Вынікі пошуку для:

Адміністрацыя «хіміі» не дае палітвязню Дзмітрыю Абрамуку магчымасці працаўладкавацца

Асуджаны паводле берасцейскай «карагоднай справы» палітвязень Дзмітрый Абрамук, які адбывае пакаранне «хіміяй», цяпер без працы. Сябры палітычнага вязня распавялі «Белсату», што адміністрацыя «хіміі» робіць усё магчымае, каб Дзмітрыя не бралі на працу, адпаведна, вязень застаецца практычна без сродкаў да існавання.

Палітычны вязень Дзмітрый Абрамук. Фота для рэдакцыі

Берасцейца Дзмітрыя Абрамука 15 сакавіка сёлета ў судзе Ленінскага раёну Берасця Дзмітрый Шурын прызначыў 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). Палітычнага вязня суддзя прызнаў вінаватым паводле арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»). 17 чэрвеня ў Маскоўскім судзе Берасця суддзя Брэган прызнаў мужчыну вінаватым паводле яшчэ адной крымінальнай справы. Дзмітрыя абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 368 КК («Абраза прэзідэнта»). Агулам з улікам складання прысудаў Абрамуку прызначылі тры гады «хіміі».

Берасцейскую «карагодную справу» распачалі па падзеях 13 верасня 2020 года. У той дзень пратэстоўцы выйшлі на праезную частку, іх разагнаў вадамёт. Некалькі дзясяткаў асобаў ужо асудзілі, вінавацяць людзей паводле арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»).

Дзмітрыя даставілі ў Папраўчую ўстанову адкрытага тыпу № 9 па Віцебскай вобласці (ПУАТ № 9) 19 траўня. Тут нядаўна зрабілі даволі добры рамонт. Ігар Банцэр, як адбываў пакаранне ў гэтай установе, раней распавядаў, што «хімія» месціцца ў прамысловай зоне каля дарогі з Віцебску ў Санкт-Пецярбург. Вязні цяпер жывуць у драўляным бараку, але некалькі гадоў таму яго адрамантавалі і ўцяплілі. Таму ўмовы тут даволі добрыя, пацвярджаюць гэта ў размове з «Белсатам» і сябры Дзмітрыя Абрамука. Ва ўстанове адбываюць пакаранне 15 палітвязняў.

«Сярод вязняў на «хіміі» таксама ёсць хворыя на ковід. Але інфікаваных ізалююць ад калектыву і змяшчаюць на другім паверсе ўстановы. Сярод 128 асуджаных у ізаляцыі – 6 асобаў. Але ім ставяць дыягназ ВРВІ, больш нічога», – кажуць сябры Дзмітрыя.

Палітычны вязень Дзмітрый Абрамук. Фота: spring96

Дзмітрый некаторы час адбываў пакаранне разам з Ігарам Банцэрам і распавядаў, што амаль палова працаўнікоў раздзяляюць памкненні палітычных вязняў і таксама чакаюць зменаў, але іншыя – шчырыя прыхільнікі існага рэжыму, кажуць «Белсату» знаёмыя асуджанага.

Паводле сябраў вязня, менавіта ідэйныя прыхільнікі існага рэжыму і ціснуць на палітзняволеных:

«Якраз сярод наглядальнікаў, прыхільнікаў рэжыму, ёсць такія, хто моцна прыдзіраецца да палітвязняў. Напрыклад, Дзмітрый распавядаў, што ў дачыненні аліментніка, які павінен вялізныя грошы дзяржаве, стаўленне спакойнае ў наглядальнікаў, а вось калі ў чалавека ёсць свая пазіцыя, то яны даюць такім асобам дадатковую працу, чапляюцца пры нагодзе, шукаюць нейкія парушэнні ўвесь час. Нават за дробязі робяць заўвагі, у той час, як на такія ж парушэнні ў іншых вязняў не звяртаюць увагі. Калі палітвязняў выводзяць у краму ці горад, то суправаджаюць іх з адміністрацыі даволі шмат працаўнікоў, не адзін ці два, а нават утрох. Нібыта яны сапраўды экстрэмісты і злачынцы».

«Карагоднай справе» споўніўся год. Стала вядома пра суд над восьмай групай

Ігар Банцэр у інтэрв’ю «Белсату» згадваў Дзмітрыя Абрамука. Палітвязень казаў, што атмасфера ў ПУАТ № 9 быў вельмі кепскі, бо адміністрацыя зрабіла ўсё, каб прынізіць палітычных. Праз сваіх сакрэтных працаўнікоў яна распаўсюджвала чуткі, што палітычныя – каста гэтак званых апушчаных (самы нізкі ўзровень у турэмнай іерархіі, недатыкальны). Але потым з’явіўся Дзмітрый Абрамук, які не хаваў сваіх поглядаў і адстойваў сваю думку.

«Палітвязняў пачалі паважаць у зняволенні. Але тым не менш Дзмітрыю не даюць працы. Асуджаным трэба самастойна дамовіцца аб працы. Дзмітрый дамаўляўся, яго нібыта ўжо нават і ўладкоўвалі. Але на момант, калі прыходзіў час выходзіць працаваць, звычайна тэлефанавалі і казалі, што не хочуць яго браць. На пытанне чаму, гучаў адказ, што, маўляў, прыходзілі міліцыянты і распавядалі, што вязні ламаюць рэжым у зняволенні, і калі яны выйдуць на працу, то і там усё зломяць, будуць ладзіць дэструктыўную дзейнасць, схіляць на свой бок», – кажуць знаёмыя Дзмітрыя.

Ігар Банцэр: «Перавядуць у калонію. Суд – толькі фармальнасць». Інтэрв’ю

Не зважаючы на ціск і немагчымасць працаваць, палітычны вязень не намерваецца мяняць сваіх поглядаў, кажуць знаёмыя Дзмітра Абрамука. Вядома, што мужчыну прыходзілі лісты ад Юрыя Васкрасенскага, як і іншым вязням, але ён адмовіўся падпісаць пакаянне ды прашэнне пра памілаванне. Пасля гэтага адміністрацыя павялічыла ціск супраць вязня.

«Вядома, што некаторыя палітзняволеныя падпісваюць гэтыя лісты. Адміністрацыя потым вырашае, ці вызваліць гэтых людзей. Многія сапраўды вельмі моцна хочуць выйсці на волю, вярнуцца ў сям’ю. І гэта цалкам зразумела. Але не кожны зможа змяніць сваю пазіцыю», – кажуць сябры Дзмітрыя.

Дзмітрый Абрамук перакананы, што асуджэнні і крымінальны пераслед не дасць вынікаў для ўладаў. Людзей імкнуцца запалохаць, але гэта не прынясе вынікаў. Цяпер у грамадстве няма страху, рэжым сам сябе з’есць. Нават міліцыянты кажуць, што жадаюць, каб гэтая лухта завяршылася як мага хутчэй, і не вераць у тое, што паказваюць у тэлебачанні, перадаюць словы вязня ягоныя сябры.

У сувязі з тым, што палітвязень застаецца без працы, Дзмітрыю патрэбная фінансавая дапамога. Падтрымаць вязня можна зборам сродкаў праз «BySol» або «DigitalSolidarity». Існуе магчымасць пералічыць сродкі на банкаўскую карту. Рэквізіты карты:

«Priorbank»

Нумар: 5489529602665553, тэрмін дзеяння: 01/24

Падтрымаць вязня можна і пасылкай або лістом на адрас:

Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу № 9, вул. 3-я Чэпінская, 39, 210034, г. Віцебск, Дзмітрыю Абрамуку.

Віктар Клімус: Берасцейскі карагод быў пікавым момантам, кульмінацыяй, тады людзі яшчэ былі гатовыя павышаць стаўкі

СК belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны