптомнай хваробы да больш як 90% дзейснасці супраць цяжкай хваробы і смерці. Дзейснасць (анг. «efficacy») жа лічаць так: калі б бралі дзве групы людзей – 1000 вакцынаваных і 1000 невакцынаваных – ды сярод невакцынаваных давялося б шпіталізаваць 100 чалавек, а сярод вакцынаваных – 5, то дзейснасць адносна шпіталізацыі склала б 95%. Эфектыўнасць (англ. «effectiveness») такой дзейснасці ў рэальным свеце можа адрознівацца.

2. У мяне моцны імунітэт: нашто вакцына?

Прыроднага імунітэту ад гэтага віруса няма. SARS-CoV-2 – гэта новы для чалавека вірус, імунная сістэма не ўмее з ім змагацца, пакуль не пазнаёміцца з вірусам праз вакцынацыю ці перанесеную хваробу. Ці перажыве чалавек тое знаёмства, залежыць шмат ад чаго. Нават калі чалавек рэдка хварэў раней, то можа цяжка перанесці ковід. Калі кажуць пра натуральны імунітэт ад каронавіруса (як, напрыклад, тут), то маюць на ўвазе імунітэт у тых, хто перахварэў і выжыў.

3. Мо лепей перахварэць, чым калоць хімію?

Дакладна не. Ад COVID-19 можна не толькі памерці, але і атрымаць паўсотні розных доўгатэрміновых негатыўных эфектаў па выздараўленні. Калі разважаюць (як тут) пра тое, што натуральны імунітэт мацнейшы за імунітэт ад вакцынаў, то небяспеку хваробы не ўлічваюць. Тыповыя пабочныя эфекты ад вакцынаў усяляк лепшыя за сімптомы ковіду.

Гісторыі
Як у Беларусі вакцынуюць ад каронавіруса? Менчукі распавялі пра свой досвед
2021.05.21 17:31

4. Якія пабочныя эфекты ад вакцынаў?

Нязначныя. Сапраўды небяспечныя пабочныя эфекты вельмі рэдкія. Такія, як анафілактычны шок, здараюцца колькі разоў на мільён. Выпадкі смерцяў, у якіх вакцына была сярод верагодных прычынаў, адзінкавыя. А тыповыя пабочныя эфекты – галаўны боль, боль у месцы ўколу, стома, высокая тэмпература і дрыжыкі, дыярэя. Яны звычайна лёгкія ці ўмераныя, трываюць да некалькіх дзён. Доўгатэрміновых не назіралі. Наяўнасць пабочных эфектаў лічыцца нармальнай: імунная сістэма вучыцца атакаваць вірус у адсутнасці рэальнага ворага. Калі пабочныя эфекты дакучаюць, з імі можна змагацца (напрыклад, парацэтамолам), але толькі пасля кансультацыі з доктарам.

5. Калі ўжо хварэў – вакцынавацца не трэба?

Трэба, можна нават «сарваць джэкпот». Людзі заражаюцца каронавірусам і па другім, і па трэцім разе: натуральны імунітэт не гарантуе поўнай абароны. Але камбінацыя імунітэту пасля хваробы з вакцынаю часам дае суперімунітэт (як часта і пры якіх умовах, яшчэ даследуюць).

6. Калі нельга рабіць прышчэпку ад каронавіруса?

Пры вострай хваробе ці алергіі на нейкі кампанент гэтай канкрэтнай вакцыны. Супрацьпаказанняў супраць вакцынацыі амаль няма. Прышчэпку могуць пасля кансультацыі з алерголагам рабіць нават тым, у каго бывалі цяжкія алергічныя рэакцыі. Хранічныя хваробы (нават ВІЧ-інфекцыя) не ёсць супрацьпаказаннямі, імі ёсць толькі вострыя хваробы або іх абвастрэнні.

Hавiны
Як Лукашэнка прыйшоў да ковід-дысідэнцтва. Згадваем галоўныя выказванні
2021.10.22 18:08

7. Людзей сталага веку і дзяцей трэба паберагчы ды не вакцынаваць?

Наадварот: вакцынаваць, каб паберагчы. Сталыя людзі значна часцей хварэюць на COVID-19 і паміраюць ад яго. Каля паловы памерлых ад каронавіруса – старэйшыя за 75 гадоў, яшчэ чвэрць – ад 65 да 74. Вакцыны бяспечныя для пажылых людзей, ім нават рэкамендуюць дадатковую бустарную прышчэпку, каб зменшыць рызыку ад каронавіруса. Дзецям не рэкамендавалі вакцыны ад каронавіруса толькі таму, што даследаванні бяспекі ды эфектыўнасці адносна іх не былі прыярытэтнымі (дзеці менш і лягчэй хварэюць на ковід), але цяпер у Еўропе і ЗША пачынаюць вакцынаваць дзяцей ад 12 гадоў. Дзеці таксама могуць (з меншай імавернасцю) хварэць на COVID-19 і заражаць іншых.

8. Як вакцына ўплывае на цяжарнасць?

Падобна, што станоўча. Звесткі пакуль толькі раннія, бо спецыфічных даследаванняў было няшмат, але выглядае, што заходнія вакцыны бяспечныя і для цяжарнай жанчыны, і для плода. Ніякіх кепскіх эфектаў правераных вакцынаў на цяжарнасць, здароўе дзіцяці, фертыльнасць ці патэнцыю не выявілі. Але выявілі, што прышчэпка падчас цяжарнасці можа перадаць імунітэт і плоду. Хіба трэба асабліва пільна сачыць за пабочнымі эфектамі, калі прышчэпка робіцца падчас цяжарнасці, бо тая ж высокая тэмпература можа нашкодзіць плоду незалежна ад прычыны. Расейскім «Спутником V» мала вакцынавалі цяжарных, але ў Расеі кажуць, што небяспекі для цяжарнасці і ад яго няма. Да таго ж цяжарныя акурат рызыкуюць цяжэй перанесці COVID-19, таму прышчэпка, хутчэй за ўсё, пажаданая.

9. Як наагул вакцыны дзеюць на арганізм?

Кожная па-рознаму, але ўсе паказваюць арганізму, як змагацца з вірусам. Напрыклад, так, як у гэтым вясёлым мульціку. Калі сур’ёзна, то так. Вакцыны на аснове мРНК («Pfizer», «Moderna») і адэнавірусныя вектарныя («Спутник V», «AstraZeneca», «Johnson & Johnson») высылаюць арганізму «інструкцыі» для выпрацоўвання спайкавага бялка віруса SARS-CoV-2 (але не цэлага віруса), каб цела навучылася ідэнтыфікаваць і знішчаць цэлі з такім бялком. Інактываваныя вакцыны («Sinovac», «Sinopharm», «КовиВак») высылаюць «трупы» віруса, на якія імунная сістэма ўсё роўна рэагуе. Ёсць і іншыя тыпы вакцынаў, але іх пакуль не праверылі або не дазволілі паўнавартасна ўжываць. Сярод недаправераных на момант публікацыі – расейская пэптыдная вакцына «ЭпиВакКорона», што дастаўляе бясшкодны «шматок» спайкавага бялка, на які арганізм і вучыцца рэагаваць.

Hавiны
Што вядома пра «беларускую вакцыну ад каронавірусу»? Што яна яшчэ не гатовая
2021.05.07 22:10

10. А вакцына не заразіць мяне якім-небудзь вірусам?

Дакладна не. Тыя «шматкі» або «трупы» вірусаў нежыццяздольныя, яны не размножацца. Адэнавірусныя вакцыны выкарыстоўваюць толькі «транспартавую» частку віруса, пры тым сам вірус размнажацца не можа. Ад вакцынаў арганізм ні ў якім разе не выпрацуе цэлага віруса SARS-CoV-2. Клінічныя даследаванні і рэальнае выкарыстанне вакцынаў не паказала выпадкаў, калі б ад вакцыны пачаўся COVID-19. Хіба што былі выпадкі, калі хвароба пачалася незадоўга да вакцынацыі, а вакцына не паспела падзеяць.

Працяг тут:

Hавiны
Мыцца, піць, калоцца трэці раз, баяцца беларускага? Яшчэ 10 частых пытанняў пра вакцыны супраць COVID-19
2021.10.23 12:17

АА belsat.eu

Стужка навінаў