Фельчарка з 38-гадовым стажам не можа знайсці працу – яе звольнілі пасля штрафу за ўдзел у мітынгу


Валянціна Алфёрава на выкліку.
Фота: асабісты архіў Валянціны Алфёравай

58-гадовая Валянціна Алфёрава з Бабруйску адпрацавала на мясцовай станцыі хуткай дапамогі 38 гадоў. Сёлета ўвесну з жанчынай не працягнулі кантрактe. Афіцыйная прычына – дасягненне пенсійнага ўзросту. Цяпер бабруйчанка не можа нікуды ўладкавацца, распавядае, што спачатку пагаджаюцца ўзяць, а потым тэлефануюць, просяць прабачэння і адмаўляюць. У кастрычніку 2020 года Валянціну судзілі пасля затрымання на мірным шэсці – жанчына ўпэўненая, што гэта і ёсць сапраўдная прычына як звальнення і адмоваў у новай працы.

«Я жыла сваёй працай»

Апошнюю змену на Бабруйскай гарадской станцыі хуткай дапамогі Валянціна Алфёрава адпрацавала 28 красавіка 2021 года. Пасля звальнення жанчына некаторы час прысвяціла адпачынку і сям’і, а ўвосень пачала шукаць працу, бо пенсіі на нармальнае жыццё не хапае. Бабруйка разумела, што з пошукам новага працоўнага месца могуць быць складанасці, аднак, улічваючы недахоп медыкаў па ўсёй Беларусі, спадзявалася, што з ейным досведам яе недзе ўсё ж возьмуць.

Да таго ж Валянціна вельмі сумуе па працы. Пайсці ў медыцыну яна марыла з дзяцінства. Пасля школы паехала ў Менск паступаць у медычны інстытут, але не атрымалася. Тады пайшла ў Менскую медычную вучэльню. Калі закончыла вучобу ў 1983 годзе, выйшла замуж і пераехала ў Бабруйск, дзе да красавіка гэтага года працавала на станцыі хуткай дапамогі.

Hавiны
Фельчарка хуткай дапамогі: «Сумленна ратавала б жыццё міліцыянта ці суддзі»
2020.10.21 15:32

Валянціна Алфёрава вельмі любіла сваю працу, і калі даведалася, што кантракту не працягнуць, не ўяўляла, як будзе жыць.

«Люблю ездзіць на выклікі, дапамагаць людзям, калі я бачу, што дзякуючы маім ведам і дзеянням чалавеку проста на вачах робіцца лепш. Гэта – самае каштоўнае ў працы, – казала раней «Белсату» фельчарка. – Апошнія два гады я працавала ў педыятрычнай брыгадзе, гэта яшчэ цікавей – дзеці ўсе такія розныя, непасрэдныя. Я жыла сваёй працай».

«Здзіўляюцца, што такую маладую пенсіянерку звольнілі, а на працу не бяруць»

Валянціна разам з валанцёрамі «ByCovid19» на Бабруйскай станцыі хуткай медычнай дапамогі.
Фота: асабісты архіў Валянціны Алфёравай

Спачатку Валянціна звярнулася ў лякарні Бабруйску. Пайшла ў радзільны дом, дзе былі вакансіі.

«Мяне вельмі добра прынялі ў аддзеле кадраў, здзіўляліся, што такую маладую пенсіянерку звольнілі, бо і нашмат старэйшыя працуюць, а персаналу не хапае. Сказалі, што бяруць мяне, – распавядае бабруйка. – А потым патэлефанавалі і сказалі, што, на жаль, для мяне працы няма, бо ўжо ўзялі маладога спецыяліста».

Звярталася Валянціна і на сваю станцыю хуткай дапамогі – калегі распавялі ёй, што сярэдняга медперсаналу там не хапае, патрэбныя фельчары.

«Я патэлефанавала ў аддзел кадраў і запыталася, ці патрэбныя фельчары. Мне сказалі – так, патрэбныя, прыходзьце да галоўнага лекара, – кажа Валянціна. – Я пайшла, а галоўная лекарка мне сказала, што фельчараў у іх хапае, і я ім не патрэбная».

«З кляймом на лобе за тое, што не маўчалі»

Жанчына паехала шукаць працу ў маленькі гарадок Кіраўск за 25 кіламетраў ад Бабруйску. Там былі патрэбныя фельчары ў аддзяленні хуткай дапамогі пры шпіталі.

«Па тэлефоне мне сказалі, што возьмуць мяне, папрасілі прыехаць у пятніцу, у мяне не атрымлівалася з асабістых прычынаў, тады дамовіліся на панядзелак, – распавядае Валянціна. – У мяне ўсё ж атрымалася прыехаць у пятніцу, і я даведалася, што для мяне вакансіі ўжо няма – нібыта некага ўнутры лякарні перавялі».

Цяпер фельчарка накіравала запыт у прыватную клініку і чакае адтуль адказу. Дзе яшчэ шукаць працу, Валянціна не ведае. Жанчына ўпэўнена, што паўсюль будзе атрымліваць адмову, бо яе судзілі і аштрафавалі паводле былога арт.23.34 КаАП РБ (цяпер – 24.23) – за ўдзел у мітынгу.

«Гэта вельмі крыўдна. Я столькі гадоў аддала гэтай прафесіі, гэтай дзяржаве, а цяпер мяне гоняць і кажуць – ёсць 500 рублёў пенсіі, і за гэта дзякуй скажы, адпачывай, – скардзіцца Валянціна. – Нікога не хвалюе, што я хачу і здольная далей працаваць. Для іх важныя не ўменні, а лаяльнасць. А мы, такія як я, з 23.34, цяпер нібыта з кляймом на лобе за тое, што летась вырашылі не маўчаць, а выйшлі выказаць сваё меркаванне».

У Бабруйску жахлівая сітуацыя з ковідам, людзі гадзінамі чакаюць хуткую

Валянціна Алфёрава на выкліку.
Фота: асабісты архіў Валянціны Алфёравай

Валянціна кажа, што ёй не зразумелае такое грэбаванне людзьмі ў той час, як па ўсёй Беларусі моцна не хапае медычнага персаналу, а цяперашняя хваля ковіду цяжэйшая за папярэднія.

«У Бабруйску цяпер жахлівая сітуацыя з каронавірусам, – кажа наша суразмоўца. – Мае суседзі тры гадзіны чакалі хуткую. Вельмі шмат выклікаў. І пры гэтым ім не патрэбныя людзі».

Пры звальненні галоўная лекарка Бабруйскай станцыі хуткай дапамогі напісала Валянціне Алфёравай выдатную характарыстыку. Аднак і гэта пакуль не дапамагло фельчарцы знайсці працу.

«За час працы праявіла сябе высокакваліфікаваным спецыялістам. Ініцыятыўная, мае творчы падыход да справы, – гаворыцца ў характарыстыцы. – Здольная хутка аналізаваць сітуацыю і прымаць правільныя рашэнні. Своечасова вызначае сімптомы і сіндромы, якія патрабуюць надання неадкладнай дапамогі, дасканала валодае спосабамі і прыёмамі аказання яе пацыентам на дашпітальным этапе. <…> З’яўляецца прыкладам для пераймання і настаўнікам для моладзі. Мае шырокі кругагляд. Прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ўстановы. Карыстаецца заслужаным аўтарытэтам калегаў па працы і кіраўніцтва ўстановы».

Характарыстыка на Валянціну Алфёраву.
Фота: асабісты архіў Валянціны Алфёравай

Затрымалі, прыніжалі падчас допыту, асудзілі, звольнілі

Валянціну Алфёраву затрымалі пасля аднаго з вераснёўскіх нядзельных шэсцяў у Бабруйску ў 2020 годзе. Фельчарка распавядала, што ў УУС, куды яе завезлі для складання пратаколу, давялося перанесці прыніжэнні, якіх яна ніколі раней не перажывала – 58-гадовую жанчыну прымушалі распранацца падчас дагляду. Хацелі адправіць у ізалятар да суда, але Валянціне зрабілася кепска, падняўся ціск, яе адвезлі ў шпіталь. Фельчарка месяц правяла на бальнічным.

Валянціна Алфёрава каля суда ў Бабруйску.
Фота: Бабруйскі кур’ер

У кастрычніку ў судзе Бабруйскага раёну і г. Бабруйску Таццяна Тарабуева пакарала Валянціну штрафам 675 рублёў.

У сакавіку бягучага года Алфёрава атрымала апавяшчэнне аб непрацягненні кантракту. Кіраўніцтва запэўнівала фельчарку, што непрацягненне кантракту не звязанае з палітыкай, проста Валянціна дасягнула пенсійнага ўзросту 58 гадоў.

«Але ж я не адзіная пенсіянерка на станцыі хуткай дапамогі, ёсць супрацоўнікі і на 11 гадоў старэйшыя за мяне, і яны працуюць, – казала нам раней фельчарка. – Я запыталася пра гэта ў галоўнай лекаркі, яна сказала, што паступова будуць пазбаўляцца ад усіх пенсіянераў. Відаць, пачалі з маладзейшых».

У Беларусі не хапае больш за 10 тысяч медыкаў

Валянціна не сумняецца, што ейны ўзрост – ні пры чым. Калегі, больш блізкія да начальства, распавялі жанчыне, што ўся справа ў ейнай актыўнасці і артыкуле 23.34.

Валянціна спрабавала пазмагацца за працоўнае месца. Пісала заяву на імя галоўнай лекаркі з просьбай працягнуць кантракт у сувязі з добрай характарыстыкай, аўтарытэтам сярод калегаў. Хадзіла ў прафсаюз, пыталася, чаму яны не заступаюцца. Нічога не дапамагло – паўсюль, апусціўшы вочы долу, казалі: у вас ужо пенсійны ўзрост. На пенсію фельчарку правялі граматай і 116 рублямі прэміі.

Hавiны
У Беларусі не хапае больш як 10 тыс. медыкаў. Але ўлады ў гэтым праблемы не бачаць
2021.06.22 15:56

У медычных установах Беларусі, у той жа час, не хапае больш за 10 тысяч медыкаў. На 21 чэрвеня ў Рэспубліканскім банку вакансіяў шукалі 3071 доктара-спецыяліста, 3038 медычных сёстраў, 1040 фельчараў, 1222 санітары, 1079 ветэрынарных дактароў, 451 памочніка доктара, 373 фармацэўты, 165 акушэраў і 114 медычных рэгістратараў, статыстыкаў і дэзынфектараў.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў