Да шасці гадоў турмы за каментар. Размова з жонкаю жыхара Наваградку, затрыманага за «спрыянне экстрэмізму»


38-гадовага Руслана Кузьміча затрымалі 6 кастрычніка ва ўласным доме ў Наваградку. Паводле следства, за каментар у тэлеграм-канале з падтрыманнем экстрэмісцкай дзейнасці і ўжывання зброі. Супраць мужчыны пачалі крымінальную справу паводле новага артыкулу, які дадалі ў Крымінальны кодэкс сёлета: 361-4 «Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці». «Белсат» паразмаўляў з Настассяю, жонкаю Руслана.

Руслан Кузьміч. Фота з сямейнага архіва

«Як за каментар можна такое зрабіць з чалавекам?»

Настасся Кузьміч 6 кастрычніка, у дзень затрымання мужа, была на працы. Пра арышт сужэнца ёй ніхто не паведаміў. Калі жанчына ўвечары прыйшла дамоў, убачыла, што ў кватэры ўсё перавернута, няма тэхнікі, Руслана ўдома таксама не было. Пазней стала зразумела, што быў ператрус.

У той жа вечар Настассі патэлефанаваў следчы і распавёў, што ейнага мужа затрымалі. Потым з жанчынаю звязаўся адвакат Руслана.

Жыхару Наваградку выставілі абвінавачанне ў спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці за каментар пад відэаролікам у тэлеграм-канале, дзе дэманстравалася, як карыстацца стрэльбаю. Нібыта 3 кастрычніка Кузьміч напісаў: «Час і нам даставаць зброю». Завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 361-4 КК РБ «Вербаванне, іншае ўцягванне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне, а таксама іншае спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці».

Спачатку Руслана трымалі ў ІЧУ ў Карэлічах, потым перавялі ў СІЗА ў Баранавічы, дзе ён цяпер і застаецца. Паводле Настассі, хутка мужа мусяць перавесці ў СІЗА ў Горадню. Руслан адмовіўся даваць паказанні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

– Я ў шоку і не ведаю, што рабіць. Як за пару словаў нейкага каментара можна такое зрабіць з чалавекам? – пытаецца жанчына.

«Руслан – прыстойны чалавек, ягоны партрэт вісеў на дошцы гонару»

Настасся і Руслан Кузьмічы разам ужо 10 гадоў, дзяцей у сям’і няма. Жанчына распавядае, што ў мужа няма нікога з бацькоў, тыя рана памерлі.

Руслан да затрымання працаваў у Наваградку электрыкам у прыватнай фірме.

– Ён вельмі добры, прыстойны чалавек, – кажа Настасся пра мужа. – На працы яго ўсе хваляць, паважаюць. Ягоны фотаздымак вісеў на дошцы гонару.

Настасся апошнім часам шмат думала пра тое, каб з’ехаць з Беларусі. Казала пра гэта мужу нават за тыдзень да затрымання. Але Руслан цвёрда стаяў на тым, каб заставацца на радзіме.

– Не тое каб у мяне было прадчуванне нейкае, але хацелася з’ехаць адсюль, гледзячы на тое, што адбываецца, – кажа Настасся. – Дый працу нармальную знайсці нарэшце. Але Руслан упарта хацеў быць удома, на радзіме.

Да шасці гадоў турмы за каментар

Настасся падкрэслівае: іхная сям’я – самая звычайная, яны ніколі не былі палітычнымі ці грамадскімі актывістамі.

Аднак Руслана Кузьміча двойчы затрымлівалі ў 2020 годзе за ўдзел у мітынгах. Першым разам аштрафавалі, другім разам далі 14 содняў, якія мужчына правёў у ІЧУ ў Карэлічах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: МХ / Белсат

Руслану цяпер пагражае да шасці гадоў зняволення. Пра хаду следства ў жонкі дакладнай інфармацыі няма. Яе таксама паабяцалі выклікаць на допыт.

– Я пачынаю цяпер прыходзіць у сябе і разумею, што трэба трымацца і рабіць, што можаш, – адзначае Настасся.

Артыкул 361-4 КК «Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» новы, яго ўлучылі ў кодэкс у траўні сёлета. Мінімальная санкцыя – абмежаванне волі, максімальная – пазбаўленне волі на сем гадоў. Руслана Кузьміча вінавацяць паводле першай часткі, яму пагражае абмежаванне волі на тэрмін да чатырох гадоў ці ад двух да шасці гадоў турмы.

Руслан Кузьміч не прызнаны палітычным вязнем.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў