Мыцца, піць, калоцца трэці раз, баяцца беларускага? Яшчэ 10 частых пытанняў пра вакцыны супраць COVID-19


Галоўнае: кожны вакцынаваны бароніць не толькі самога сябе, але і людзей навокал. І пакуль большасць людзей на Зямлі не атрымае імунітэту, каронавірус (а з ім і супрацьэпідэмічныя абмежаванні ды эканамічны крызіс) наўрад ці сыдзе.

Вакцынацыя работнікаў і студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту.
Фота: Максім Кубарскі / Медыяцэнтр БНТУ

Сціслы пераказ тут:

Hавiны
365 важных словаў пра вакцынацыю супраць COVID-19. Сцісла пра галоўнае
2021.10.23 12:18

Першая частка тут:

Hавiны
Прыродны імунітэт, пабочныя эфекты, цяжарнасць, дзеці. 10 частых пытанняў пра вакцыны супраць COVID-19
2021.10.23 12:17

Ніжэй часам будуць ужывацца фармулёўкі са значэннем няпэўнасці: «падобна», «магчыма» і гэтак далей. Яны значаць, што даследаванняў на гэтую тэму мала або наконт значэння іх вынікаў спрачаюцца, але большасць даследчыкаў і асацыяцыяў аховы здароўя схіляюцца да такіх высноваў, хоць далейшыя даследаванні могуць удакладніць рэкамендацыі. У гэтым сутнасць навуковага падыходу: правяраць, пераправяраць, сумнявацца і даказваць.

11. Якая вакцына найлепшая?

Тая, што вам даступная, як часам кажуць дактары. Найбольш дзейснымі супраць каронавіруса аказаліся мРНК-вакцыны, следам – адэнавірусныя вакцыны, за імі – інактываваныя. Ды розніца між іх эфектыўнасцю ад цяжкай хваробы не настолькі вялікая, як між наяўнасцю і адсутнасцю вакцыны. Таму, калі выбару няма, лепей хутчэй прышчапіцца тым, чым даюць, а не чакаць лепшага варыянту.

Hавiны
Дзе і на якіх умовах могуць прышчапіцца беларусы ў суседніх краінах?
2021.09.23 15:00

12. «Спутник V» кепскі?

Падобна, добры і нават лепшы за кітайскую вакцыну. Сусветная арганізацыя здароўя на момант публікацыі не дадала «Спутник V» у спіс дазволеных для экстранага выкарыстання, але працягвае запытваць і збіраць звесткі пра даследаванні і вытворчасць. Расейскі бок запэўнівае, што справа за завяршэннем інспекцыяў на заводы і бюракратычных працэдураў. Апублікаваныя даследаванні паказваюць «Спутник V» амаль такім жа эфектыўным, як «Pfizer» і «Moderna» ды нават больш эфектыўным за астатнія ўхваленыя (у тым ліку «Sinopharm»). Засталося, каб прызналі дакладнасць гэтых даследаванняў і якасць вытворчасці. «Спутник V» беларускага разліву выклікае абгрунтаваныя падазрэнні, але аб’яднанне медыкаў «Белыя халаты» (якое ўлады прызналі «экстрэмісцкім») запэўнівае: у Беларусі не вырабляюць, а толькі фасуюць дастаўленую з Расеі вакцыну. Працэс не выклікае праблемаў, а расейцы кантралююць беларускае фасаванне.

13. Калі ў Беларусі будуць еўрапейскія ды амерыканскія вакцыны ад каронавіруса?

Калі захоча Лукашэнка. Офіс Святланы Ціханоўскай заяўляе, што ўладам Беларусі прапаноўвалі іх яшчэ ў сакавіку і былі гатовыя даставіць еўрапейскія вакцыны рознымі шляхамі. Улады адмовіліся. Таму пакуль найлепшым варыянтам у Беларусі застаецца «Спутник V».

Hавiны
Прататып беларускай вакцыны ад каронавіруса зрабілі. Ёсць нюанс з новымі штамамі
2021.08.12 14:14

14. Вакцыны будуць эфектыўныя супраць новых штамаў?

Гэта невядома. Але штамаў, супраць якіх вакцыны не былі б эфектыўныя, пакуль не з’яўлялася. Супраць штаму дэльта, найбольш распаўсюджанага на момант публікацыі, заходнія вакцыны дакладна эфектыўныя. Расейцы заяўляюць, што і «Спутник V» эфектыўны супраць дэльты, але даследаванне яшчэ не праверанае незалежнымі экспертамі. А каб не з’яўляліся новыя штамы, якраз трэба, каб як мага больш людзей вакцынавалася.

15. Як доўга дзеіць вакцына?

Пакуль зарана казаць. Як мінімум, дзеіць столькі, колькі часу мінула з пачатку даследаванняў (на момант публікацыі гэта менш за год). Выглядае, што эфектыўнасць супраць шпіталізацыі не падае, але супраць заражэння паступова зніжаецца. Не выключаюць як таго, што вакцынавацца давядзецца штогод, так і таго, што хопіць адной поўнай вакцынацыі.

16. Ці трэба калоцца трэці раз, рабіць бустар?

Гэта не пашкодзіць пры пэўных умовах. Агулам эфектыўнасць трэцяй дозы вакцыны на момант публікацыі пад пытаннем, але падобна, што гэта не шкодна, хоць ёсць засцярогі ад паспешлівай усеагульнай рэвакцынацыі. У Еўропе і ЗША дадатковую прышчэпку праз 28 дзён рэкамендуюць як тым, у каго пасля першых двух уколаў выпрацаваўся слабы імунітэт, так і тым, хто мае хваробы з уплывам на імунітэт. А бустарную праз паўгода – людзям сталага веку, з пэўнымі хранічнымі хваробамі і тым, хто мае асабліва высокую рызыку зноў сутыкнуцца з вірусам. У Беларусі такога на момант публікацыі не прапануюць, у Расеі пакуль разважаюць.

Hавiны
«Ігнаруючы каронавірус, улады дэманструюць, што ім пляваць на простых людзей»
2021.06.19 17:19

17. Калі пасля вакцыны адной фірмы зрабіць прышчэпку іншаю вакцынаю, будзе лепей?

Гэтага яшчэ не ведаюць. На момант публікацыі былі толькі невялікія даследаванні эфектыўнасці такога падыходу, і адказ пакуль – магчыма. Як мінімум, выглядае, што гэта бяспечна, і на Захадзе ўжо пачынаюць дазваляць бустарныя ўколы не тою вакцынаю, што была ў чалавека першаю.

18. Вакцынавацца адначасова ад COVID-19 і грыпу трэба?

Трэба. Вакцына ад каронавіруса не бароніць ад грыпу, хоць маскі ды сацыяльнае дыстанцыяванне спрацоўваюць і супраць грыпу. У медыкаў можа не хапіць рук, калі шмат людзей будуць хварэць на грып падчас пандэміі каронавіруса. Чалавек можа нават адначасова падхапіць каронавірус і вірус грыпу. Надзейных звестак, як камбінаваць прышчэпкі ад грыпу і каронавіруса, пакуль няма, але першыя даследаванні паказваюць: калі іх рабіць адначасова, то гэта не зніжае эфектыўнасці і бяспечнасці.

19. Ці можна пасля ўколу мыцца, займацца спортам, есці вострае, ужываць антыбіётыкі?

Можна. Адмыслоўцы гэтага не забараняюць, хоць рэкамендуюць у першыя дні пазбягаць фізічнай актыўнасці праз магчымыя пабочныя эфекты вакцыны і раяць пазбягаць ежы, якая можа выклікаць алергію. Таксама раяць піць больш вадкасці, трымацца здаровай дыеты, не расчухваць месца ўколу.

Hавiны
Міністэрства аховы здароўя апублікавала мапу ўсіх пунктаў вакцынацыі ў Беларусі
2021.10.14 15:24

20. Колькі алкаголю можна ўжываць перад вакцынацыяй і пасля?

Чым менш, тым лепш. Даследаванні не паказалі негатыўнага эфекту ўмеранага ўжывання алкаголю на выпрацоўванне антыцелаў. Але ўжываць алкаголь не раяць, бо ён у прынцыпе кепска ўплывае на імунную сістэму і можа пагаршаць пабочныя эфекты. Празмернае спажыванне алкаголю, хутчэй за ўсё, пашкодзіць і выпрацоўванню антыцелаў, і здароўю наагул, але куфаль піва ці келіх віскі наўрад ці «паломяць» вакцыну.

АА belsat.eu

Стужка навінаў